Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёляг: Галоўная ўласьцівасьць беларускага грамадзтва — раскол


Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Паводле апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), колькасьць беларусаў, якія прыхільна ставяцца да ідэі стварэньня Эўразійскага зьвязу, і колькасьць тых, якія хацелі б далучэньня сваёй краіны да Эўразьвязу — прыблізна аднолькавая. Па-ранейшаму высокі працэнт тых, хто ня супраць інтэграцыі з Расеяй.

Сацыёлягі НІСЭПД падкрэсьліваюць, што геапалітычны выбар для бальшыні грамадзянаў Беларусі — шматузроўневы працэс, які вызначаецца фактарамі бягучай палітыкі. Прыкладам, на стварэньне ў 2015 годзе Эўразійскага зьвязу з удзелам Расеі, Беларусі і Казахстану, пра які шмат гаворыць афіцыйная прапаганда, больш за 37% апытаных рэспандэнтаў глядзяць станоўча, а 13% — адмоўна. У той жа час на ўяўным рэфэрэндуме за ўступленьне ў Эўразьвяз «за» прагаласавала б дакладна такая ж колькасьць — 37%, тады як 37,5% — «супраць». Чаму беларусы ня могуць вызначыцца ў сваіх прыярытэтах — камэнтуе сацыёляг Сяргей Нікалюк:

​«Уся справа ў тым — якія гэта беларусы. Галоўная ўласьцівасьць беларускага грамадзтва — гэта раскол. Беларускае грамадзтва дзеліцца на дзьве часткі. У адной частцы, якая складае бальшыню, у першую чаргу знаходзяцца так званыя „бюджэтаатрымальнікі“. Гэта пэнсіянэры, гэта работнікі бюджэтных арганізацый, людзі зь нізкім узроўнем адукацыі. Зразумела, што гэтыя людзі ня бачаць для сябе ніякіх пэрспэктываў у Эўропе. Іхняя геапалітычная арыентацыя дастаткова акрэсьленая — на Расею. Ну, а людзі з супрацьлеглымі характарыстыкамі — людзі маладыя, адукаваныя — галоўным чынам, канечне, глядзяць у Эўропу. Але
калі беларусаў паставіць ня перад двайным выбарам, кшталту — Эўропа ці Расея, а — Эўропа, Расея ці ўласны шлях разьвіцьця, то бальшыня будзе за ўласны шлях
. Што пад гэтым людзі разумеюць — гэта ўжо іншае пытаньне, бо кожны разумее сваё».

Згодна з сацыялягічнымі дасьледаваньнямі, калі б сёньня праходзіў плебісцыт пра аб’яднаньне Беларусі і Расеі, «за» прагаласавалі б больш за 27% рэспандэнтаў, «супраць» — амаль 47% (пры гэтым у чэрвені за саюз з Расеяй былі звыш 30% апытаных). Такім чынам, амаль траціна хоць сёньня гатовая вярнуцца да парадку, вызначанага Масквой. Адкуль такія моцныя прасавецкія настроі? Меркаваньне выказвае Сяргей Нікалюк:

«Разумееце, зноў жа — як зададзенае пытаньне? Бо стандартнае пытаньне, якое выносіцца, не прадугледжвае абавязковага ўваходжаньня ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Мы досыць даўно ўжо гэтым не цікавіліся, але калі пачыналі задаваць такое пытаньне — маўляў, што разумееце пад аб’яднаньнем з Расеяй (аб’яднаньне па тыпу Эўразьвязу ці яшчэ ў нейкім фармаце) — дык вось, ахвотных аб’ядноўвацца з Расеяй з адзіным урадам, з адзінай арміяй, згодна з апошнімі дадзенымі, было меней за 10%. Таму, што тычыцца гіпатэтычнага рэфэрэндуму за аб’яднаньне з Расеяй, то ў нас, па вялікім рахунку, і без таго ўжо існуе аб’яднаньне з Расеяй — так званая саюзная дзяржава. І вельмі многія зусім ня супраць гэтай саюзнай дзяржавы».

На думку амаль 38% рэспандэнтаў, цягам бліжэйшых гадоў Беларусь застанецца сувэрэннай дзяржавай, але яе залежнасьць ад Расеі ўзмоцніцца; 18% не выключае, што Беларусь увойдзе ў склад Расеі; 25% мяркуюць, што краіна застанецца сувэрэннай і яшчэ больш аддаліцца ад Масквы. Якая катэгорыя насельніцтва не дае беларускаму грамадзтву адарвацца ад расейскага ўплыву — сацыёляг Сяргей Нікалюк:

«Калі Аляксандар Рыгоравіч кажа, што беларусы не дарасьлі да заходняга тыпу дэмакратыі, ён шмат у чым мае рацыю. Але ёсьць адно маленькае „але“. Тыя працэсы, якія ідуць у беларускім грамадзтве дзеля таго, каб „дарастаць“ —
моладзь у асноўным глядзіць на Захад, а старыя — на Ўсход
працэсы самаразьвіцьця, працэсы самаарганізацыі — яны ўладай не падтрымліваюцца, а наадварот — душацца. Прычым душацца мэтанакіравана. Таму за 20 гадоў незалежнасьці ў нас у структуры электарату, у іншых базавых характарыстыках не адбылося прынцыповых зьменаў. З аднаго боку, нараджаюцца новыя людзі, маладзейшыя, яны асвойваюць сучасныя стылі жыцьця, але гэта збольшага наноснае. Што маецца на ўвазе? Як толькі гэты чалавек у сілу ня столькі даросьленьня, колькі старэньня страчвае свае канкурэнтныя якасьці на рынку, то яго погляды пачынаюць мяняцца. Таму мы сёньня бачым, што моладзь у асноўным глядзіць на Захад, а старыя — на Ўсход. Ну дык і 20 гадоў таму было тое ж самае. То бок сутнасьць у тым, што ёсьць нейкія старыя, пакаленьне якіх увесь час у Беларусі аднаўляецца з тымі ж поглядамі. І не ў апошнюю чаргу за кошт мэтанакіраваных высілкаў улады».

Разам з тым назіраецца плюсавая дынаміка ў ацэнцы беларуска-амэрыканскіх стасункаў. Так, ацэньваючы наступствы дыпляматычнага канфлікту паміж Менскам і Вашынгтонам 2008 году, значная частка апытаных лічыць, што абавязкова трэба аднавіць нармальныя адносіны з ЗША. Такіх набралася больш за 40%. У той жа час 25,5% лічаць падобныя высілкі не абавязковымі, а яшчэ 28% усё абыякава. Пры гэтым Злучаныя Штаты застаюцца адным з найбольш прывабных месцаў для пастаяннага пражываньня беларусаў, саступаючы першы радок толькі Нямеччыне. Паказальна, што Расея ў гэтым рэйтынгу ў абсалютных аўтсайдэрах — большая частка рэспандэнтаў лічыць, што ўзровень жыцьця ў Беларусі і ў Расеі аднолькавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG