Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі сотняў кітайскіх вайскоўцаў з тэхнікай і камандаваньнем цяпер цалкам законна могуць знаходзіцца на нашай тэрыторыі.

Адпаведны законапраект у першым чытаньні прыняла Палата прадстаўнікоў.

Прадставіў яго міністар абароны Юры Жадобін. Законапраект ратыфікуе Пагадненьне паміж Беларусьсю і Кітаем пра статус вайсковых фармаваньняў Кітаю, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама беларускіх фармаваньняў, якія знаходзяцца ў Кітаі для правядзеньня сумесных вучэньняў (трэніровак). Жадобін кажа, што «пагадненьне забясьпечыць «падтрыманьне высокага ўзроўню баявой гатоўнасьці ўзброеных сіл бакоў, што забясьпечвае адэкватнае рэагаваньне на новыя выклікі і пагрозы міжнароднай бясьпекі».

«Калі рота ці батальён кітайцаў прыедуць да нас, і столькі ж нашых да іх, ня бачу нагоды для нэгатыўнай рэакцыі, — лічыць вайсковы аналітык Аляксандар Алесін. — І за Тыбэт на баку Кітаю мы ваяваць ня будзем. У іх пяцімільённае войска. Сто мільёнаў рэзэрву. Навошта мы ім?»

«Кітайцы любяць вучыцца, — кажа гісторык, спэцыяліст па неэўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін, тлумачачы, навошта гэтае пагадненьне. — Пакуль што гэта толькі сфэра абмену досьведам. Паколькі Кітай — краіна заможная, разьвітая ў пляне тэхналёгіяў, то супрацоўніцтва зь ёй будзе прыносіць карысьць. А вось, напрыклад, былыя вайсковыя аташэ КНР у нашай краіне кажуць, што гэта найперш карысна самому Кітаю: Кітай вучыцца ў беларусаў, глядзіць на новыя ўзоры тэхнікі, у тым ліку і СПА».

Але якім яны бачаць будучыню гэтага супрацоўніцтва — гэта пытаньне, — падсумоўвае экспэрт.

Практычная падстава прыняцьця закону відавочная: сумесныя беларуска-кітайскія вайсковыя вучэньні праводзяцца з 2011 году. Перабываньне на нашай тэрыторыі замежных вайскоўцаў са сваёй зброяй і тэхнікай павінна быць юрыдычна ўрэгулявана. Таму і прымаюць адпаведныя законы.
Дагэтуль адсутнасьць менавіта такога дакумэнта перашкаджала Беларусі ўзаемадзейнічаць з НАТО

«Дагэтуль адсутнасьць менавіта такога дакумэнта перашкаджала Беларусі ўзаемадзейнічаць з НАТО ў межах „Партнэрства дзеля міру“, — кажа Аляксандар Алесін. — Мы ня раз прапаноўвалі краінам-удзельніцам гэтай праграмы свае палігоны для правядзеньня міратворчых вучэньняў і трэніровак. Магчыма, што пасьля прыняцьця гэтага закону будуць заключаныя і іншыя пагадненьні, якія дазволяць замежным вайскоўцам прымаць удзел у вучэньнях на нашых палігонах».

Але мэты беларускіх вайскоўцаў сягаюць яшчэ далей: яны хочуць забясьпечыць удзел сваіх падразьдзяленьняў у міратворчых апэрацыях па-за зонай дзеяньня АДКБ. І працуюць у гэтым кірунку. У тым ліку — і заключаючы пагадненьне з Кітаем.

«Глядзіце, нашыя спэцпадразьдзяленьні ўдзельнічаюць у вучэньнях на тэрыторыі адзін аднаго, — тлумачыць Алесін. — Гэта дазваляе ім трэніравацца ў розных кліматычных зонах, адпрацоўваць перакіданьне на вялікія адлегласьці для магчымага ўдзелу міратворчых кантынгентаў. Пра гэта Генадзь Нявыглас паведаміў 27 верасьня падчас круглага стала ў БДУ. Ён сказаў, што ў кастрычніку будуць вучэньні міратворчых сіл АДКБ, і пасьля атрыманьня ўхвалы з боку ААН міратворчыя сілы АДКБ змогуць прымаць удзел у місіях па-за межамі адказнасьці АДКБ».

Ёсьць у падпісанага пагадненьня і палітычны падтэкст: Беларусь усімі спосабамі падмацоўвае статус Кітаю як свайго стратэгічнага партнэра. І не прамінае магчымасьці падражніць Расею:
Расея раўніва ставіцца да таго, што Беларусь завязвае цесныя вайсковыя і вайскова-тэхнічныя стасункі зь іншымі краінамі

Алесін: «Расея сама праводзіць вучэньні з Кітаем, але чамусьці раўніва ставіцца да таго, што Беларусь завязвае цесныя вайсковыя і вайскова-тэхнічныя стасункі зь іншымі краінамі», — кажа Алесін.

Аднак любое супрацоўніцтва з Кітаем можа прывесьці да невідавочных вынікаў. На адметнасьць зьнешняй палітыкі гэтай краіны зьвяртае ўвагу Яўген Красулін.

«У наш час Кітай — моцная сіла, гэта дзяржава, якая набліжаецца да статусу ўсясьветнай. Шмат хто з экспэртаў падазрае, што за пазыцыяй Расеі па Сырыі стаіць Кітай. Што ён расейскімі рукамі разграбае той самы „жар“ вакол Сырыі, — распавядае Яўген Красулін. — А для нас складаецца карцінка, што гэта Расея мае пазыцыю, а Кітай яе толькі падтрымлівае. Гэта я кажу для таго, каб лягчэй было зразумець ролю Кітаю ў сусьветнай палітыцы».

Нагадаем, што расейскую пазыцыю па Сырыі ўголас падтрымаў беларускі прэзыдэнт на апошнім саміце АДКБ.

Ня меншую цікавасьць выклікаюць дзеяньні Кітаю на ягоных заходніх межах.

«Яны паказваюць, што інтарэсы Кітаю накіраваныя на сваіх бліжэйшых суседзяў — Кіргізстан, часткова Казахстан, у тым ліку і Далёкі Ўсход Расеі, — распавядае Красулін. — Вось у апошнім рэгіёне вельмі цікавыя рэчы адбываюцца: там Расея прыбрала ўвесь вайсковы кантынгент уздоўж кітайскай мяжы. То бок мяжу прыкрываюць толькі памежныя войскі. Гэта сьведчыць пра тое, што Расея гатовая ў тым ліку ў нечым падпарадкоўвацца Кітаю».

Так ці інакш, пры заключэньні падобных пагадненьняў на інтарэсы Беларусі ўплывае сяброўства краіны ў вайсковых саюзах. І зусім не абавязкова мець з Кітаем супольнага патэнцыйнага вайсковага супраціўніка:

«Гэта падыход мінулага стагодзьдзя, — кажа Алесін. — Беларусь як сябар АДКБ удзельнічае ў міратворчых сілах АДКБ. Яе зона адказнасьці распаўсюджваецца і на краіны, якія мяжуюць з краінамі Ўсходняй Азіі. Ёсьць ШОС, якая мае пляны таксама займець міратворчыя сілы, а Беларусь хоча набыць там статус назіральніка».
Кітайцы ўмеюць хаваць свае рэальныя мэты

Пры такім раскладзе не цікавіцца тым, што сабой уяўляе стратэгічны партнэр, неразумна. А праблемаў у самім Кітаі хапае. Краіна заяўляе пра палітыку вайсковага неўмяшаньня і добрасуседзтва, аднак мае тэрытарыяльныя спрэчкі з суседнімі краінамі і рэгулярна сутыкаецца з пагрозамі тэрарызму, якія паходзяць найперш ад Аўганістану, Пакістану. Адна з найбольш праблемных тэрыторыяў КНР — Тыбэт, якім кітайцы (на думку ўрадаў некаторых заходніх краінаў) валодаюць у выніку вайсковага захопу.

«Што да сумесных дзеяньняў, то кітайцаў найперш цікавяць іхнія ўскраіны — тыя тэрыторыі, на якіх дзейнічаюць сэпаратысцкія рухі, — распавядае Яўген Красулін. — Гэта Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён на захадзе Кітаю і, вядома, Тыбэт. Калі мы возьмем арганізацыю ШОС, то пабачым, што асноўныя вучэньні ідуць якраз на тэрыторыі Сіньцзян-Уйгурскага раёну. Зразумела, што яны нацэленыя якраз на міратворчыя апэрацыі пры ўзьнікненьні такіх сэпаратысцкіх агменяў».

На думку вайсковага аналітыка Аляксандра Алесіна, пакуль што пагадненьне з Кітаем нам толькі на карысьць. Беларускае войска па сваёй падрыхтоўцы супастаўнае з кітайскім і можа шмат чаму павучыць сваіх партнэраў.

«А калі мы ва ўмовах кітайскага клімату і мясцовасьці будзем адпрацоўваць падрыхтоўку нашых міратворцаў, сілаў спэцназу, то гэта пры выкананьні імі міратворчых апэрацый у розных краінах сьвету падвысіць ступень іх уменьняў, а значыць, і бясьпекі», — лічыць Алесін.

«Кітайцы ўмеюць хаваць свае рэальныя мэты, — заключае Яўген Красулін. — Чаму яны ідуць на разьвіцьцё гэтых адносін, мы цяпер ня можам казаць. Гэта, можа, і сапраўды спроба чамусьці навучыцца. А можа, і спроба заслупаваць сабе тэрыторыю ў цэнтры Эўропы».

Народна-вызваленчая армія Кітаю


Колькасьць дзейных вайскоўцаў на 2010 год — 2 285 000 чалавек. У рэзэрве — 800 тысяч чалавек.

У распараджэньні войска каля 386 мільёнаў мужчын ва ўзросьце ад 16 да 49 год, каля 364 мільёнаў жанчын ва ўзросьце ад 16 да 49 год.

Прыдатныя да вайсковай службы каля 319 мільёнаў мужчын і каля 300 мільёнаў жанчын.

Яшчэ па 10 мільёнаў мужчын і жанчын штогод дасягаюць прызыўнога ўзросту.

Разам: 4 585 000 чалавек.

Бюджэт кітайскага войска на 2013 год складае 119 мільярдаў даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG