Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Наступіла гэта пасьля таго, як Кангрэс ня здолеў ухваліць бюджэтныя выдаткі на бліжэйшыя паўтара месяца з прычыны рознагалосьсяў паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі ў пытаньні рэформы сыстэмы мэдычнага страхаваньня.

Раней падобнае спыненьне фінансаваньня працы дзяржаўных службаў у ЗША — якое там акрэсьліваецца словам «shutdown» (закрыцьцё) — адбылося 17 гадоў таму.

Рэспубліканцы, якія маюць большасьць у Палаце прадстаўнікоў, у прынцыпе адобрылі бюджэт, але выключылі зь яго фінансаваньне рэформы мэдычнага страхаваньня. Сэнат, дзе дамінуюць дэмакраты, разам з прэзыдэнтам Баракам Абамам адмовілася пайсьці на любы кампраміс, прапанаваны ў апошнія гадзіны рэспубліканцамі.

Стаўкі ў гэтай парлямэнцкай бітве за бюджэт 2014 году для абодвух бакоў даволі высокія. Віна за «закрыцьцё» ўраду можа легчы фатальным палітычным цяжарам на любую зь дзьвюх партый. Пакуль што большасьць амэрыканцаў лічаць, што рэспубліканцы нясуць большую адказнасьць за сытуацыю, якая склалася. Таўро «вінаватых у закрыцьці ўраду», як лічыцца, прывяло Рэспубліканскую партыю да сур’ёзнай паразы на выбарах у Кангрэс у сярэдзіне 1990-х. Таму ўчора рэспубліканцы спрабавалі даказаць, што гэта менавіта яны прапануюць розныя варыянты працягу фінансаваньня ўраду і што адказнасьць за спыненьне фінансаваньня некаторых фэдэральных службаў ляжыць на дэмакратах.

Спыненьне дзейнасьці пакуль што датычыць толькі тых сэктараў урадавай адміністрацыі, адсутнасьць якіх у публічным жыцьці выкліча мінімальныя нязручнасьці, якіх пераважная большасьць амэрыканцаў можа і не заўважыць.

«Увесь гэты шум з нагоды таго, што краіна пацерпіць у выніку спыненьня дзейнасьці ўраду, заснаваны на няправільным уяўленьні аб тым, якія важныя для жыцьцезабесьпячэньня краіны сэктары зачыняцца. Крытыкі любяць прыводзіць прыклады закрыцьця для наведваньняў нацыянальных паркаў або закрыцьцё офісаў па выдачы пашпартоў. Але насамрэч ёсьць дамоўленасьць аб тым, што асыгнаваньні на абаронныя патрэбы ня будуць скарочаныя, пошта будзе працягваць функцыянаваньне, розныя віды сацыяльнай дапамогі будуць выплачвацца, мэдычнае страхаваньне слаба забясьпечаных і пэнсіянэраў будзе фінансавацца. Кажуць пра тое, што каля 800 тысяч дзяржаўных працаўнікоў будуць адпраўленыя ў вымушаныя адпачынкі, але ў мінулым, пасьля аднаўленьня працы, усім ім былі кампэнсаваныя страты ў заробку», — сказаў нашаму радыё палітоляг Рычард Эбэлінг, прафэсар Нортвудзкага ўнівэрсытэту ў Мічыгане.

Рэспубліканцы спрабуюць пры нагодзе гэтай бюджэтнай спрэчкі заблякаваць грошы на мэдычнае страхаваньне і тым самым нэўтралізаваць рэформу ахову здароўя, прапанаваную Абамам, якая для іх зьяўляецца сымбалем нястрымнага росту дзяржаўных выдаткаў і паўнамоцтваў ўраду на шкоду прыватнаму прадпрымальніцтву. Яны разьлічваюць, што скепсіс большасьці амэрыканцаў у дачыненьні да гэтай рэформы дапаможа ім узяць верх. А дэмакраты прадстаўляюць гэтую спрэчку як змаганьне за права асьвечанага ўраду даць насельніцтву мэдычнае страхаваньне. Абодва бакі імкнуцца зарабіць як мага болей ачкоў у выбаршчыкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG