Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі плянуюць увесьці падатак зь беспрацоўных. Ці будзе гэта прамы падатак, ці ўскосны — праз павелічэньне платы за сацыяльныя паслугі, пакуль ня вырашана. Аднак за такі падатак выказаліся прэм’ер-міністар краіны Міхаіл Мясьніковіч, Міністэрства працы й сацыяльнай абароны, а таксама намесьнік міністра па падатках і зборах. Як успрымаюць прапанову кіраўнікоў ураду беспрацоўныя Гомеля — рэпартаж ад гарадзкога цэнтру занятасьці насельніцтва.

Афіцыйна ў паўмільённым Гомелі ўзровень беспрацоўя невысокі: усяго 0,6 адсотка ад эканамічна актыўных жыхароў. Аднак гараджане ідуць і ідуць у цэнтар занятасьці: адны — каб перавучыцца і ўладкавацца на сталую працу, іншыя — на сэзонную ўборку ўраджаю.

Сярэдняга веку кабета, якая назвалася Галінай, працавала ў шпіталі санітаркай, але звольнілася з-за малога заробку — «бруднымі» выходзіла каля 2 мільёнаў, а з улікам адлічэньняў — усяго паўтара мільёна.

На намер кіраўнікоў ураду ўвесьці падатак зь беспрацоўных Галіна рэагуе досыць эмацыйна:
Ім трэба яшчэ зьвярнуцца ў раддом. Там дзеці нараджаюцца — і адразу браць зь іх

«Ім трэба яшчэ зьвярнуцца ў раддом. Там дзеці нараджаюцца — і адразу браць зь іх падаткі. Немаўля нарадзілася — бяром падатак. У ясельную групу пайшлі — ясельных групаў і дзіцячых садкоў у горадзе шмат, дык чаго не схадзіць туды і ня ўзяць зь іх падатак? Канечне, абсурд!»

Жанчына кажа, што калі чыноўнікі лічаць, што падатак зь беспрацоўных — гэта паратунак для бюджэту краіны, то няхай паспытаюць «лёгкага хлеба» беспрацоўнага:

«Калі для іх гэта паратунак, вялікія грошы, то няхай любы зь іх знойдзе час альбо ў адпачынку пабудзе беспрацоўным. Няхай паходзіць, папытаецца, зь людзьмі пагутарыць — не абавязкова ж у крэсьле сядзець. Яны ж усе ў нас з народу!»

Гамяльчук Сяргей прыйшоў у цэнтар занятасьці, каб запісацца на заўтра ў прыгарадны саўгас на ўборку морквы. Так можна зарабіць за дзень тысяч семдзесят, а як пашанцуе, то й дзевяноста. Сяргею — 54 гады, ён былы афіцыянт зь веданьнем ангельскай мовы. На працу па спэцыяльнасьці яго не бяруць — патрэбныя маладыя. За няплату ў кватэры Сяргея адключылі газ, электрыку, ваду. Кажа, што паесьці іншы раз няма за што. Якія тут яшчэ падаткі?

«Я не разумею, з чаго можна браць падаткі ў беспрацоўнага, калі ён і так ледзьве выжывае? На грані — выжыве, ня выжыве. З чаго я буду плаціць падатак? У калгасе тым я зараблю капейкі, каб пражыць. І ўсё. Раней гаварылі, што з багатых трэба браць, бо ў іх шмат грошай. А цяпер што — зь беспрацоўных? Гэта наагул нейкі ідыятызм!»
Раней гаварылі, што з багатых трэба браць, бо ў іх шмат грошай. А цяпер што — зь беспрацоўных?

Малады хлапец Арцём, сьлесар-электрык па спэцыяльнасьці, таксама шукае працы праз цэнтар занятасьці. Але нічога добрага не знаходзіць, бо на прапанаваных вакансіях — заробкі ў межах 2 мільёнаў:

«Няма з чаго плаціць. Ды як плаціць, калі не працуем? У Беларусі наагул няма сэнсу працаваць — заробкі ўсюды малыя. Глядзіце: сьлесар па рамонце аўтамашын — 2 мільёны. Што гэта, заробак? Няхай робяць больш умоваў для маладых, каб працу добрую знайсьці . А то ў нас нармальна толькі, калі маладых у вёску заганяюць. У калгасы там нейкія. Але нікому з маладых гэта не падабаецца».

Арцём з напарнікам кажуць, што калі нічога годнага для сябе ня знойдуць у Гомелі ў бліжэйшы тыдзень, то паедуць у суседнюю Расею. Гэтаксама як і тысячы іншых адмыслоўцаў. І найперш — будаўнікоў.

Па падліках тых жа ўрадоўцаў, за мяжу на працу выяжджаюць каля 450 тысяч беларусаў, якіх беларускі ўрад таксама хоча прымусіць плаціць болей за сацыяльныя паслугі — жыльлёва-камунальныя, мэдычныя, адукацыйныя. Праўда, гамельчукі ня могуць уцяміць, як практычна гэта зрабіць, калі, напрыклад, галава сям’і працуе за мяжой, а жонка — у Беларусі? Працуе тут, гадуе дзяцей, у школу выпраўляе.

Адзін зь беспрацоўных, які не схацеў назваць свайго імя, выказаўся за ўвядзеньне шэрагу падаткаў, у тым ліку й на грамадзянства:

«Трэба проста падатак на грамадзянства ўвесьці! І на пражываньне! І на паветра ўвесьці».

На думку суразмоўцы, падатак зь беспрацоўных — гэта крок да фармаваньня арміі таннай працоўнай сілы:

«Загоняць лішні раз у кабалу. А потым зробяць даўжніком — нешта накшталт абавязковай адпрацоўкі. Грамадзкія працы патрэбныя — тая ж уборка гародніны альбо прыбіраньне тэрыторыі. Калі мала будуць плаціць, людзі ня будуць езьдзіць. А так іх пад канвоем! Садзіць за краты — навошта? Цябе садзіць — цябе карміць, траціць бюджэтныя грошы. Прасьцей — працоўны лягер».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG