Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр прафэсар філязофіі Мікола Крукоўскі


Мікола Крукоўскі
Мікола Крукоўскі

30 верасьня на 90-м годзе пайшоў з жыцьця Мікола Крукоўскі, доктар філязофскіх навук, прафэсар, вэтэран Вялікай Айчыннай вайны, аўтар шматлікіх манаграфій і артыкулаў.

Мікола Крукоўскі нарадзіўся 16 кастрычніка 1923 года на хутары каля вёскі Машкова Аршанскага раёна.

У 1938 годзе сям’я пераехала ў Оршу, дзе ў 1940 годзе Мікола скончыў 2-ю сярэднюю школу. У 1940-м паступіў на І курс Віцебскага Ветэрынарнага інстытута, адкуль у верасьні 1941-га добраахвотнікам пайшоў на фронт.

У 1945 годзе Крукоўскі паступіў на І курс філялягічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага унівэрсітэта. Скончыў БДУ з чырвоным дыплёмам у 1950 годзе.

У 1956 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю па лінгвістыцы і выдаў манаграфію «Рускі лексычны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову». Захапіўся філязофіяй. У 1965 годзе выдаў манаграфію «Лёгіка прыгажосьці». Манаграфія абаранялася ў якасьці дысэртацыі на ступень доктара філязофскіх навук у БДУ, але была правалена маскоўскім ВАКам. І толькі на трэці раз у 1982 годзе ўдалося абараніць яе пад тым жа загалоўкам і з той жа канцэпцыяй ужо на філязофскім факультэце Маскоўскага унівэрсітэта. За тыя гады было напісана яшчэ тры манаграфіі па эстэтыцы, якія ўпарта замоўчваліся ў СССР, але знайшлі добры водгук за мяжой, а кніга «Чалавек прыгожы» была перакладзена нават на кітайскую мову і выдадзена ў Пэкіне.

У 1994 годзе за чытаньне лекцыяў на беларускай мове быў звольнены з БДУ і адпраўлены на пэнсію. Пазьней, аднак, яго запрасілі на працу ў Беларускі інстытут культуры на пасаду прафэсара катэдры філязофіі, і там ён напісаў яшчэ дзьве манаграфіі: «Філязофія культуры (уводзіны ў тэарэтычную культуралёгію)» і «Бляск і трагедыя ідэалу», якая была выдадзена выдавецтвам «Беларускі кнігазбор» у 2004 годзе.

Апублікаваў каля 150 артыкулаў на навуковыя і грамадзкія тэмы. Актыўна займаўся грамадскай дзейнасьцю.

Пахаваньне Міколы Крукоўскага адбудзецца ў сераду 2 кастрычніка, развітаньне — у рытуальнай залі 9-й менскай бальніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG