Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку БХД хочуць пазбавіць статусу прыёмнай маці


Жанна Шчарбініна

Жанна Шчарбініна

Грамадзкая актывістка, былая настаўніца Аўсянкаўскай сярэдняй школы Горацкага раёну Жанна Шчарбініна, якую змусілі звольніцца са школы, сёньня заявіла, што ціск на яе з боку мясцовай адміністрацыі працягваецца. Актывістка незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і дэпутатка мясцовага Савета, спадарыня Шчарбініна лічыць, што ўлады будуць рабіць усё, каб не дапусьціць яе да выбараў, якія павінны адбыцца ў сакавіку 2014 году.

Пасьля звальненьня са школы ўлады не пакінулі Жану Шчарбініну ў спакоі. У былой настаўніцы, акрамя ўласнай дачкі, ёсьць і прыёмная. Тані ў студзені споўніцца 10. У сям’і Шчарбінінай дзяўчынка ўжо пяць гадоў. Штогод райвыканкам спраўджвае ўмовы, у якіх жывуць прыёмныя дзеці, — распавядае былая настаўніца:

«Праверкі былі не адзін раз. І практычна заўваг не было, толькі рэкамэндацыі. Зараз напісалі, што захоўваць школьныя і вучэбныя прылады няма дзе. Рэчы дзіцяці захоўваць няма дзе. На кансультацыі я не прыяжджаю. Справаздачы я пішу няправільна...

З усяго гэтага я зрабіла высновы — як прыёмную маці яны мяне ў спакоі не пакінуць».

Сёньняшнюю сустрэчу журналістаў з Жаннай Шчарбінінай, якая прыехала ў Менск, арганізаваў аргкамітэт у справе стварэньня Партыі БХД. Адзін з кіраўнікоў аргкамітэту Дзяніс Садоўскі заявіў, што паплечнікі па хрысьціянскай дэмакратыі не пакінуць сваю актывістку сам-насам з уладай:
Самае жахлівае і подлае, што робіць улада, — гэта цісьне на самае балючае, што мае чалавек: на дзетак

«Самае жахлівае і подлае, што робіць улада, — гэта цісьне на самае балючае, што мае чалавек: на дзетак. Жанна Рыгораўна — прыёмная маці, а сыстэма ўспрымае яе як ворага. Мы гэтага не пакінем. Разам з праваабаронцамі будзем аказваць юрыдычную дапамогу, каб адстаяць праўду. Ёсьць ініцыятыва магілёўскіх сябраў БХД аб арганізацыі вечарыны салідарнасьці і зборы ахвяраваньняў для Жанны Рыгораўны».

Журналістам спадарыня Шчарбініна расказала пра некалькі добрых спраў, якія яна змагла зрабіць на тэрыторыі сельскага савету ў якасьці дэпутата, абранага ў 2010 годзе. «Людзі мяне падтрымліваюць і добра ставяцца. Яны цэняць, што мы разам здолелі дамагчыся пабудовы спэцыяльнай станцыі для ачысткі вады, не далі ўзьвесьці непадалёк ад Аўсянкі комплекс на 24 тысячы галоў жывёлы».

Я спытаў спадарыню Шчарбініну, ці будзе яна зноў балятавацца на мясцовых выбарах, якія маюць адбыцца ў сакавіку наступнага году. На гэта яна адказала:

«Я яшчэ ня вырашыла канчаткова. Але, думаю, сыстэма будзе рабіць так, каб я не прайшла зноў у дэпутаты».
XS
SM
MD
LG