Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ПЭН, ці калода


Пісьменьнік заўжды — самотны воўк. Або шакал, або скунс. Або там, ня ведаю: зайчык вушасты. Але ён заўсёды сам па сабе і дзень і ноч «сам сабе робіць агледзіны» — бо ўласная прафэсія вымагае цурацца, стараніцца ды бараніцца: ад сходаў, ад прапанаваных на іх хадункоў ды ад калектыўных катлетаў.

Так было, так ёсьць, так будзе. Інакш губляецца самая сутнасьць гэтага занятку — з удзелам калектыву пішуцца толькі скаргі і даносы. Таксама жанры, хто ж спрачаецца — і ня горшыя за іншыя, але, на шчасьце, яны знаходзяцца на такой адлегласьці ад літаратуры, што яе можна вызначыць і голым вокам.

Зразумела, як і ў выпадку з джэнтэльмэнамі, тут вядзецца выключна пра сапраўдных пісьменьнікаў. А хто не сапраўдны? Ня ведаю. Калі ў існаваньні пісьменьніцкіх арганізацый і можа быць нейкі сэнс, дык толькі адзін — абараняць адно аднаго ад аматараў цэнзуры, ад наклейшчыкаў літаратурных акцызаў і ад усялякіх цэзараў. Асабліва ад апошніх, хай часам і ўзьнікае адчуваньне, што ад іх далёка, як ад завірухі.

І калі гэтая злавесная тройца заблукае раптам у трох соснах, шукаючы ворага, дык ніякі саюз ужо не ўратуе — гэтаксама як ніякі пісьменьніцкі Apollo-Soyuz аўтаматычна ня выведзе «члена СП» на арбіту літаратуры. Катлеты замінаюць, ногі блытаюцца ў хадунках, дый лішняя вага... Нібы прадбачачы гэта, 5 кастрычніка 1921 году ў Лёндане з ініцыятывы ангельскай пісьменьніцы Кэтрын Эмі Доўсан Скот, якую цяпер у сьвеце толькі і памятаюць дзякуючы гэтаму вычыну, была створаная міжнародная пісьменьніцкая арганізацыя пад назваю «асадка», то бок P.E.N. — такі сабе прафсаюз паэтаў, эсэістаў і навэлістаў, яны ж празаікі-раманісты.

Падзея, якую можна было б параўнаць са стварэньнем прафсаюзу будысцкіх манахаў або першым зьездам сымонаў-стоўпнікаў.

...Амаль праз трынаццаць гадоў увесь прагрэсіўны сьвет даведаўся пра стварэньне іншай літаратурнай арганізацыі — Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Што ні кажы, харошы быў год для стварэньня пісьменьніцкіх саюзаў: 1934-ы. Год канчатковага адмаўленьня бальшавікоў ад вэгетарыянства. У тым ліку ад вэгетарыянства ў дачыненьні да літаратараў. Як ляціць час: неўзабаве давядзецца зьесьці юбілейную катлету... А яшчэ праз восемдзесят гадоў прагрэсіўная грамадзкасьць Беларусі вітала стварэньне новага саюзу — Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Таксама добры быў год: 2005-ы. Паводле палітычнага календара — амаль што 1934-ы, толькі форма іншая... І таксама юбілей на носе.

Аднак час вярнуцца да нашай замежнай асадкі, то бок ПЭНу. Першым прэзыдэнтам новай арганізацыі быў абраны Джон Гoлсўарты. Калі б паважаны аўтар «Сагі пра Афсайды» мог толькі ўявіць сабе, колькі нацыянальных «пэнаў» расплодзіцца ў сьвеце да канца ягонага зорнага ХХ стагодзьдзя, ён бы памёр з усьмешкай на сваіх асьвечаных Нобэлем вуснах. Што яму дакладна ня мроілася ў самых сьмелых відзяжах — дык гэта зьяўленьне ў шэрагах арганізацыі нейкага там беларускага ПЭНу. Хоць і альбанскага, мусіць, таксама.

Калі пісьменьнікі аб’ядноўваюцца, ім чамусьці адразу робіцца цяжка без календара, насаджваньня на кол і юбілейных катлет. Бяз цэнзараў і заляцаньняў да цэзара. Што ж, галоўнае не паказваць гэта на публіцы і падтрымліваць адно аднаго. Традыцыі, панімаеш. З чым і віншуем. А членскія білеты — яны таксама ўсе ў адзін канец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG