Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пул прэзыдэнтаў-пэнсіянэраў


Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў
Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас свайго візыту ў Казахстан 3–4 кастрычніка заклікаў буйны капітал гэтай краіны ўкладаць грошы ў беларускую эканоміку.

Гэта ня першая прапанова бізнэсоўцам Казахстану прыйсьці на беларускую прастору. Аднак пакуль прыватны казахстанскі бізнэс не сьпяшаецца асвойваць Беларусь.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з Нурсултанам Назарбаевым у Астане заявіў:

«Мы зацікаўленыя ў прысутнасьці буйнога казахстанскага капіталу ў Беларусі. На дзяржаўным роўні мы гатовыя падтрымаць прапановы аб супрацоўніцтве ў самых розных галінах».

Такія словы з вуснаў кіраўніка Беларусі гучалі і тры, і пяць, і болей гадоў таму, адзначае незалежны эканаміст Леў Марголін. Ён лічыць, што на перашкодзе стаяць дзьве прычыны:

Леў Марголін
Леў Марголін
«Першая — што Беларусь знаходзіцца даволі далёка ад Казахстану. І яна не зьяўляецца стратэгічным кірункам для казахстанскага капіталу. Для казахаў нашмат большае значэньне маюць, я думаю, Расея і Кітай.

А па-другое, адыгрывае сваю ролю тая нэгатыўная інвэстыцыйная рэпутацыя, якая ёсьць у Беларусі. Да нас жа не ідзе нават расейскі капітал, калі гэта толькі не санкцыянавана на самым высокім версе. Дык чаму ж тады сюды павінен імкнуцца казахстанскі капітал, якому беларускі рынак знаёмы нашмат горш, чым расейскаму?»

Пра гэта ж кажа і дырэктар казахстанскага Інстытуту інавацыйнай эканомікі Магбат Спанаў, хоць і ў больш асьцярожных выразах:

«Вядома, гэта досыць вялікая аддаленасьць нашай краіны ад Беларусі. У нас няма чыста тэрытарыяльнай агульнай мяжы. І гэта адбівалася. Казахстанскі бізнэс пачаў вельмі моцна асвойваць тэрыторыю вакол Казахстану — Кіргізстан, частку Ўзбэкістану. У Расею актыўна пайшлі. А вось Беларусь, мабыць, з-за вялікай адлегласьці асвойваецца менш.

І другое —
склалася ўражаньне, што ў Беларусі недастаткова разьвітыя рынкавыя інстытуты
. У вас дзяржава вельмі моцна падтрымлівае ўласных вытворцаў. І таму нашы прадпрымальнікі не адчуваюць сябе абароненымі, яны ня маюць роўных умоваў. І чыста псыхалягічна гэта, мабыць, вельмі моцна ўплывае».

Сёньня Аляксандар Лукашэнка зноў уздымаў пытаньне аб перапрацоўцы часткі казахстанскай нафты на беларускіх заводах. «Гэта чымсьці падобна да вэнэсуэльскага варыянту», — адзначае Леў Марголін:

«Расея абмяжоўвае пастаўкі нафты па сваёй тэрыторыі праз трубаправоды. Праз чыгунку транспартаваць магчымасьцяў даволі шмат. Але гэта эканамічна нявыгадна. Калі праз чыгунку павезьці нафту з Казахстану ў Беларусь, то гэта будзе залатая нафта. Калі праз трубаправод, то тут не абмінеш ніяк Расею. І ўзьнікаюць тыя ж самыя праблемы».

«Лукашэнка вымушаны ехаць у Казахстан», — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Ну ня можа ён ехаць у Францыю. Ну ня можа Аляксандар Рыгоравіч паехаць у Мюнхэн, хоць бы для таго, каб папіць піва. Ня можа! Куды застаецца ехаць? У Казахстан.

Лукашэнка, як эўрапеец, паехаў да азіята. А хутка ў іх жа ва ўсіх агульнае пачынаецца. Са жніўня наступнага году Аляксандар Рыгоравіч будзе гэткім самым пэнсіянэрам, як Назарбаеў і Пуцін. У іх ствараецца пул прэзыдэнтаў-пэнсіянэраў. І таксама хацелася б абмеркаваць, што рабіць далей, каму і як перадаваць уладу. Вось гэтае пытаньне — самае сур’ёзнае. Значна больш сур’ёзнае, чым прамысловыя прадпрыемствы альбо нафта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG