Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі чалавек ня мае асаблівых талентаў — ён ідзе ў кантралёры.

Або ў герастраты.

Або ў Тэапомпы.

Добрага Геру, які хацеў як лепш, а атрымалася як заўжды, з кожным стагодзьдзем робіцца ўсё больш шкада. Вось і сусьветная літаратура, гэты бясплатны адвакат нягоднікаў і прайдзісьветаў, з усяе моцы спрабуе знайсьці яму апраўданьне. Маўляў, такой бяды з тым храмам: прагнуў чалавек трошкі ўорхалавай славы і ў выніку прычыніў нам усім маральныя страты: але ж страхоўка экзыстэнцыі ўсё верне, на тое мы і людзі.

Злосныя старажытныя грэкі катавалі Геру некалькі дзён, каб ён прызнаўся, навошта спаліў злашчасны храм Артэміды Эфэскай. Адказ іх агаломшыў — і яны пастанавілі выкрасьліць таго Геру з усіх лонг- і шорт-лістоў ды заадно забаранілі згадваць ягонае імя. А вось гісторыка Тэапомпа неабачлівыя грэкі закатаваць не падумалі, яго зацягнула ў свае гестапаўскія засьценкі муза гісторыі Кліё — і ён здаўся. Выдаў імя Геры нашчадкам — цяпер кожны ведае, як паліць храмы і што з гэтага будзе.

Што-што... Несьмяротнасьць.

Пры слове «герастрат» перш-наперш прыходзяць у галаву зусім не нацысты. Іх наагул называць герастратамі некарэктна, хаця такі падыход і досыць папулярны. Наўрад ці ў іхным выпадку ўсё гэта рабілася дзеля славы — ды і экзыстэнцыя тут ні пры чым (калі гэтае слова нешта яшчэ здольнае нешта значыць). Не, герастрат — гэта іншае. Тонкае, беднае і бяздарнае.

Успамінаюцца іншыя чалавечкі. Прыкладам, расеец Брэнэр, які, кажуць, намаляваў на арыгінальнай карціне Малевіча знак даляра і назваў гэта на судзе сваім «дыялёгам з мастаком». Прыгадваецца кніжка Брэнэра, дзе ён апісвае прыступы гемарою, якія адбываліся зь ім у заходняй турме непасрэдна пасьля «дыялёгу». І агульны патас: вось жа, мучаць мастака, як нейкія грэкі, а яшчэ Эўропай называюцца!.. Так, напэўна, думаў і Герастрат, так і крычаў на плошчы: я ня барбар, я акцыяніст! Вы нічога не разумееце ў сучасным мастацтве! Рукі прэч! Арс лонга віта брэвіс!

А яшчэ на памяць прыходзіць афарызм, які прыпісваюць Карлу Краўсу: «Перад тым, як абвясьціць прысуд Герастрату, хацеў бы я паглядзець на той храм». Можа, небарака ўсяго толькі наважыўся зьдзейсьніць тое, пра што шэптам марылі на кожнай эфэскай кухні?
XS
SM
MD
LG