Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Словы з гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...» – у інтэрвію не кіраўніка суполкі БНФ, а першага міністра спорту і прэзыдэнта Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Уладзімера Рыжанкова.

Гэта часопіс «Беларусь», 1992 год, пік Адраджэньня, і спартовыя чыноўнікі паварочваюцца да нацыянальных каштоўнасьцяў. Я ня ведаў Рыжанкова блізка, але некалькіх сустрэчаў хапіла, каб скласьці пра яго добрае ўражаньне і як пра чалавека, і як пра кіраўніка. У 1994-ым нават дамовіўся зь ім пра сустрэчу беларускай алімпійскай зборнай з Апазыцыяй БНФ (міністар ўспрыняў гэта з інтузіязмам), але ўмяшаўся Кебіч. Да прапановы дэпутата міністар мог прыслухацца, загад прэм'ера быў абавязаны выконваць. Але ў тыя гады нікому са спартовых кіраўнікоў і ў галаву не прыходзіла назваць бел-чырвона-белы сьцяг “анучай”

А ў 1996-ым малады міністар раптоўна памёр. І прэзыдэнтам НАК стаў Лукашэнка. Супадзеньне. Так здараецца ў жыцьці. Асабліва – у жыцьці пры дыктатуры.

У 2012-ым сын Рыжанкова, Максім Рыжанкоў, быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па спорту. Да гэтага Рыжанкоў - малодшы служыў у МЗС, а працоўную біяграфію пачынаў у часы Адраджэньня, калі ягоны бацька быў міністрам. Вось так ён прыгадвае свае першыя крокі: "Быў 93-й год, ішло станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці. Адчуваньне адзінай дыпляматычнай сям'і, поўнай навізны, калі ўсе працавалі начамі напралёт, каб падрыхтаваць першы ў тваім жыцьці візыт, першы дакумэнт, першае пагадненьне. Я вельмі моцна заразіўся гэтым і ні разу потым не пашкадаваў» («Прессбол», 5 сакавіка 2013).

Я памятаю атмасфэру ў МЗС ў пачатку 90-ых. Не скажу, што ў ведамстве ўсё было ідэальна, але большасьць дыпляматаў сапраўды з энтузіязмам працавалі на тое, каб Беларусь заняла «свой пачэсны пасаг між народамі».

Але пры Лукашэнку на першае месца выйшлі не прафэсіяналізм і адданасьць нацыянальным каштоўнасьцям, а зусім іншыя якасьці.

«У 2002 годзе (Максім Рыжанкоў тады быў яшчэ зусім юным) у Варшаве пад эгідай АБСЕ праходзілі слуханьні па праблеме свабоды друку ў Беларусі. У іх прынялі ўдзел члены як афіцыйнай, так і няўрадавай дэлегацыі. Беларускі МЗС прадстаўляў менавіта Рыжанкоў. У ходзе мерапрыемства было вырашана падпісаць пэтыцыю за вызваленьне журналістаў Мікалая Маркевіча і Паўла Мажэйкі, якія тады адбывалі свае тэрміны ў беларускіх калёніях за паклёп на беларускага прэзыдэнта. Зварот пусьцілі па шэрагах для збору подпісаў. Аднак калі зварот апынулася ў той частцы залі, дзе сядзела афіцыйная беларуская дэлегацыя, то дзесьці ў раёне Рыжанкова ён зньк. Такога спрыту ад маладога дыплямата проста ніхто не чакаў. І яго запомнілі» («Народная воля», 31 кастрычнiка 2012 г)

Памочнік Лукашэнкі Максім Рыжанкоў гэтак распавядае пра бацькаву кватэру, у яко жыве: "На сьценах ўсё тыя ж вымпелы алімпійскіх чэмпіёнаў з дарчымі надпісамі бацьку, палічкі з кубкамі, спартовымі сувэнірамі, сэртыфікатамі бацькавай эпохі» ( "Прессбол", 5 сакавіка 2013).

У пачатку 90-ых беларускія спартоўцы дасягалі перамог пад бел-чырвона-белым сьцягам, кубкі чэмпіёнаў былі з выявай «Пагоні». Цікава, ці засталіся яны на паліцах – альбо прыхаваныя ў шуфляды, падалей ад вачэй калег па «прэзыдэнцкай адміністрацыі»?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG