Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве ўспамінаюць ахвяр падзеяў кастрычніка 1993 года


У Маскве сёньня ўспамінаюць ахвяр падзеяў кастрычніка 1993 года. Тады супрацьстаяньне прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына і дэпутатаў Вярхоўнага Савету паставіла краіну на мяжу грамадзянскай вайны. У вулічных сутыкненьнях загінулі ня менш за 150 чалавек.

Прадстаўнікі расейскіх левых і патрыятычных сіл зьбяруцца сёньня каля Белага дома. Каля тэлецэнтра Астанкіна пройдуць дзьве акцыі. Раніцай тут ўспаміналі байца спэцназу, які загінуў пры штурме тэлецэнтра ўзброенай апазыцыяй. Там сама сёньня правядуць мітынг прыхільнікі тых, хто штурмаваў «Астанкіна».

Адзін зь лідэраў антыельцынскай апазыцыі, віцэ-прэзыдэнт Расеі Аляксандар Руцкі, які кіраваў штурмам мэрыі і накіраваў групу дэманстрантаў на захоп тэлецэнтра ў Астанкіна, заявіў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы», што шкадуе аб прынятых тады рашэньнях, якія прывялі да гібелі людзей.

У 1993 годзе канфлікт паміж Вярхоўным Саветам і прэзыдэнтам Ельцыным, які сваім указам распусьціў парлямэнт і ўвёў прамое прэзыдэнцкае кіраваньне, выліўся ў вулічныя сутыкненьні. Прыхільнікі Вярхоўнага Савету, прарваўшы кардоны міліцыі, разблякавалі Белы дом і захапілі будынак мэрыі. Затым яны паспрабавалі ўзяць штурмам тэлецэнтар. У Маскву былі ўведзеныя войскі. Белы дом быў абстраляны з танкаў. Вулічныя пратэсты былі здушаныя, іх лідэры арыштаваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG