Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсара Крукоўскага пахавалі на Паўночных могілках Менску


Мікалай Крукоўскі

Мікалай Крукоўскі

2 кастрычніка родныя, блізкія, сябры і калегі разьвіталіся з прафэсарам Мікалаем Крукоўскім.

Філёзаф, адзін з актыўных стваральнікаў беларускай мысьлярскай школы і рупны дзеяч нацыянальнага адраджэньня пакінуў гэты сьвет 30 верасьня, не дажыўшы два тыдні да 90-годзьдзя.

Ягоны сьлед у беларускай гуманістыцы адметны і глыбокі, — кажа філёзаф Валянцін Акудовіч.

Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч

«Мікалай Крукоўскі быў адным зь першых дактароў філязофіі, хто на пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя без развагаў улучыўся ў стварэньне нацыянальнай Беларусі. Тады яго актыўная прысутнасьць у гэтым працэсе была надзвычай істотная, бо надавала шматлікім прыхільнікам новай хвалі адраджэньня дадатнай упэўненасьці ў абраным шляху.

З той пары я неаднойчы меў гонар друкаваць заўсёды бліскучыя тэксты Мікалая Ігнатавіча ў тых літаратурных і філязофскіх выданьнях, дзе мне даводзілася працаваць. І мая невымерная павага да яго нічуць не паменела нават тады, калі нашыя пазыцыі шмат у чым пачалі радыкальна разыходзіцца. Тут перадусім маю на ўвазе стаўленьне да савецкай партызанкі ці эстэтычныя ацэнкі фэномэну постмадэрну... Але яшчэ больш рашуча Мікалай Ігнатавіч не прымаў маю канцэпцыю Беларусі, якая павінна была будавацца не на «этналінгвістычнай» мадэлі, а на мадэлі «грамадзянскай» нацыі. Пра што ён каторы раз рашуча выказаўся на старонках газэты «Звязда» гады два таму. Бадай, гэта быў яго апошні палемічны артыкул.

Разам з тым палемічны спосаб яго інтэлектуальных стасункаў са мной ніколі не замінаў мне захапляцца ім як мысляром і чалавекам.

Так склалася, што ў мяне сёньня ніяк не атрымалася быць на пахаваньні нашага слыннага філёзафа. Таму на разьвітаньне кажу: «Вы ўсё жыцьцё працавалі над філязофіяй прыгажосьці і самі былі кангеніяльныя сваёй працы. А яшчэ нізкі паклон вам, Мікалай Ігнатавіч, за няспынную інтэлектуальную і грамадзянскую мужнасьць!»

Разьвітаньне з прафэсарам Крукоўскім адбылося ў рытуальнай залі на вуліцы Сямашкі, 8. Яго адпявалі сьвятары грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы — нябожчык быў прыхільнікам яе адраджэньня і шчырым парафіянінам.

Пахавалі Мікалая Крукоўскага на Паўночных могілках Менску. Ён пакінуў па сабе каля дзесяці манаграфічных кніг і паўтары сотні артыкулаў па праблемах філязофіі, эстэтыкі, культуралёгіі, станаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці, узаемаадносін культуры і сувэрэнітэту краіны.

Даведка Радыё Свабода — Мікалай Крукоўскі

Мікалай Крукоўскі нарадзіўся 16 кастрычніка 1923 году на хутары каля вёскі Машкова Аршанскага раёну.

У 1938 годзе сям’я пераехала ў Воршу, дзе ў 1940 годзе Мікалай скончыў 2-ю сярэднюю школу. У 1940-м паступіў на І курс Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту, адкуль у верасьні 1941-га добраахвотнікам пайшоў на фронт.

У 1945 годзе Крукоўскі паступіў на І курс філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Скончыў БДУ з чырвоным дыплёмам у 1950 годзе.

У 1956 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю па лінгвістыцы і выдаў манаграфію «Рускі лексычны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову». Захапіўся філязофіяй. У 1965 годзе выдаў манаграфію «Лёгіка прыгажосьці». Манаграфія абаранялася ў якасьці дысэртацыі на ступень доктара філязофскіх навук у БДУ, але маскоўскі ВАК яе не прапусьціў. І толькі на трэці раз, у 1982 годзе, удалося абараніць яе пад той жа назвай і з той жа канцэпцыяй ужо на філязофскім факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэту. За тыя гады было напісана яшчэ тры манаграфіі па эстэтыцы, якія ўпарта замоўчваліся ў СССР, але знайшлі добры водгук за мяжой, а кніга «Чалавек прыгожы» была перакладзена нават на кітайскую мову і выдадзена ў Пэкіне.

У 1994 годзе за чытаньне лекцыяў на беларускай мове быў звольнены з БДУ і адпраўлены на пэнсію. Пазьней, аднак, яго запрасілі на працу ў Беларускі інстытут культуры на пасаду прафэсара катэдры філязофіі, і там ён напісаў яшчэ дзьве манаграфіі: «Філязофія культуры. Уводзіны ў тэарэтычную культуралёгію» і «Бляск і трагедыя ідэалу», якую выдавецтва «Беларускі кнігазбор» выпусьціла ў 2004 годзе.

Апублікаваў каля 150 артыкулаў на навуковыя і грамадзкія тэмы. Актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG