Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італія працягвае пошук мігрантаў каля Лямпэдузы


Італьянскія ратавальнікі сёньня аднавілі пошукі нелегальных афрыканскіх мігрантаў з патанулага каля выспы Лямпэдуза судна.

Да цяперашняга часу знайшлі целы 113 мігрантаў, прыблізна 200 лічыцца загінулымі бязь вестак.

Катастрофа здарылася ўчора, каля невялікай выспы Лямпэдуза, якая знаходзіцца паміж Сыцыліяй і кантынэнтальнай Італіяй.

Паводле бюро Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, шмат хто з пасажыраў затанулага судна — выхадцы з Эрытрэі і Самалі.

Ва ўсіх школах Італіі сёньня аб’яўлена хвіліна маўчаньня ў памяць аб трагедыі судна, якое плыло да Сыцыліі зь лівійскага порту Місрата.

Паводле італьянскіх уладаў, перад тым, як пайсьці на дно, судна загарэлася. «Як толькі пажар пачаўся, усе пасажыры перабраліся на адзін бок лодкі, і гэтай страты раўнавагі яна не змагла вытрымаць» — сказаў журналістам міністар унутраных справаў Італіі Анджэліна Альфана.

Як паведамляюць італьянскія СМІ, адна жанчына з Эрытрэі , якую спачатку паклалі сярод целаў загінулых, аказалася жывой.

Ратавальнікі сумняваюцца ў тым, што знойдуць яшчэ каго-небудзь ацалелага з катастрофы. Тыя, якія выжылі, паведамлялі, што на борце затанулага судна знаходзіліся 500 чалавек.

У гэтым годзе да паўднёвых берагоў Італіі дабраліся тысячы нелегальных мігрантаў. Раньняй восеньню мора ў гэтым раёне звычайна бывае спакойным, і судны з Паўночнай Афрыкі ды Блізкага Ўсходу прыбываюць да берагоў Італіі ледзь ня штодня. Але, паводле Бі-Бі-Сі, многія з гэтых суднаў не прыстасаваны да доўгага плаваньня, з-за чаго ў апошнія гады загінула шмат мігрантаў.

Паводле інфармацыі ААН, амаль 500 чалавек патанулі летась, спрабуючы дасягнуць эўрапейскіх берагоў.

Асноўную масу мігрантаў у апошнія месяцы сталі складаць ня выхадцы з краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары, а ўцекачы, якія ратуюцца ад канфліктаў у Сырыі і Самалі.
XS
SM
MD
LG