Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў Беларусі зьменіцца рэжым або Пакаленьне Колі


Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Чалавек ходзіць як рак – задам наперад. Ён перасоўваецца ў заўтра, бачачы перад сабой толькі ўчора. Яму яўна бракуе трэцяга вока на патыліцы. Хаця... Ці не прапала б тады інтрыга жыць...

Пра заўтра мы можам хіба што варажыць, але можам скарыстацца і такой штукай, як гістарычная заканамернасьць. Бо што было, тое й будзе і няма нічога новага пад сонцам, як казаў адзін біблейскі цар.

Гаворка ідзе пра ўсплёскі актыўнасьці, якія здараюцца ў Беларусі, калі ўсё раптам рушыць зь месца і ляціць, апярэджваючы нашы жаданьні. Так было на мяжы 1980-х і 1990-х. Ці было пасьля? Можна дапусьціць, што на Плошчы 2006-га. Я й сёньня думаю, што там усё магло пайсьці па-іншаму, надта шмат нас было і адчувалася сіла народу.

А калі перад тым? Напэўна, у 1970-я, прыход ва ўсёй красе «філялягічнага пакаленьня». Караткевіч, Адамчык, Сачанка, Мальдзіс, Кісялёў і яшчэ цэлая плойма літаратараў, якія адкрылі Беларусь нам. Нам? Так, па-сутнасьці, сваім дзецям. А ўжо нашы дзеці сядзелі ў намётах на плошчы Каліноўскага.

Што было да «філёлягаў»? Паваеннае маладзёвае падпольле: «Чайка», Саюз беларускіх патрыётаў і падобныя. Да іх? Адымаем прыблізна 20 гадоў. Усплёск «Узвышша», мноства паэтаў, якіх пасьля будуць расстрэльваць дзясяткамі... Яшчэ 20 назад? Росквіт Нашаніўскае пары. Яшчэ 20? Багушэвіч, Нагродзкі, віленскія краёўцы-беларусы + менскі літаратар Янка Лучына. Яшчэ пакаленьне – паўстаньне Каліноўскага. Яшчэ – паўстаньне Канарскага. Яшчэ – 1831 і філяматы зь філярэтамі...

Але зірнем наперад. Выглядае, што ўсплёскі-ўздымы, калі дастаткова шапнуць, а прагучыць хор, у Беларусі адбываюцца ў названым мною альгарытме пакаленьняў. Выключэньне могуць складаць адзінкі. Каб пераканаць вас у гэтым, прывяду такі прыклад. На маім курсе на журфаку вучыліся аж два будучыя старшыні саюзаў пісьменьнікаў – беларускіх і сахалінскіх, дзясятак паэтаў першае велічыні, два дэпутаты беларускага парлямэнту (абодва дэпутаты незалежнасьці) і дзясяткі выдатных журналістаў. Больш такіх курсаў ні на журфаку, ні дзе яшчэ не было.

Мы спыніліся на Плошчы-2006. Гэта значыць, наступнай адраджэнскай хвалі сёньня максымум гадоў 7, а больш-менш масава – гады тры (асабісты досьвед). Што гэта значыць?

Гэта пакаленьне Колі. І калі Колін папа сапраўды робіць стаўку на яго і нават калі адменіць узроставы цэнз 35 гадоў, ня факт, што Коля будзе адэкватным, як цяпер кажуць, прэзікам.

Калі гэта будзе (маю на ўвазе ўсплёск пасіянарнасьці)? Дакладны прагноз: 2025-2030. Ня так і блізка. Але гэты час даецца не для дэпрэсіі і міжсобных войнаў. І не для таго, каб займацца псэўдабайкотамі ды ўвогуле чым-кольвек псэўда. А для таго, каб выгадаваць дзяцей і ўнукаў сапраўднымі беларусамі і пры тым – нябітымі.

Памятайце, што ў Магілёве па-беларуску вучыцца толькі адна дзяўчынка і бацькі ніяк ня знойдуць ёй кампанію. А яна – акурат з пакаленьня перамен. І ацаніце, што самае важнае для наступнага ўсплёску актыўнасьці. Хочаце перамен? Думайце пра дзяцей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG