Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З чым зьвязаныя нэгатыўныя тэндэнцыі ў беларускай эканоміцы?


Сацыяльна-эканамічныя праблемы робяцца ўсё больш заўважнымі для беларускага абывацеля. Чаму аслабляецца абменны курс рубля? Як гэта адбіваецца на ўзроўні жыцьця насельніцтва? Ці адэкватныя дзеяньні ўладаў эканамічнай сытуацыі ў краіне?

Удзельнікі: эканамісты Барыс Жаліба і Сяргей Чалы.


Чаму аслабляецца абменны курс рубля?


Валер Карбалевіч: «На тле заяваў афіцыйных асобаў, што дэвальвацыі ў краіне ня будзе, адбываецца паступовае аслабленьне абменнага курсу беларускага рубля. Гэта ўжо стала ўстойлівай тэндэнцыяй. З чым яна зьвязаная? З калійнымі праблемамі? Ці з скарачэньнем паставак расейскай нафты? Як рэагуе насельніцтва? Вось, як сказаў Лукашэнка, «народзец пабег у абменьнікі».

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Барыс Жаліба: «Валютныя праблемы зьвязаныя з скарачэньнем экспарту. Тут найбольшае значэньне мае скарачэньне экспарту калію і нафтапрадуктаў. У выніку «калійнай вайны» спыніліся два з чатырох руднікоў у Салігорску. Таксама скараціліся пастаўкі расейскай нафты ў верасьні, у выніку чаго зьменшыўся экспарт нафтапрадуктаў. Скараціўся і ўвесь экспарт, бо звузіўся расейскі рынак.

Аслабленьне беларускага рубля стабільна адбываецца зь ліпеня — па 100 рублёў у месяц у адносінах да даляра. Народ уважліва назірае за гэтымі працэсамі. У выніку ўзьніклі чэргі па валюту ў абменьніках. Зьменшыліся золатавалютныя рэзэрвы. Дагэтуль яны складалі больш за 8 млрд даляраў. А на 1 верасьня рэзэрвы зьменшыліся да 7,7 млрд даляраў.

Сяргей Чалы: «Першаснай прычынай валютных праблем сталі ўсё ж паводзіны насельніцтва. У ліпені калійных праблемаў яшчэ не было, а ўжо пачалася паніка сярод насельніцтва. Было куплена каля 1 млрд даляраў. А нафтавыя праблемы яшчэ нават у верасьні не ўплываюць на рынак».


Узровень жыцьця насельніцтва


Карбалевіч: «Як эканамічная сытуацыя адбіваецца на ўзроўні жыцьця насельніцтва? З аднаго боку, з пачатку году адбываецца рост заробкаў. Сярэдні заробак далёка перасягнуў 600 даляраў. Вось з 1 кастрычніка павышаецца базавая велічыня. А зь іншага боку, адбываецца рост цэнаў. Вырасьлі цэны на бэнзін, з 1 кастрычніка падаражэў грамадзкі транспарт».

Жаліба: «У лепшым разе ўзровень жыцьця застыў на месцы. Растуць тыя цэны, якія кантралююцца дзяржавай. А інфляцыя зьядае рост заробкаў. Добра бачна адно: Беларусь адстае па ўзроўні заробкаў і цэнаў ад суседніх дзяржаў».
У значнай ступені гэты рост заробкаў стаў прычынай крызісных зьяў у эканоміцы

Чалы: «Рост заробкаў значна апярэдзіў і рост прадукцыйнасьці працы, і рост прамысловасьці, і ўвогуле рост валавога ўнутранага прадукту. І ў значнай ступені гэты рост заробкаў стаў прычынай крызісных зьяў у эканоміцы. Бо як толькі сярэдні заробак у прамысловасьці пачынае перавышаць раўнаважны заробак (магчыма, не вышэй за тыя самыя 500 даляраў), то канкурэнтаздольнасьць нашага экспарту пачынае падаць. І якраз гэта і азначае, што курс беларускага рубля завышаны.

І дзесьці зь лета Нацбанк быў вымушаны перайсьці ў рэжым барацьбы з валютнай панікай. У такой сытуацыі чакаць росту даходаў насельніцтва не выпадае. Бо ў ахвяру фінансавай стабілізацыі прыносяцца і рост узроўню жыцьця, і эканамічны рост, і гучна абвешчаная мадэрнізацыя».


Эканамічная палітыка ўладаў


Карбалевіч: «Вось спадар Чалы ўжо пачаў гаварыць пра эканамічную палітыку ўладаў. Эканамічная сытуацыя складаная, і ўладам трэба нешта рабіць. Наколькі дзеяньні ўраду адэкватныя той сытуацыі, якая складаецца ў эканоміцы? Вось прапануецца ўвесьці падатак на выезд за мяжу, падатак на „дармаедаў“. Або ўрад проста бярэ ў доўг. Вось толькі за верасень дзяржаўная запазычанасьць вырасла на 2,3 трыльёна рублёў».

Жаліба: «Думаю, урад і Нацбанк цяпер у роспачы, бо ня ведаюць, што рабіць. Сытуацыя разьвіваецца так, што мы стаім на грані вострай фазы крызісу паводле сцэнару 2011 году. Экспарт зьмяншаецца, ВУП не расьце (рост 1,1% — хутчэй сымбалічнае павелічэньне).
Мы стаім на грані вострай фазы крызісу паводле сцэнару 2011 году

Вядома, што без расейскай фінансавай дапамогі мы існаваць ня можам. Але на фоне калійнай вайны невядома, ці будзе атрыманы апошні транш Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. У такой крытычнай сытуацыі і прыходзяць такія нестандартныя прапановы, кшталту падатку на выезд за мяжу і на „дармаедаў“ (то бок на тых, хто выяжджае працаваць у Расею).

Думаю, Расея зноў уратуе, нікуды ня дзенецца, дасьць новы крэдыт. Але толькі каб не патанулі. А гэта не дае пэрспэктываў народу. І народ гэта адчувае. Таму і такія дрэнныя настроі».

Чалы: «Нацбанк зыходзіць з таго, што цяперашняя сытуацыя на валютным рынку — наступства панікі сярод насельніцтва. Таму лічыць, што трэба пратрымацца пару месяцаў, і народ супакоіцца і панясе грошы ў банкі на рублёвыя дэпазыты. Так, як у кастрычніку-лістападзе мінулага году. І не выключаю, што Нацбанк тут мае рацыю.

Аднак мне падаецца, што за год сытуацыя ў эканоміцы фундамэнтальна стала горшай. І можа здарыцца так, што гэта не часовая паніка, а новая тэндэнцыя. І калі так, то чым больш будзе Нацбанк упірацца ў правядзеньні цяперашняй палітыкі, тым большы будзе патэнцыял абвалу. Бо цяпер абменны курс падтрымліваецца штучна, улады перашкаджаюць знайсьці рынкавую раўнавагу. Нацбанк спрабуе стварыць дэфіцыт рублёў у насельніцтва, прадпрыемстваў і банкаў. Гэта ўсё паліятывы. Улады адкладаюць цяжар будучага балючага рашэньня.

Так было ў 2011 годзе. Тады на пачатку крызісу курс чорнага рынку быў каля 6 тысяч рублёў за даляр. Улады паўгода цягнулі, баяліся перайсьці да рынкавага курсу. У выніку атрымалі курс каля 9 тысяч. Нешта падобнае мы назіраем і цяпер».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG