Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова пад каву — цяпер і ў Вільні


Вострая Брама ў Вільні

Вострая Брама ў Вільні

Моўныя курсы «Мова ці кава», запачаткаваныя летась у Маскве журналісткай Першага расейскага каналу Кацярынай Кібальчыч і падхопленыя сёлета ў Менску, павялічваюць шэрагі прыхільнікаў і пашыраюць геаграфію. Ад 3 кастрычніка сустрэчы пад крыху зьмененай назвай «І мова, і кава» стартуюць у Вільні.

Моўныя сустрэчы пад каву ў Вільні будуць ладзіцца кожны чацьвер у беларускай кавярні «Guda». Арганізатары імпрэзы — Людвіка Кардзіс, дырэктарка Віленскага беларускага музэю Івана Луцкевіча, і Нона Якшыне, унучка кнігара і літаратара Станіслава Станкевіча. Збор 3 кастрычніка заплянаваны як арганізацыйна-азнаямленчы. Паводле спадарыні Кардзіс, запрошаны на адкрыцьцё віленскі мастак, публіцыст Алег Аблажэй пачытае свае творы, а таксама апавядзе пра словы і выразы, якія ўжываліся на ягонай радзіме — Наваградчыне.

Як кажуць арганізатары, адметнасьць віленскіх сустрэчаў у тым, што ўсе ўдзельнікі, якія выказалі жаданьне іх наведваць, адпачатку беларускамоўныя. Для іх важная найперш атмасфэра і магчымасьць пагаманіць у беларускім асяродзьдзі. Аднак ёсьць спадзяваньне, што як толькі пра ініцыятыву стане вядома шырэй, да яе далучацца і іншыя, каго традыцыйна прылічваюць да агульнай масы расейскамоўных. У такім разе, падкрэсьлівае Людвіка Кардзіс, давядзецца зьмяняць фармат мерапрыемства.

Заснавальніца беларускамоўных курсаў «Мова ці кава» Кацярына Кібальчыч усьцешаная, што яе задума пашыраецца на іншыя гарады і краіны. Яна расказала, што актыўныя людзі ў Вільні арганізаваліся самі і толькі папрасілі дазволу на выкарыстаньне «мовакаўнага лэйблу»:

Кацярына Кібальчыч

Кацярына Кібальчыч

«Найперш, я стаўлюся да гэтага вельмі добра, радуюся, калі людзі спрабуюць арганізаваць гурткі беларускай мовы — бяз нашага ўдзелу, па-валянтэрску. Хоць разумею, што ім цяжка будзе рабіць менавіта той самы праект „Мова ці кава“, які робім мы. Усё ж у нас задзейнічаная каманда з чатырох выкладчыкаў, якія часам працуюць літаральна на знос. Гэта ж ня проста дзьве гадзіны правёў занятак, і ўсё — амаль цэлы тыдзень ты яго плянуеш, прыдумляеш кантэнт, прыдумляеш практыкаваньні, дбаеш пра тое, каб кожны занятак адрозьніваўся.

Таму тое, што людзі аб’ядноўваюцца ідэяй вучыць беларускую мову, гэта вельмі файна. У гэтым пераліку ўжо Бэрлін, Токіё, таксама ў Брусэлі, Нью-Ёрку выказвалі жаданьне зьбірацца прадстаўнікі дыяспары, з Санкт-Пецярбургу прасілі матэрыялы, па якіх мы вучымся. Але, натуральна, я вельмі б хацела, каб гэтыя курсы, калі яны ўжо будуць называцца „Мова ці кава“, рэальна адпавядалі нашаму стандарту. Накшталт гэткай франшызы, калі ў сетцы рэстаранаў „Макдоналдс“ смак канапкі будзе аднолькавы што ў Токіё, што ў Маскве, што ў Менску. Мая мэта такая самая: каб гэтыя курсы былі, з аднаго боку, крыху розныя, са сваім калярытам, але каб усе яны былі на высокім узроўні. Таму, само сабой, буду сачыць за тым, што адбываецца ў Вільні. Хоць ня буду называць гэта курсамі, бо хутчэй гэта гурток аматараў беларускай мовы. Прынамсі пакуль».
На курсах «Мова ці кава» ў Маскве

На курсах «Мова ці кава» ў Маскве


Са свайго боку Кацярына Кібальчыч прапанавала віленчукам заснаваць доўгатэрміновы праект, каб распачаць рэальныя курсы найперш для «трасянкамоўных». Пры гэтым «цэнтар» абяцае дапамагаць матэрыяламі і рэклямай: «Радуюся за вас і хочацца дапамагчы, каб курсы былі на добрым арганізацыйным узроўні», — напісала Кацярына ў лісьце да Людвікі Кардзіс.

Як апавяла журналістка, каманда праекту «Мова ці кава» пры дапамозе аўтарытэтных адмыслоўцаў распрацавала спэцыфічную мэтодыку навучаньня. Заняткі — гэта не хаатычнае нагрувашчваньне слоў ці сказаў на беларускай мове, а структураваная «гульня», разьбітая на сэнсавыя рубрыкі. А ў фінале для наведнікаў абавязкова прапануецца творчае заданьне.

Сярод пажаданьняў, якія даюцца пасьлядоўнікам, — тое, каб вядоўцамі былі хлопец і дзяўчына, здольныя трымаць увагу аўдыторыі прынамсі на працягу дзьвюх гадзінаў. І хоць з боку курсы, магчыма, выглядаюць як вясёлы балаган, але насамрэч гэта штодзённая праца выкладчыкаў і адказнае стаўленьне да прадмету. Менавіта таму, кажа Кацярына Кібальчыч, курсы маюць такі посьпех: «Адной ідэі тут было б мала», — падсумоўвае яна.
«Мова ці кава» ў Менску

«Мова ці кава» ў Менску


Як прызнаецца Людвіка Кардзіс, асабіста ёй ня выпала прысутнічаць хоць бы на адным з моўных заняткаў у Маскве ці ў Менску, а таму ў Вільні давядзецца ўсё пачынаць з чыстага аркуша. Тым ня меней, на яе перакананьне, ужо пасьля першай сустрэчы можна будзе зрабіць папярэднія высновы — альбо ісьці пратаптанай дарогай «Мовы ці кавы», альбо паспрабаваць нейкі іншы фармат.

Пасьля летніх вакацыяў у верасьні курсы «Мова ці кава» распачаліся зноў. У Маскве аматары беларускай мовы сустракаюцца па новым адрасе — у кавярні «ОГИ в Мейерхольда». У Менску пляцоўка для сустрэчаў ранейшая — галерэя «Ў». Тут інтэрактыўныя заняткі праходзяць зь нязьменным аншлягам. З такой прыемнай прычыны арганізатары вымушаныя зьвярнуцца па дапамогу. Калі прыходзіць паўтары сотні чалавек, то палова сядзіць на падлозе ці слухае стоячы. Таму шукаюцца дабрадзеі, якія б дапамаглі з набыцьцём раскладных крэслаў. А то няёмка перад студэнтамі.
XS
SM
MD
LG