Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахрыдзкі, Рандаў і «источники»


Набыў сваю завершанасьць зямны шлях перакладчыка і вялікага сябра нашай літаратуры Норбэрта Рандава: 27.11.1929, Нойштрэліц, Нямеччына — 1.10.2013, Бэрлін.

Часам толькі сьмерць высьвечвае сапраўдную значнасьць і маштаб асобы. Але гэта не пра Норбэрта. Я ведаю, што чорная вестка, якую мне выпала паведаміць, адгукнецца ў тысячах беларускіх сэрцаў.

... Падчас нашага знаёмства ён распавёў, як у 1958-м сацыялістычную Нямеччыну наведаў таварыш Тодар Жыўкаў. Візыт адбываўся за тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі. Правадыр нямецкіх працоўных вырашыў падзяліцца з высокім госьцем прагнозам адносна абраньня генэрала дэ Голя: «Францускі народ ніколі не пагодзіцца, каб ім кіраваў гэты авантурыст». Жыўкаў дыпляматычна перавёў гаворку на баўгарскую авечкагадоўлю. «Ульбрыхт проста дурань», — пакутліва пачырванеўшы, падумаў зусім малады перакладчык.

Перакладчыкам быў Норбэрт. Скончыўшы ў год сьмерці Сталіна Бэрлінскі ўнівэрсытэт, ён пасьпеў ужо стаць вядомым баўгарыстам, які, наслухаўшыся правадыроў, усё больш пачытваў розныя сумнеўныя кніжэнцыі.

З 1962-га да 1965-га кар’ера бліскучага маладога вучонага і перакладчыка працягвалася за кратамі, куды ён патрапіў за прапаганду «Доктара Жывага» ды іншыя падобныя злачынствы. На чале турэмнай брыгады палітычных стаяў добранадзейны зьняволены, які засек сякераю жонку. Свой трохгадовы тэрмін Норбэрт, адрозна ад некаторых сукамэрнікаў, што пайшлі на супрацоўніцтва з штазі, адседзеў ад званка да званка, і потым, да самага падзеньня Бэрлінскага муру, мог зарабіць сабе на хлеб адно перакладамі. На той бок муру, дзе жылі жонка Тэда і сын Клеменс, Рандава так аніразу і ня выпусьцілі.

Ён ня толькі перакладаў з баўгарскай, але часам выконваў і больш далікатныя замовы балканскіх сяброў. Аднаго разу ў Сафійскі ўнівэрсытэт прыйшоў ліст, адрасаваны Клімэнту Ахрыдзкаму, чыё імя мае галоўная баўгарская альма-матэр. Дырэктар Інстытуту гісторыі Акадэміі навук ГДР прапаноўваў адрасату наладзіць навуковыя сувязі. Паколькі самому таварышу Ахрыдзкаму (840 — 916 гады н. э.) напісаць адказ у Бэрлін было даволі складана, гэта зрабіў за яго на просьбу баўгарскіх калегаў доктар Норбэрт Рандаў.

На вялікае шчасьце для нас другім захапленьнем, а потым і любоўю Норбэрта сталася беларуская літаратура. Ён адкрываў сабе, а затым нямецкім чытачам вершы Янкі Купалы, апавяданьні Максіма Багдановіча і Максіма Гарэцкага. Пераклаў сам або разам зь сястрой Гундулай ды ейным мужам Уладзімерам Чапегам быкаўскія «Абэліск», «Здраду», «Аблаву». Уклаў і выдаў дзьве анталёгіі беларускага апавяданьня, «Казкі жыцьця» Якуба Коласа, «Знакі вэртыкальнага часу» Алеся Разанава...

Спыняюся, каб бібліяграфія не захінула біяграфію і асобу.

Бо трэба яшчэ сказаць, што да самага канца 1980-х, рос ня толькі сьпіс (цэлая бібліятэка!) Норбэртавых перакладаў, але і ягонае дасье, якое ўрэшце ледзь зьмясьцілася ў дзевяць пульхных буйнафарматных тамоў. Ужо ў новыя часы, у аб’яднанай Нямеччыне, галоўны герой гэтага створанага вялікім творчым калектывам шматтомніка скапіяваў сабе 1200 старонак для сямейнага архіву. Памятаю, як аднойчы ўзімку мы разам гарталі тыя паперы каля распаленай грубкі ўва ўсходнебэрлінскай кватэрцы Норбэрта, і я думаў, зь якой радасьцю палілі б, апынуўшыся на нашым месцы, сваё шматгадовае ліставаньне начальнікі аддзелаў міжнародных сувязяў міністэрстваў дзяржбясьпекі ГДР і НРБ таварышы Дзімітр Міцеў і Вілі Дам. У адной з рэляцыяў т. Міцеў на «великом и могучем» паведамляў нямецкаму калегу, што ў Сафіі Рандаў «каждодневно» займаўся шкодніцкай дзейнасьцю, у прыватнасьці, паведаміў «источнику», нібыта «настоящая литература не должна рассчитывать на публику и успех, а должна твориться тихо, ради самой себя и во имя будущего». У сваю чаргу т. Дам мусіў вывучаць справаздачу з дня нараджэньня «объекта» з указаньнем гадзінаў і хвілінаў прыходу і адыходу кожнага госьця, а таксама з схемаю, дзе квадрацікамі з імёнамі былі дакладна пазначаныя месцы, займаныя прысутнымі за сьвяточным сталом. Свой даробак у стварэньне жыцьцяпісу Рандава, паводле вэрсіі штазі, належаў і «источникам» зь Беларусі. Адзін, напрыклад, абурана данёс, што ў кулюарах менскай навуковай канфэрэнцыі Норбэрт выказаўся ў тым духу, што «интеллектуалов преследуют не только сегодня, но и всегда — такова их судьба».

Ніхто ў Нямеччыне не зрабіў для нашай літаратуры і культуры столькі, колькі Норбэрт Рандаў. Калі б мы жылі ў іншай Беларусі, ён, бясспрэчна, меў бы афіцыйную пашану і высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Замест гэтага за Рандавым, ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, найверагодней, па старой памяці сачылі і тады, калі ён, ужо ў ХХІ стагодзьдзі, прыяжджаў у Менск з дакладам пра знойдзены ім у фондах Верхнелужыцкай навуковай бібліятэкі ў Гёрліцы канвалют з праскімі выданьнямі Скарыны.

За некалькі дзесяцігодзьдзяў Норбэрт сабраў у сябе дома ўнікальную бібліятэку беларускай літаратуры і пэрыёдыкі. Гэты кнігазбор ён меў намер падараваць унівэрсытэту Франкфурта-на-Одэры. Трэба спадзявацца, што з дапамогаю сваякоў запавет будзе выкананы.

Сярод апошніх клопатаў Рандава было выданьне перакладзенай ім на нямецкую ягонай улюбёнай аповесьці Гарэцкага «Дзьве душы»...

Калі я некалькі дзён жыў у Норбэрта, мой ложак стаяў у пакоі, дзе паміж кніжнымі паліцамі маглі разьмінуцца толькі двое чытачоў сярэдніх габарытаў. Край падушкі датыкаўся да тамоў Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана. Я засынаў, спаў і прачынаўся ў атачэньні ягоных герояў. Аднаго разу прысьніў самога аўтара «Рыцара Глюка» і «Курдупеля Цахеса». Ён сядзеў за сталом, натхнёна папіваючы пакінутае намі ўвечары рэйнскае віно.

Сёньня я пакладу побач з падушкай том Гофмана: раптам ён прысьніцца мне разам з Рандавам.

А калі-небудзь прыеду ў Альтштрэліц, дзе гэтымі днямі Норбэрт будзе пахаваны побач з магіламі бацькоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG