Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд зь міліцыяй за бутэльку піва (ці квасу)


Аляксандар Хамратаў

Аляксандар Хамратаў

30 верасьня Ленінскі суд Магілёва пачаў разгляд грамадзянскай справы, нагодай для якой стаўся інцыдэнт паміж двума жыхарамі абласнога цэнтру і міліцыянтамі патрульна-паставой службы. Хлопцы кажуць: міліцыянты, не разабраўшыся ў сытуацыі, вылілі з бутэлькі на зямлю квас і зьвінавацілі іх, што яны пілі піва ў грамадзкім месцы. Маладых людзей не затрымлівалі, аднак яны палічылі свае правы парушанымі і пачалі іх бараніць. Адзін зь іх, Аляксандар Хамратаў, праз суд дамагаецца, каб міліцыянты кампэнсавалі яму страты ў памеры чатырох з паловай тысяч рублёў за квас.

Інцыдэнт здарыўся 9 траўня сёлета ў лесапарку аднаго з магілёўскіх раёнаў. Як сьцьвярджае Аляксандар Хамратаў, ён і ягоны прыяцель Аляксандар Аўдзееў набылі бутэльку квасу і ў парку вырашылі яе выпіць. Неўзабаве зьявіліся міліцыянты, якія ўгледзелі ў дзеяньнях хлопцаў правапарушэньне, бо палічылі, што тыя п’юць піва. Пасьля непрацяглай перапалкі, казаў суду Хамратаў, міліцыянт Аляксандар Несьцярэнка выліў з бутэлькі зьмесьціва, а саму бутэльку выкінуў.

Прапаршчык Несьцярэнка настойваў, што ў хлопцаў было піва. На этыкетцы быў надпіс «Абалонь». Бутэльку абярнуў, каб зь яе выцек напой, пасьля таго як хлопцы сказалі, што ён ня іхны. На пытаньне суду: «Чаму патруль не затрымаў правапарушальнікаў?» — міліцыянт адказаў, што іх тэрмінова праз рацыю выклікалі на месца, дзе адбывалася бойка. Прэтэнзіяў Хамратава міліцыянт не прызнаў.

Аляксандар Хамратаў заяўляе, што ў суд ён зьвярнуўся, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да шматлікіх інцыдэнтаў паміж простымі людзьмі і міліцыянтамі — бо ахоўнікі парадку не заўжды карэктна ставяцца да тых, чые правы маюць бараніць.
Супрацоўнік, знаходзячыся пры выкананьні, выкідае сьмецьце ў зялёнай зоне і сам гэта пацьвярджае

«Вось цяпер у судзе яны не змаглі абгрунтаваць на ўзроўні закону, чаму яны вылілі наш напой. А таксама — чаму яны выкінулі бутэльку, гэта ж парушэньне экалягічнай бясьпекі. То бок сам супрацоўнік, знаходзячыся пры выкананьні, выкідае сьмецьце ў зялёнай зоне і сам гэта пацьвярджае. На мой погляд, гэта недапушчальна».

Прадстаўнік вайсковай часткі № 5523 унутраных войскаў МУС, дзе служаць патрульныя міліцыянты, маёр Сяргей Шаблыка, як і прапаршчык Несьцярэнка, прэтэнзіяў Хамратава не прызнаў. Спадар Шаблыка заявіў, што, на ягоную думку, Хамратаў нэгатыўна ставіцца да супрацоўнікаў міліцыі і наагул выяўляе непавагу да органаў міліцыі ў цэлым. Такую выснову ён зрабіў, азнаёміўшыся з тэкстам пазову і паслухаўшы тлумачэньні Хамратава.

Прыяцель Хамратава Аляксандар Аўдзееў на міліцыянтаў таксама скардзіўся. Даслаў ліст міліцэйскаму начальству праз інтэрнэт. У адказе яму паведамілі, што парушэньняў з боку патрульных не было. У Аляксандра канфлікт зь міліцыяй здарыўся ўпершыню. Ён адзначае:

«Для сябе я прыняў рашэньне, што далейшая спрэчка зь імі ня мае сэнсу. Але мой таварыш працягвае ўпірацца. Я спадзяюся, што іх хоць неяк пакараюць. Колькі я ні гаварыў са сваімі знаёмымі, яны стараюцца зь міліцыяй не сутыкацца, бо тыя адразу пачынаюць зьневажаць, нават выкарыстоўваюць фізычную сілу ды псыхалягічны ціск».

Мінакі на магілёўскіх вуліцах прызнаваліся, што не наважыліся б судзіцца зь міліцыянтамі, а тым больш за чатыры тысячы рублёў. Што да канфліктаў з патрульнымі міліцыянтамі, якія высьвятляюць на месцы, ці быў факт расьпіцьця алькагольных напояў у грамадзкіх месцах, то гэта звыклая справа, кажуць людзі. Ніхто зь іх не адмаўляе, што з кампаніямі выпівох трэба змагацца. Але разам з тым людзі адзначаюць і нэгатыўныя бакі дзейнасьці міліцыі. Некаторыя меркаваньні:

Спадар: «Я б хацеў, каб калі чалавек нападпітку і яго забіраюць, каб былі сьведкі гэтаму. А бязь сьведак у нас могуць і „хуліганку“ ўпаяць. Практычна любога чалавека цяпер можна браць на вуліцы і казаць, што ён лаяўся, брыдкасловіў. Трэба, відаць, нешта рабіць, мо закон мяняць».

Спадарыня: «Бываюць яны дужа жорсткія, міліцыянты. Вось ідзе чалавек нападпітку. Ён нікога не чапае. Яны яго даганяюць, рукі круцяць. Нават б’юць. А іншы ідзе і хуліганіць — да яго нават не падыходзяць».

Людзі наракаюць, што ў горадзе, асабліва ў спальных раёнах, няма месцаў, дзе можна спакойна выпіць сьпіртнога. Вось і даводзіцца парушаць закон, кажуць людзі.

Спрэчка двух маладзёнаў зь міліцыянтамі ня скончаная. Сёньня на судовае пасяджэньне не зьявіўся напарнік патрульнага Несьцярэнкі. У судзе перапынак. Паводле маёра Шаблыкі, па факце інцыдэнту 9 траўня праверка ў частцы не праводзілася. Матэрыялы справы накіраваныя ў Сьледчы камітэт. Ён павінен даць прававую ацэнку паводзінам міліцыянтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG