Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Івашкевіч быў аптымістам. Больш аптымістычнага чалавека, чым ён, прыгадаць не магу - ва ўсялякім разе ў Народным Фронце, ля вытокаў якіх ён стаяў. Віктар быў чалавекам вясёлым, і я думаю, што ў гэтыя сумныя для ўсіх нас, хто яго ведаў, дні -- зь неба ён пасьмяецца гэтым успамінам.

З усіх сумесных спраў і сустрэчаў зь Віктарам мне найбольш запомніліся паездкі па Беларусі.

У пачатку 90-ых дэпутаты Апазыцыі БНФ вельмі часта на выходныя выяжджалі ў раёны; у 1994-95 гадох гэта рабілася кожныя суботу-нядзелю. Пазьняк езьдзіў кожны раз, а мы, дэпутаты, чаргаваліся. А арганізатарам гэтых паездак звычайна быў Віктар Івашкевіч. Мала хто ў Фронце наведаў гэтулькі гарадоў, мястэчак і вёсак, мала хто меў гэтулькі «палітычных вандровак» па Беларусі, як сакратар Управы БНФ Віктар Івашкевіч.

Мы выступалі і ў палацах культуры, і ў калгасных клюбах, а часам, калі мясцовыя начальнікі «раптоўна» гублялі ключы ад памяшканьняў – і проста на вуліцы.

Гэта была праца не пад тэлевізійныя камэры, бо выступаць на такіх сустрэчах было шматкроць цяжэй, чым весьці шматтысячны мітынг у сталіцы – на мітынг зьбіраюцца прыхільнікі, а у калгасных клюбах аўдыторыя вельмі часта складалася з нядобразычліўцаў, а то і асобаў агрэсіўна варожых. Але не было такой вёскі, каб у выніку трох-чатырох гадзіннай гутаркі некалькі чалавек зь вёскі не запісалася ў БНФ (у райцэнтры лік ішоў на дзесяткі).

Такіх сустрэчаў у дзень было дзьве-тры, і пад канец дня ты адчуваў сябе цалкам абясьсіленым. Хацелася толькі аднаго – спаць. А наперадзе яшчэ была вячэра з мясцовымі актывістамі, праігнараваць якую было немагчыма – людзі пакрыўдзяцца. І за сталом Віктар браў лейцы ў свае рукі. І праз некалькі хвілінаў сілы вярталіся – не ад выпітага, канешне, пілі, не бяз гэтага, але пілі няшмат – Зянон Станіслававіч не перашкаджаў, сам браў чарку, але болей – не ўхваляў.

«Болей» атрымлівалася ў апошні дзень палітычнай вандроўкі.

Пасьля апошняй сустрэчы, калі народ абступае і не адпускае Пазьняка, мы (нас чалавек 5-6) сядаем ў першае аўто (мікрааўтобус) і рвем ў бок Менску. Кілямэтраў за 50 ад сталіцы спыняемся, раскладаем столік, дастаем гарэлку, закуску. Праз паўгадзіны з'яўляецца «жыгуль» (спустошаная пляшка ляціць ў хмызьняк, а поўная – хаваецца), выходзіць Зянон Станіслававіч: «Хлопцы, што здарылася? Аўто сапсавалася?» -- «Не, Зянон Станіслававіч, -- адказвае Віктар, -- мы тут вывучаем сьпісы новых сябраў БНФ і абмяркоўваем спосабы актывізацыі новых суполак Фронту» - «А, ну правільна. Дык доўга не сядзіце – ужо дванаццатая гадзіна». «Жыгуль» з Пазьняком ад'яжджае ў бок Менску, пляшка ізноў выстаўляецца на стол.

Праўда, старшыня БНФ мог сказаць і інакш:

«Я думаў пагаварыць пра гэта ў панядзелак на Варвашэні, але, Віктар, маеш рацыю – ня варта адкладаць на потым. Адзінаццаць начы – гэта яшчэ ня ноч. Дзе там твае сьпісы?..»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG