Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Назарбаеў могуць выступіць супраць пашырэньня мытнага саюзу


Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка (архіўнае фота)

Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка (архіўнае фота)

Такое меркаваньне выказаў напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан прадстаўнік гэтай краіны ў Асацыяцыі памежнага супрацоўніцтва Марат Шыбутаў.

На яго думку Астана і Менск могуць выступіць адзіным фронтам супраць пашырэньня мытнага саюзу за кошт Армэніі і Кіргізстану. Ерэван прыняў нядаўна палітычнае рашэньне аб уступленьні ў інтэграцыйнае аб'яднаньне. Бішкек, у сваю чаргу, распрацоўвае "дарожную мапу» па ўступленьні ў мытны саюз і нават выступае з ініцыятывай стварэньня новых інстытутаў у рамках саюзу.

Шыбутаў упэўнены: "Беларусь і Казахстан паспрабуюць выпрацаваць сумесны плян дзеяньняў па гэтым пытаньні. Мяркую, стаўленьне да гэтага ўступленьня будзе адмоўным. Нашы краіны не павінны пакутаваць з-за незадаволенага эга Уладзімера Пуціна і яго ўнутрыпалітычных праблем".

Варта адзначыць, што афіцыйны Менск падзяляе ня ўсе падыходы Казахстану да мытнага саюзу. На мінулым тыдні прэм'ер Беларусі Міхаіл Мясьніковіч падчас сустрэчы кіраўнікоў урадаў мытнага саюзу ў Астане ацаніў прапановы Казахстану па стварэньні Эўразійскага саюзу наступным чынам: "Сёння прапануецца разгледзець прапанову казахстанскага боку - тое, што тычыцца асабліва інстытуцыйнай часткі. Прапануецца новая структура саюзу. Шчыра кажучы, для нас, можа быць, з-за недахопу інфармацыі, не зусім зразумела, навошта гэта трэба".

Паводле дадзеных статыстыкі, гандаль Беларусі найбольш сярод партнэраў па мытным саюзе завязаны на гэты саюз: летась траціна беларускага экспарту прыпадалі на краіны саюзу (Казахстан і Расею), ў той час як у Казахстана гэтая доля складала 7%, у Расеі – 8%.
XS
SM
MD
LG