Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянковіч: бюджэтны клінч у ЗША можа адбіцца і на эмігрантах


Юрась Зянковіч

Юрась Зянковіч

Бюджэтныя рознагалосьсі паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі сталі прычынай часовага закрыцьця ў аўторак некаторых дзяржаўных устаноў. Гэта здарылася ў ЗША ўпершыню за апошнія 17 гадоў.

Пра прычыны і наступствы такой сытуацыі разважае актывіст беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку, юрыст Юрась Зянковіч.

Радыё Свабода: Тое, што здарылася сёньня ў ЗША - ці было гэта для вас нечаканым?

Юрась Зянковіч: Да пэўнай ступені так. Штогод на працягу апошніх 20 гадоў рэспубліканцы і дэмакраты заўсёды знаходзілі кампраміс. Сёлета прыйсьці да згоды не атрымалася і Амэрыку напаткаў жорсткі бюджэтны клінч, што адбілася і на становішчы дзяржаўнага апарату. Я б не згадзіўся з прэзыдэнтам Абамам, што гэта адбіваецца на ўсёй эканоміцы - гэта адбіваецца найперш на бюджэтным фінансаваньні фэдэральнага ўраду. Зразумела, гэта адаб'ецца, напрыклад, на лёсе імігрантаў, іміграцыйны суд, іміграцыйная служба на пэўны час прыпыняць сваю працу, будуць прыпыненыя выдача грын-картаў і разгляд іміграцыйных справаў.

РС: А як вы мяркуеце, хто больш вінаваты ў гэтай сытуацыі - рэспубліканцы ці дэмакраты?

Зянковіч: Я перакананы рэспубліканец і праціўнік рэформы мэдычнага страхаваньня, якая была прапанаваная прэзыдэнтам Абамам. Мне падаецца, што гэтая рэформа павінна быць спыненая, бо яна ўжо выклікала рост коштаў на мэдычныя паслугі. Разам з тым я не ўпэўнены, што гэта тыя мэтады, якія варта ўжываць у барацьбе з адным з аспэктаў бюджэтнага фінансаваньня. Таму мне падаецца, што тут вінаватыя абодва бакі і што яны маглі б знайсьці кампрамісны варыянт.

РС: Калі прапанова Абамы будзе скасаваная, то некалькі дзесяткаў мільёнаў амэрыканцаў ізноў ня будуць мець мэдычнай страхоўкі.

Зянковіч: Тут варта заўважыць, што большасьць тых людзей, якія ня маюць мэдычнай страхоўкі, ня маюць яе па ўласным жаданьні. І фактычна дзяржава выступае ў якасьці пугі, якая прымушае людзей траціць дадатковыя грошы, якія яны ня лічыць неабходным траціць. Гэта альбо маладыя людзі, якія ня маюць праблемаў са здароўем, альбо людзі, якія маглі б у іншай сытуацыі атрымаць сацыяльную дапамогу ад дзяржавы ў выглядзе бясплатнай мэдычнай страхоўкі. Рэформа накіраваная на тое, каб прымусіць гэтых людзей плаціць. Мне здаецца, што чалавек павінен быць свабодным і сам вырашаць ступень рызыкаў, на якія ён можа пайсьці.

РС: Як могуць далей разгортвацца падзеі?

Зянковіч: У 1995-1996 гадох пры прэзыдэнце Клінтане была падобная сытуацыя, на 3 тыдні была прыпыненая праца фэдэральных установаў. Раней ці пазьней бюджэт мусіць быць прыняты, нехта павінен пайсьці на саступкі - альбо рэспубліканцы альбо дэмакраты. Мне здаецца, што хутчэй саступяць рэспубліканцы, бо іх пазыцыя больш слабая. Дэмакраты кантралююць і Сэнат і Белы дом, і любы законапраект, распрацаваны ў палаце прадстаўнікоў, якая кантралюецца рэспубліканцамі, можа быць заблякаваны ці Сэнатам, ці прэзыдэнцкай адміністрацыяй. Таму мне здаецца, што саступяць хутчэй рэспубліканцы. Але яны хочуць даць зразумець і грамадзтву і прэзыдэнту, што лёгка яны не здадуцца, і што яны будуць адстойваць інтарэсы сваіх выбарцаў.

Юрась Зяньковіч ў датычнасьці да праблемы мэдычнай рэформы прадставіў пазыцыю Рэспубліканскай партыі ЗША. Дэмакратычная партыя (як вядома, менавіта ад яе Барак Абама абраны на пасаду прэзыдэнта ЗША) лічыць наяўнасьць дзесяткаў мільёнаў грамадзянаў ЗША без мэдычнай страхоўкі ненармальнай зьявай. Пазыцыя партыі палягае ў тым, што адсутнасьць мэдычнай страхоўкі прымушае людзей зьвяртацца па мэдычную дапамогу ў крайніх, найбольш цяжкіх выпадках, калі дапамога прадстаўляецца бясплатна. Але такога кшталту дапамога, кажуць Дэмакраты, каштуе значна даражэй, чым на ранейшых этапах захворваньня, і ў выніку пакрываць выдаткі даводзіцца ўсім грамадзянам з падаткаў.
XS
SM
MD
LG