Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дык будуць спаганяць сто баксаў за выезд ці ня будуць? Некаторыя пасьля апошняга шчырага выступу «бацькі» адкрыта трыюмфуюць – «Ня будзе пошліны, ура!», іншыя зрабіліся асьцярожнымі аптымістамі: «Напэўна, ня будзе, магчыма». У любым разе, скажам, гарадзенцы па-свойму ўдзячныя аўтару ідэі «ста баксаў», як казалі на халоднай вайне: папярэджаны, значыць узброены.

Ён папярэдзіў! Дзякуй яму. Мы кінуліся ў Польшчу на скрут галавы! Быццам напярэдадні ўвядзеньня асаднага становішча. Гучаць званы па ўсёй беластоцкай зямлі: дзякуй беларускаму «бацьку», «малінавы», сапраўдны перазвон! І нават касьцельныя гэтым разам падзвоньваюць. Беларусы «сьмецяць» на Беласточчыне ў гэтыя дні тысячамі даляраў, ня лічачы! Польскія жыхары на сёмым небе, асабліва іх гандлёвая частка. Чарга зь іхнага боку зь беларускіх легкавікоў і бусаў, поўных скрынкамі з таварам, расьцягнулася на паўтара кілямэтра, паведамляе гарадзенская прэса. Вось загаловак вялікімі літарамі: «Гродненцы опустошают польские гипермаркеты».

Даўно такога не было! Хіба калі палякі закрывалі на паўгады на перабудову свой памежны пераход Кузьніца Беластоцкая-Брузгі або пазьней, калі, далучыўшыся да Эўразьвязу, Польшча ўводзіла візы. Тады рабілася бабілёнскае стаўпатварэньне на мяжы, і цяпер вось таксама паўтарылася. Вось як можна на пустым месцы стварыць ажыятаж, цуд дый годзе!

Дзякуй, дзякуй, што папярэдзіў! А мог бы, цяперашнім звычаем, увесьці цішком зь першага кастрычніка: вы апынаецеся, безь ніякіх дрэнных прадчуваньняў, у Брузгах, а з вас сотню даляраў спаганяюць за выезд! Вось былі б неспадзеўкі! Ды яшчэ, як звычайна, «заднім чыслом»: аплаці, братка, свае выезды за кардон з пачатку каляндарнага году! А ён жа ўзяў ды папярэдзіў, дык дзякуй яму за гэта. Рэдка бо так здараецца, звычайна – як сьнег на галаву.

Дапусьцім, вам кладзецца на стол справаздача: усяго за восем месяцаў гарадзенская мытня пералічыла ў бюджэт адзін трыльён і семсот мільярдаў рублёў. Мала таго, канфіскавала тавару амаль на дзевятнаццаць мільярдаў і каля двухсот аўтамабіляў… І гэта на роўным, можна сказаць, месцы. Ваша рэакцыя? Скакаць трэба ад радасьці, гэта ж «кляндайк»! А некаму, мабыць, здаецца, што замала. Хаця мытняў такіх у нас некалькі, і год налічвае па-ранейшаму дванаццаць месяцаў, ня восем!

Я распытваў жыхароў Горадні: што яны думаюць наконт стодаляравай пошліны за выезд? Адны гаварылі, што ім ўсё роўна: яны жывуць за дзесяць кілямэтраў ад Польшчы, але ніколі там не былі. Іншыя казалі: хай уводзяць, але толькі адносна тых, хто пастаянна гандлем займаецца. Бо калі з усіх спаганяць па сто даляраў, чарга на мяжы так скароціцца, што дзяржава мала што заробіць на гэтым. Успаміналі пры гэтым пра таго спрытнага беларуса, які за пяць год зьезьдзіў у Польшчу дзьве тысячы разоў(!) і сам, быццам бы, нідзе не працуе. Хай з такіх спаганяюць, не чапаюць звычайных людзей!

У народа хапае разумных думак. Але ўлада, у якой да сёньня пяцігодкі ў галаве, і якая Леніна перад сабой трымае, толькі думка: як бы спагнаць! Не прыцягнуць сапраўдныя інвэстыцыі, каб збудаваць сучасную прамысловасьць, ня даць эканамічную свабоду, каб мець больш падаткаў, а менавіта спагнаць! Ва ўрадзе толькі цяпер задумаліся: а можа перастаць даводзіць прадпрыемствам пляны? Бо гэта абарочваецца або перапоўненымі складамі, або «прыпіскамі». Сьмерці падобна, таварышы, сьмерці! Бо калі не даводзіць «лічбы», што тады кантраляваць? Навошта тады армія чыноўнікаў?!

А народ, ён прыстасаваўся да звычак улады, ён іх ведае як свае пяць пальцаў. Нішто ня новае пад гэтым беларускім небам! Дзесяць гадоў таму былі ўведзеныя абмежаваньні: хочаш прывезьці з Польшчы харчы? Толькі пяць кілё! З рэчмі таксама быў жорсткі ліміт. Штрафавалі мытнікі! Але горш за ўсё зрабіла начальства з бытавой тэхнікай. За любы пыласос трэба было мытні заплаціць трыццаць эўра! Найгорш з пральнай машынай выходзіла: быў ліміт па вазе, калі яго перавышаеш, то гані пяцьдзесят эўра і больш! Мусіў беларус выкручваць у новай пралцы рухавік і везьці яго асобна. Гарадзенцы дагэтуль моляцца на «мытны саюз», які раптоўна скасаваў усе гэтыя абразьлівыя абмежаваньні.

Дагэтуль зайздросна начальству нашаму, што «хітруны» палякі шчодра плацяць беларусам за вываз тавараў з Польшчы, а начальства з «горада-героя» іншых ня ведае звычак, як толькі спаганяць зь бесьпярэчнага беларуса то за ўвоз пралкі ці тэлевізара, то за ягоны фізычны выезд на «шопінг» на «сопредельную территорию». Аўтар ідэі «ста баксаў» шчыра прызнаўся: хацеў затрымаць тры мільярды даляраў, «якія вывозяцца з краіны штогод»… Варта хіба дадаць рэмарку: гэта асабістыя грошы людзей.

Чухае патыліцу беларус: і хто ж яму сёньня большы дабрадзей і сябра?
XS
SM
MD
LG