Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шантаж з Расеяй не працуе? Працуе!


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Іваноў выказаў 30 верасьня меркаваньне, што сытуацыя вакол «Уралкалія» і яго гендырэктара Ўладзіслава Баўмгертнэра разьвяжацца пасьпяхова для расейскага боку. Па словах чыноўніка, «шантаж з Расеяй не працуе». Між тым, амаль 20-гадовы адрэзак беларуска-расейскіх адносінаў пры Лукашэнку сьведчыць пра тое, што шантаж у стасунках з Крамлём беларускі лідэр выкарыстоўваў ня раз, прычым, як заўважаюць экспэрты, досыць эфэктыўна.

Сяргей Іваноў лічыць, што гісторыя з «Уралкаліем» не адаб’ецца на міждзяржаўным супрацоўніцтве ў рамках Мытнага зьвязу, бо, на яго перакананьне, для Расеі і яе грамадзянаў усё ўрэшце скончыцца добра. Аднак, як лічыць грамадзкі дзеяч, экс-міністар эканомікі Расеі Яўген Ясін, арышт Баўмгертнэра паставіў саюзьнікаў у досыць далікатнае становішча. З аднаго боку, жорсткая рыторыка Крамля можа толькі ўскладніць лёс бізнэсоўца, зь іншага — нават экстрадыцыя Баўмгертнэра можа быць расцэненая як параза Лукашэнкі. А значыць, разьвязаць канфлікт кулюарна, як бывала раней, наўрад ці ўдасца:

Яўген Ясін

Яўген Ясін

«Я трымаюся думкі, што папярэдні намер быў разьвязаць праблему „Ўралкалія“ кулюарна — калі б спадар Лукашэнка не ўчыніў гэтыя захады з досыць уласьцівай яму ня тое што амбітнасьцю, а хутчэй — эмацыйнасьцю, пачуцьцёвасьцю. Бо толькі пад уплывам эмоцыяў можна прыняць рашэньне, пасьля якога вельмі складана штосьці папраўляць. І цяпер я ня ведаю, як яны будуць дзейнічаць, каб хоць нешта наладзіць. У Расеі, безумоўна, было жаданьне, як заўсёды ў адносінах зь Беларусьсю (а калі ёсьць магчымасьць, то і зь іншымі краінамі) уладжваць справы ў ціхіх месцах, каб нічога не выносілася на дыскусію і г.д. Але ў дадзеным выпадку спрабаваць пра нешта дамаўляцца кулюарна проста позна. Я нават ня ведаю, як і што ў такой сытуацыі зрабіць, каб захаваць твар».

Аналітыкі схіляюцца да думкі, што ставіць умовы Расеі Аляксандар Лукашэнка пачаў ад моманту прыходу да ўлады. У адсутнасьць уласных энэргарэсурсаў і рынкаў збыту прадукцыі была акрэсьленая задача пераўтварыць усходняга суседа ў вечнага донара, які ўзамен на некаторыя саступкі будзе ўтрымліваць на сваім балянсе цэлую краіну. Яшчэ падчас падпісаньня так званай саюзнай дамовы ў 1996 годзе Лукашэнка заявіў, што гатовы на любы варыянт саюзу, калі ня будуць ушчамляцца інтарэсы Беларусі. І ўдакладніў, што ўсё залежыць ад пазыцыі Крамля: «Калі Расея захоча, каб Беларусь аддалілася, то яна аддаліцца. Але ня трэба браць нас за горла».

У наступныя гады Лукашэнка ня раз тлумачыў, на чым павінен грунтавацца саюз — ніякіх рынкавых адносінаў, толькі цэнавы парытэт: «Мераць паводле прынцыпу „ты мне — я табе“ проста недапушчальна. Выгады ў палітычнай, ваеннай і эканамічнай сфэрах нашмат большыя, калі ня скочвацца на рынкавую рыторыку».

Насуперак цьверджаньням кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргея Іванова, што, маўляў, «шантаж з Расеяй не працуе», за апошнія паўтара дзясятка гадоў Менск шантажаваў Маскву рэгулярна. Асноўнымі прычынамі супярэчнасьцяў станавіліся рост цэнаў на газ і нафту ці скарачэньні паставак энэрганосьбітаў, зацягваньне з выдачай крэдытаў ці перагляд першапачатковых умоваў фінансавай падтрымкі, абмежаваньні на прысутнасьць беларускай прадукцыі на расейскім рынку і г.д.

Тады ў ход ішлі пагрозы — ад абяцаньня рэанімацыі паўнавартаснай мяжы (як падчас «малочнай вайны» 2009 году) да пераарыентацыі на Захад (як напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў-2010, калі Эўразьвяз паабяцаў маштабную дапамогу ўзамен на лібэралізацыю). Тактыка застрашваньня практычна заўсёды прыносіла плён — ваяўнічая рыторыка Крамля мякчэла, у Беларусь зноў цяклі грашовыя і нафтавыя рэкі, а рынкі адчыняліся для беларускіх тавараў, не патрэбных Эўропе.

Андрэй Суздальцаў

Андрэй Суздальцаў

Як кажа экспэрт у беларуска-расейскіх адносінах Андрэй Суздальцаў, Лукашэнка працягвае маніпуляваць Крамлём, спрабуючы выціснуць максымум зь любой сытуацыі:

«Чагосьці пазытыўнага можна было чакаць, каб у Маскве бачылі, што ідуць нейкія зрухі і якіясьці новыя ініцыятывы з боку Менску. Але пакуль тут бачаць толькі тое, што Менск проста акуратна зьдзімае пыл з ранейшай аргумэнтнай базы. Адзінае, што за апошнія гады ў гэтай самай аргумэнтнай базе дадалося, дык гэта тое, што да элемэнтаў звыклых угавораў дадаліся спробы відавочнага ціску, шантажу. Маўляў, Беларусь мае шырокі дыяпазон кантактаў на Захадзе, таму Крэмль гэта павінен улічваць. Бо калі што, то Беларусь мае больш магчымасьці манэўраваць на палітычным полі. Гэткі ненавязьлівы ціск з цалкам зразумелымі намёкамі. Праўда, пасьля падзеяў 2010 году Беларусь у цяперашнім выглядзе Захаду дакладна не патрэбная».

Аляксандар Лукашэнка ня раз супярэчыў сам сабе і ў пытаньнях доступу расейскага бізнэсу на беларускі рынак. Калі выпрошваў чарговы крэдыт, то ледзь ня кляўся — інвэстары з Расеі будуць мець у Беларусі максымальныя прэфэрэнцыі. Калі ж грошы былі праедзеныя, усё пераводзіў на іншы лад — Масква намагаецца бясплатна прыватызаваць беларускую ўласнасьць: «Спрабуюць нахіліць, маўляў, больш згаворлівым і ўступлівым павінен быць прэзыдэнт. Але толькі не Лукашэнка».

Апроч таго, у Лукашэнкі ўласная арытмэтыка і што да танных энэргарэсурсаў, на якіх, як у Расеі часам кажуць, паразытуе Беларусь. У прыватнасьці, ён аспрэчыў заявы расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна пра тое, што, прадаючы бязмытную нафту, Расея субсыдуе беларускую эканоміку на мільярды даляраў. Паводле Лукашэнкі, яшчэ невядома, хто больш выйграе ад такіх эканамічных адносінаў: «Пуцін ня кажа іншага: мы субсыдуем кожнага расейца, прадаючы ў Расею прадукцыю за паўцаны. А гэта 30 мільярдаў даляраў! Заўважце — не 2 мільярды і не 4 мільярды!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG