Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У міліцыю бяруць на службу без належнай праверкі»


ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

Чатыры супрацоўнікі менскага АМАПу абвінавачаныя ў крадзяжы грошай у затрыманых імі грамадзянаў. Як паводзіць сябе зь міліцыянтамі ў выпадку затрыманьня на вуліцы і ці варта скардзіцца, калі пасьля гэтага зьніклі грошы?

Праверку скаргаў на амапаўцаў пачалі яшчэ ў траўні, і вось стала вядома, што заведзеная справа паводле 2 часткі 206-га артыкула. Гэта крадзеж бяз гвалту, учынены паўторна. Верагодней за ўсё, былыя амапаўцы — а іх за час праверкі з АМАПу звольнілі — абчышчалі кішэні ў затрыманых, якія былі нападпітку. Дарэчы, адзін з падазроных за час праверкі ўцёк і абвешчаны цяпер у вышук, тры іншых — даюць паказаньні. Паводле аднаго эпізоду яны скралі 3,8 мільёна рублёў, паводле другога — 1,5 мільёна. Калі суд прызнае былых міліцыянтаў вінаватымі, то можа пакараць 8 гадамі зьняволеньня.

Распаўсюджанае меркаваньне, што крадзеж грошай у міліцэйскім пастарунку ці падчас праверкі на вуліцы — зьява не такая і рэдкая. Мянчук Мікалай зьведаў гэта на сабе. Аднойчы зімовым вечарам нарад дзяжурных міліцыянтаў затрымаў хлопца, які быў нападпітку, і даставіў для праверкі ў міліцэйскі пункт аховы парадку. Калі пад раніцу Мікалая выпускалі зь міліцыі, у кішэнях ён недалічыўся 800 даляраў. Крыху паабураўся, але палічыў за лепшае пайсьці дамоў, чым застацца ў «малпятніку» . Чаму і на заўтра не падаў заяву аб крадзяжы?

«Таму што 99,9% гэта бессэнсоўна. Яны ж там адзін аднаго прыкрываюць, і ніхто не пагодзіцца, што — так, у вас былі грошы, але я ня ведаю, куды яны падзеліся. Гэта бессэнсоўна, бо яны ж будуць праводзіць расьсьледаваньне ўнутры сваёй структуры, а яна цалкам закрытая».

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў згадвае: за час ягонай працы ў крымінальным вышуку ён асабіста як сьледчы адправіў за краты некалькіх нячыстых на руку калегаў. Што і такія трапляюць на праваахоўную службу, гэта, на думку Мікалая Казлова, невыпадкова:

Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

«Зараз набор у міліцыю ў пэўным сэнсе дзіўны. Людзей не хапае. Шмат хто ня хоча ісьці ў міліцыю ўвогуле, улічваючы яе цяперашні аўтарытэт. Плюс і заробак, і ўмовы працы, і адносіны падначалены — начальнік. Шмат што. І ў выніку ісьці туды ня хочуць і набіраюць штаты з тых, хто ёсьць. Нармальна не правяраюць. Хоць ёсьць пэўныя тэсты, але на іх мала зьвяртаюць увагі».

Аднак Мікалай Казлоў ня згодны з пазыцыяй, што ня варта бараніць свае правы, сутыкнуўшыся зь нядобрасумленнымі міліцыянтамі. Ахвярам рабунку з боку такіх «ахоўнікаў парадку» Мікалай Казлоў раіць дзейнічаць неадкладна:

«Абавязкова трэба дзейнічаць у той жа дзяжурнай частцы, дзе чалавек выявіў парушэньне адносна сябе. Пакідаць заяву ў кнігу скаргаў. Тады можна разьлічваць на нейкую праверку. Вядома, як пры любым кішэнным крадзяжы, даказаць, што ў цябе забралі грошы з кішэні, будзе цяжка. Ці, калі ёсьць пэўныя пагрозы, можна выйсьці зь міліцыі і адтуль адразу ісьці ў пракуратуру, да дзяжурнага. Туды пісаць заяву. Таксама ёсьць тэлефон даверу. Галоўнае, каб дзейнічаць адразу — гэта вельмі важна. Бо калі час мінуў, то нешта даказаць вельмі складана».

Праваабаронца Павал Сапелка раіць людзям, які трапілі ў міліцыю, уважліва сачыць за тым, як складаецца пратакол затрыманьня, ці пазначаныя ў ім усе рэчы і грошы, якія часова забіраюць у затрыманага. А калі чалавек ня ў стане гэта добра кантраляваць?

Павал Сапелка

Павал Сапелка

«У мяне дзьве ідэі на гэты конт. Першая — па магчымасьці не апынацца ў сытуацыі, калі ты ня можаш кантраляваць тое, што цябе пазбаўляюць тваіх сродкаў. А другая ідэя — калі гэта адбылося, даказаць сваю рацыю будзе вельмі складана, бо ў нас чамусьці супрацоўнікам міліцыі вераць значна больш, чым затрыманым».

Пры гэтым былы міліцыянт Мікалай Казлоў на падставе свайго досьведу кажа, што калі справа ўсё ж даходзіць да суду, вінаватых міліцыянтаў караюць часта больш жорстка, чым звычайных грамадзянаў.
XS
SM
MD
LG