Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ня хочуць Астравецкай АЭС


Адносіны беларусаў да ўлады становяцца ўсё больш скептычнымі.

Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага апытаньня, зробленага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у верасьні 2013 году.

Сацыёлягі зьвязваюць гэта з пагаршэньнем эканамічнага самаадчуваньня беларусаў і з ростам разрыву паміж дзяржавай і народам.

У прыватнасьці, людзі перакананыя (45% апытаных), што ў грамадзтве мае посьпех той, хто займае высокую пасаду. 37% апытаных кажуць, што давалі хабар і падарункі прадстаўнікам уладаў, мэдыцыны, сацыяльных службаў. 42,3% грамадзян не адчуваюць сябе пад абаронай закону.

Іншы прыклад зьвязаны са стаўленьнем да будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне з дапамогай Расеі. Нягледзячы на запэўніваньні ўладаў у бясьпецы гэтага праекту, станоўча да яго ставяцца толькі 34% апытаных, а 37,6% — адмоўна.

Пры гэтым звыш 76% лічаць: іх здароўе або здароўе блізкіх пасьля Чарнобыльскай катастрофы пагоршылася.

47,5% апытаных лічаць, што «грамадзкая думка не ўплывае на прыняцьце палітычных і сацыяльна-эканамічных рашэньняў у краіне» (што «ўплывае», адзначылі 41,5%).

Аднак гэтыя настроі наўпрост не пераносяцца на Лукашэнку, сьведчаць сацыёлягі.

Сёньня яму давяраюць 46,7%, а не давяраюць 36,6% .

Галасаваць за яго гатовыя 42,6% апытаных.

Электаральны рэйтынг Уладзімера Някляева складае 5,2%, Андрэя Саньнікава — 3,1%, Аляксандра Мілінкевіча — 2,3%, Анатоля Лябедзькі — 1,4%. Калі б заўтра адбыліся парлямэнцкія выбары, за кандыдатаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» прагаласавалі б 7% выбарцаў (на другім месцы «Белая Русь» — 4,3%).

Сацыёлягі зафіксавалі: калі б сёньня праходзіў рэфэрэндум пра аб’яднаньне Беларусі і Расеі, «за» прагаласавалі б 27,6%, «супраць» — 46,9% рэспандэнтаў (у чэрвені было адпаведна 31,2% і 46,5%). За ўступленьне ў Эўразьвяз прагаласавалі б на рэфэрэндуме 37,8%, супраць — 37,5% (у чэрвені адпаведна 37,7% і 38.1%), а пры неабходнасьці выбраць на гіпатэтычным рэфэрэндуме паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз за першы варыянт выказваюцца 35,6%, а за другі — 42,4% (у чэрвені адпаведна 40,8% і 41%).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG