Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Івашкевіч: Калі б донарская печань зьявілася хутка, у Віктара быў шанец – 30%


Антон Івашкевіч

Антон Івашкевіч

У Віктара Івашкевіча быў складаны выпадак, і нават калі б зьявіўся донарскі орган, лекары прагназавалі, што шанец выжыць — працэнтаў трыццаць.

За пяць з паловай гадоў у Беларусі выканана каля 200 апэрацыяў па перасадцы печані. Зараз у лісьце чаканьня на перасадку — каля 80 чалавек. А ўсяго ў апэрацыях па трансплянтацыі органаў у Беларусі маюць патрэбу каля 800 пацыентаў. Апэрацыі па трансплянтацыі органаў грамадзянам Беларусі робяць бясплатна. Асноўная праблема — такая ж, як ва ўсім сьвеце: самі донарскія органы.

3 кастрычніка ў рэанімацыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру трансплянталёгіі органаў і тканак памёр грамадзкі актывіст Віктар Івашкевіч. Ён стаяў у чарзе на трансплянтацыю печані. Цяжкая хвароба падступіла даўно, гадоў 5 таму, а абвастрэньне пайшло ў апошнія пару месяцаў, распавёў бацька Віктара Івашкевіча Антон Іванавіч:

«Ён здаваў кроў, каб выратаваць нейкага сябра, які ў аварыю трапіў, і выявіўся гепатыт С. А потым гепатыт С перайшоў у цыроз. І яшчэ тады, калі гепатыт перайшоў у цыроз, яму далі накіраваньне на трансплянтацыю, але ён адмовіўся. Гэта даўно было, гадоў 5 таму, а можа і болей. А ў ліпені гэтага году яму дрэнна стала, і яго паклалі ў Цэнтар трансплянталёгіі. У ліст чаканьня яго паставілі на пачатку верасьня».

У РНПЦ трансплянтацыі органаў і тканак у год праводзяць 40–50 перасадак печані. Аднак толькі ад цырозу печані ў Беларусі штогод памірае каля дзьвюх з паловай тысяч чалавек. Тэрміновай перасадкі чакаюць каля 80 чалавек. І тут ужо лятарэя: пашанцуе ці не, зьявіцца орган, які б падышоў, ці не пасьпее…

Мянчанцы Зоі Анікейчык у свой час пашчасьціла. У сьнежні 2010 году яе паставілі ў ліст чаканьня, і праз 2 месяцы зьявіўся адпаведны орган. Жанчына ўжо была ў рэанімацыі, але яе пасьпелі ўратаваць. Вось што распавяла сама Зоя Анікейчык:

«Я трапіла на апэрацыю ўжо з рэанімацыйнага аддзяленьня. Да мяне прыбегла кансультант і паведаміла навіну, што ёсьць донар і празь дзьве гадзіны мне будуць рабіць апэрацыю. У 23 гадзіны 22 лютага мне пачалі рабіць апэрацыю і скончылі каля 10-й раніцы 23 лютага. Калі б я ня ведала, што мне зрабілі перасадку пячонкі, то я б лічыла сябе абсалютна здаровым чалавекам».

І хоць працэнт ускладненьняў пры трансплянтацыі органаў значна вышэйшы, чым пасьля іншых апэрацыяў, беларускія мэдыкі дасягнулі добрых вынікаў. За мінулы год з 274 трансплянтацыяў нырак летальных вынікаў было ўсяго 7. Што да трансплянтацыі печані, то з 180 праапэраваных з 2008 году 9 чалавек памерлі адразу, 19 — цягам наступных 5 гадоў. У сярэднім летальнасьць у трансплянталёгіі складае 5%.

У Віктара Івашкевіча быў складаны выпадак, і нават калі б зьявіўся донарскі орган, лекары прагназавалі, што шанец выжыць — працэнтаў трыццаць, кажа ягоны бацька Антон Іванавіч:

«Тыдзень таму хуткая дапамога завезла яго ў цэнтар трансплянтацыі. Калі ён трапіў туды, паклікалі сваякоў і паведамілі, што калі донарская печань зьявіцца хутка, то на 30% ёсьць верагоднасьць, што гэта яго ўратуе. Але яна не зьявілася. Потым адмовілі ўсе органы, яго перавялі на штучную вэнтыляцыю лёгкіх, падключылі да штучнай печані, але арганізм не прыняў яе. Дні тры таму назад адмовілі ныркі. А ўчора спынілася сэрца, хоць у яго здаровае сэрца было. Вось і ўсё…»

Паводле дзейнага беларускага заканадаўства ў Беларусі, як і ў 24 эўрапейскіх краінах, памерлы чалавек аўтаматычна становіцца донарам, калі ён пісьмова ня выказаў сваёй адмовы пры жыцьці. Таму патэнцыйныя донары — усе амаль 9,5 мільёнаў жыхароў краіны. Калі сваякоў чалавека, які памёр ці загінуў, на месцы здарэньня не акажацца, то пра трансплянтацыю органаў ім могуць не паведамляць.

У сьпісе адмоўнікаў Адзінага рэгістру трансплянтацыі — такі рэгістар быў створаны ў Беларусі летась — налічваецца ўсяго 46 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG