Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктару мясакамбінату далі 4 гады пасьля «экспэрымэнту» з каўбасой


Былога дырэктара Менскага мясакамбінату Ўладзімера Лазоўскага суд Менскага раёну прызнаў вінаватым у атрыманьні хабару і асудзіў на 4 гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Уладзімер Лазоўскі з прысудам ня згодны і зьбіраецца яго абскардзіць. Былы дырэктар казаў на судзе, што міліцыянты ўчынілі яму правакацыю, помсьцячы за тое, што ён адмовіўся бясплатна выдзеліць ім каўбасы на міліцэйскае сьвята.

Суд Менскага раёну прызнаў вінаватым у хабары былога дырэктара менскага мясакамбінату Ўладзімера Лазоўскага і асудзіў яго на 4 гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Уладзімер Лазоўскі віны не прызнаў. Адвакаты былога дырэктара заявілі, што будуць абскарджваць прысуд у судзе вышэйшай інстанцыі.

Паводле Ўладзімера Лазоўскага, ён стаў ахвярай правакацыі міліцыянтаў з аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. На думку былога дырэктара, яму адпомсьцілі за тое, што ён не пагадзіўся бясплатна выдзеліць каўбас і мясных вырабаў на міліцэйскае сьвята. Зрабіць гэта яму прапанаваў супрацоўнік міліцыі, які прыходзіў да яго ў кабінэт, але Лазоўскі адмовіў.

Міліцыянт, пра якога распавёў Уладзімер Лазоўскі на судзе, выступіў у слуханьнях як сьведка. Ён прызнаў, што такая прапанова зь ягонага боку была, але пры гэтым блытаўся ў паказаньнях. Спачатку казаў, што клапаціўся пра якасьць прадукцыі, а не пра тое, каб яе перадалі бясплатна. Потым паведаміў, што адпачатку гэта быў «сьледчы экспэрымэнт».

Абвінаваўчы бок на працэсе настойваў, што экспэрымэнт быў праведзены чыста і цалкам даводзіць факт хабару. Экс-дырэктар, паводле сьледзтва, браў 10% ад сумы, якая пералічвалася будаўнічай фірме за працы, зробленыя на заказ мясакамбінату і аплочаныя ім раней за іншых падрадчыкаў. На відэа, якое сьледзтва прадставіла ў суд, бачны працэс атрыманьня грошай, а былы дырэктар пры гэтым робіць захады кансьпірацыі. Вэрсія Ўладзімера Лазоўскага пра тое, што ён пазычаў 4 тысячы ў знаёмага камэрсанта, не вытрымлівае крытыкі, бо Лазоўскі не агаворваў умоваў вяртаньня грошай, заўважаў пракурор у судзе. На гэта абарона казала, што да паказаньняў сьведкі, які перадаваў грошы Ўладзімеру Лазоўскаму, трэба паставіцца крытычна, бо ён быў у распрацоўцы міліцыі і дзейнічаў, каб самому пазьбегнуць адказнасьці.

Ці законна дзейнічаюць праваахоўныя органы, калі для выкрыцьця хабарніка праводзяць гэтак званыя сьледчыя экспэрымэнты?

За які межы не павінны пераходзіць «экспэрымэнтатары» ў пагонах, каб іх дзеяньні не ператварыліся ў правакацыю?

Сьледчыя экспэрымэнты агавораныя законам «Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці».

Сьледчы экспэрымэнт прадугледжвае штучнае стварэньне абставінаў, якія максымальна набліжаюць да рэальнасьці, у выніку якой можа адбыцца злачынства. А правакацыя — гэта падштурхоўваньне і нават схіленьне да злачынных дзеяньняў. Аднак у жыцьці мяжа паміж тым і другім можа быць вельмі хісткая. Юрысты кажуць, што сьледчы экспэрымэнт абавязкова павінен адбывацца з санкцыі пракурора і пры наяўнасьці пэўных зьвестак пра незаконную дзейнасьць таго, супраць каго праводзіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG