Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка спрабуе стаць чальцом пуцінскага «палітбюро»


Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Чаму гендырэктар Уралкалія ня быў выданы Расеі, а толькі пераведзены пад хатні арышт у Менску? У калійным канфлікце Лукашэнка — пераможца ці марыянэтка аднаго з расейскіх уладных кланаў? Чым скончыцца гэты канфлікт?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць аглядальнік нашага радыё Валер Карбалевіч, расейскі палітоляг, прэзыдэнт холдынгу «Minchenko consulting» Яўген Мінчанка і галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.

Загадка «паўвызваленьня» Ўладзіслава Баўмгертнэра

Дракахруст: Чаму генэральны дырэктар Ўралкалія Ўладзіслаў Баўмгертнэр, які амаль месяц правёў у турме КДБ, быў на гэтым тыдні толькі пераведзены пад хатні арышт у Менску, а не экстрадзіраваны ў Расею? Напачатку гэтага тыдня прэзыдэнт Лукашэнка заявіў: » Калі расейскія сьледчыя будуць зацікаўленыя ў экстрадыцыі расейскага грамадзяніна, які намі быў затрыманы, то я тут не бачу асаблівых перашкодаў. Мы за яго абсалютна не трымаемся«.
Але высьветлілася, што трымаемся. Нагадаю кароткую перадгісторыю.
У панядзелак у межах саміту АДКБ у Сочы адбылася сустрэча паміж Лукашэнкам і Пуціным, першая з пачатку калійнага канфлікту, нібыта кіраўнікі дзяржаваў сустракаліся нават тройчы. Паводле неафіцыйных зьвестак размова ішла менавіта пра калійны канфлікт, але згода не была дасягнутая. У панядзелак у Менск прыехаў генэральны пракурор Расеі Юры Чайка, так выглядала, прыехаў, каб урачыста забраць Баўмгертнэра. Але паехаў ні з чым.
І вось у чацьвер — чарговая нечаканасьць: Баўмгертнэр вызвалены, але пад хатні арышт у Менску. Як у свой час вызвалялі Віньнікаву, Някляева, Халіп.
Што за новы паварот у справе? Што азначае гэтае паўвызваленьне? Калі «абсалютна не трымаемся», то нашто Баўмгертнэр у Менску — хоць у турме, хоць пад хатнім арыштам?

Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Старыкевіч: Я б нікому не раіў арыентавацца на тое, што кажа Лукашэнка. Ён можа казаць, па-першае, супрацьлеглыя рэчы цягам адной прамовы, цягам літаральна пяці хвілінаў, а па-другое, ён гаспадар свайго слова ў тым сэнсе, што ён гэтае слова даў і ён жа яго і забраў. Баўмгертнэр яму яшчэ патрэбны з прычыны задавальненьня пэўных мэтаў — ці то прэстыжных, ці то фінансавых. Хутчэй за ўсе другое, бо зараз дырэктара Уралкалія спрабуюць прадаць як мага даражэй.

Дракахруст: Яўген Мінчанка, вы згодны з такой даволі бандыцкай вэрсіяй? Усё ж такі кіраўнік дзяржавы і, калі пытаньне, як мяркуе Аляксандр, зводзіцца да таго, каб выбіць з партнэраў некалькі мільёнаў, то гэта неяк драбнавата. Да таго ж, я так разумею, былі нейкія пагадненьні, бо нездарма і той жа Чайка прыехаў.

Старыкевіч: Прабачце, Юры, я хацеў бы сказаць, што гутарка ідзе не пра мільёны, а пра мільярды. Мільёны «гіганта думкі» ўжо не ўратуюць. Таму, я думаю, каб справа ішла пра мільёны, то ўсе даўно дамовіліся б і Баўмгертнэр піў дзе-небудзь у сябе на лецішчы каву. Думаю, што патрабаваньні Лукашэнкі з улікам сёньняшняга стану беларускай эканомікі значна вышэйшыя, менавіта праз гэта пакуль няма кампрамісу.

Дракахруст: Яўген, вам пытаньне з гэтым дадаткам Аляксандра. Але так выглядае, што Баўмгертнэр не каштуе мільярдаў.

Яўген Мінчанка

Яўген Мінчанка

Мінчанка: Вось і я хацеў сказаць тое ж самае. Ён чалавек паважаны, дарэчы, уваходзіць у «залатую сотню» прэзыдэнцкага рэзэрву. Я не стаў бы праводзіць такую ​аналёгію і параўноўваць кіраўніка дзяржавы з бандытам, але відавочна, што ідзе вельмі сур’ёзны гандаль. Думаю, што сутнасьць гэтай гісторыі такая: акцыянэры Уралкалія, разумеючы, што ў бліжэйшы час на сусьветным рынку ў сувязі з будаўніцтвам новых канкурэнтных прадпрыемстваў можа сур’ёзна зьмяніцца кан’юнктура, вырашылі абваліць рынак і стварыць праблемы сваім канкурэнтам і тым самым затармазіць увядзеньне ў строй гэтых канкуруючых магутнасьцяў. Я так разумею, што з беларускімі ўладамі гэта не было ўзгоднена. А для беларускага бюджэту, ўлічваючы яшчэ і страты ў нафтаперапрацоўцы і экспарце нафтапрадуктаў, БКК была адным з асноўных донараў бюджэту, таму і ўзьнікла эмацыйная рэакцыя Лукашэнкі. Я не выключаю, што ў яго былі саюзьнікі ў пуцінскім палітбюро. Альбо яны былі спачатку альбо зьявіліся потым, мы бачым, што вельмі добразычліва выказваўся на адрас беларускай палітыкі Ігар Іванавіч Сечын, кіраўнік Раснафты. Я мяркую, што ідзе дастаткова сур’ёзная доўгачасовая гульня, плюс ідзе гандаль вакол умоваў эканамічнага ўзаемадзеяньня ў рамках мытнага саюзу. Там шмат пытаньняў, бюджэт Беларусі сапраўды не збалянсаваны і высокія рызыкі маюць месца быць. Зараз адбываецца істотная дэвальвацыя беларускай валюты і Лукашэнка спрабуе знаходзіць нейкія дадатковыя рычагі для ўтрыманьня эканамічнай стабільнасьці ў краіне.

Дракахруст: Валер, чаму адбылося такое «паўвызваленьне»? Калі ідзе складаны гандаль, як сказаў Яўген Мінчанка, то і трымалі б далей, так бы мовіць, вытрымала б спадара Баўмгертнэра «амэрыканка». Калі нейкая зьдзелка адбылася, то можна было б і выпусьціць, калі было сказана, што за яго «не трымаемся». А чаму паўвызвалілі і акурат да прыезду Пуціна. І, дарэчы, хачу прыгадаць: шмат хто рабіў прагнозы, што калі прыедзе Пуцін, то Лукашэнка выпусьціць Баўмгертнэра і Пуцін вывязе яго з сабой. Але ён зьвёз з сабой толькі добрыя уражаньні ад вучэньняў. Чаму?

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Тут два пытаньні: чаму Баўмгертнэр усё яшчэ знаходзіцца пад арыштам у Беларусі і чаму ён быў вызвалены з турмы і пераведзены пад аховай на кватэру?
Наконт першага. Беларускае кіраўніцтва хацела б выціснуць з гэтай сытуацыі з закладнікам максымум. І атрымаць грашовую кампэнсацыю за вызваленьне гэтага вязьня, нават названая сума — 100 мільёнаў даляраў. Гэта можна аформіць як вызваленьне пад заклад, што прадугледжана ў беларускім заканадаўстве. І прымусіць Уралкалій аднавіць картэльнае пагадненьне зь Беларуськаліем. Магчыма заключыць выгадны балянс па нафце, атрымаць новы крэдыт.
Але, тут ёсьць яшчэ адзін важны чыньнік. Беларуская палітыка шмат у чым тлумачыцца псыхалёгіяй аднаго чалавека. Лукашэнка хоча атрымаць псыхалягічную перамогу над Пуціным. Падатлівасьць суперніка Лукашэнка заўсёды прымае за слабасьць. А слабага трэба дадушыць. Яму мала перамагчы ворага, трэба абавязкова сьцерці праціўніка ў парашок, растаптаць, размазаць па сьцяне. Таму цяпер для афіцыйнага Менску прынцыпова важна вытрымаць паўзу. Кожны дзень знаходжаньня Ўладзіслава Баўмгертнэра пад кантролем КДБ — гэта дадатковы псыхалягічны допінг ад прыніжэньня прэзыдэнта краіны, якая прэтэндуе на статус вялікай дзяржавы. Лукашэнка атрымлівае асалоду ад таго, што Пуцін яго просіць, прычым некалькі разоў.
Невыпадкова Баўмгертнэр быў пераведзены з турмы пад хатні арышт у дзень, калі у Беларусь прыехаў Пуцін на вайсковыя вучэньні. Думаю, гэта была ўмова візыту расейскага прэзыдэнта.

Чаго вартае царскае слова?

Дракахруст: Чым можна патлумачыць такую сьціплую пазыцыю Крамля? Як паведамляецца, Пуцін гаварыў пра канфлікт з Лукашэнкам і ў Сочы, і падчас вучэньняў на гэтым тыдні. А Баўмгертнэр «і ныне там». Дык чаго ж вартае слова царскае?
Другі момант — інфармацыя, што ўладальнік самага буйнога пакету акцый Уралкалія Сулейман Керымаў прадае ці ўжо прадаў свае акцыі банкіру Ўладзімеру Когану, блізкаму да Пуціна. Зьмены ўласьніка, нагадаю, дамагаўся афіцыйны Менск. І вось слова Лукашэнкі, ў адрозьненьні ад слова Пуціна, аказваецца важкім: ён сказаў — пацаны зрабілі.
Гэта можа цешыць нацыянальныя пачуцьці беларусаў, але цікава, чаму так атрымліваецца? Ці насамрэч, як мяркуюць некаторыя, Лукашэнка проста выконвае плян аднаго з расейскіх бізнэс-кланаў па зьнішчэньні іншага клану?

Карбалевіч: Млявая пазыцыя Крамля па пытаньні вызваленьня Баўмгертнэра тлумачыцца некалькімі чыньнікамі. І тое, што галоўны акцыянэр Уралкалія належыць не да пуцінскага, а хутчэй да канкуруючага кляну. І тое, што адкрытая абарона алігархаў палітычны нявыгадная для Пуціна, бо пуцінскі электарат алігархаў ня любіць.
Але важны чыньнік тут — геапалітычны. Напярэдадні віленскага саміту праграмы Ўсходняе партнэрства ЭЗ рэзка абвастрылася барацьба паміж Расеяй і Эўразьвязам за кантроль над постсавецкай прасторай. Брусэль плянуе падпісаць у літоўскай сталіцы пагадненьні зь некаторымі краінамі — чальцамі гэтай праграмы аб іх інтэграцыі ў Эўропу. У адказ Масква распачала магутны контрнаступ. Правялі паказальную мытную вайну з Украінай, Армэнію прымусілі заявіць аб уступленьні ў мытны зьвяз. Забарону на імпарт малдаўскага віна ў РФ, праблемы з малдаўскімі гастарбайтэрамі ў Расеі экспэрты таксама разглядаюць як спосаб ціску на Малдову, каб заахвоціць яе інтэгравацца ў альянс, які патрануецца Масквой. І на гэтым фоне вайна зь Беларусьсю для расейскага кіраўніцтва была б цалкам недарэчнай. Няўдалы час.

«Няпуцінскіх» кланаў у Расеі няма»

Дракахруст: Яўген, як вы тлумачыце такую асымэтрыю пазыцый: адзін бок гаворыць і гэта выконваецца, а другі бок гаворыць і гэта не выконваецца?

Мінчанка: Напачатку я адрэагую на тое, што тут было сказана. Мяне, вядома, дзівіць, калі гаворыцца, што, маўляў, Армэнію прымусілі заявіць аб уступленьні ў мытны саюз, а вось тыя краіны, якія выступаюць за асацыяцыю з ЭЗ, ўсе такія добраахвотныя і радасныя. Давайце пазьбягаць такой таннай дэмагогіі .
Што датычыцца размоваў аб існаваньні пуцінскага клану і наяўнасьці «няпуцінскіх кланаў », то запэўніваю вас, што ў Расеі ўжо даўно няма ніякіх «няпуцінскіх кланаў». Кланы, ў тым ліку і мядзьведзеўская група — яны ўсе пуцінскія. Несумненна, там ідзе ўнутраная барацьба, элемэнт якой мае месца ўсюды. Больш за тое, я б не стаў пераацэньваць псыхалягічны момант у дачыненьнях паміж Лукашэнкам і Пуціным. Я думаю, што калі там і ёсьць нейкія псыхалягічныя моманты, то яны другасныя. У першую чаргу ідзе вялікая сур’ёзная гульня, якая ўключае ў сябе ў тым ліку і пераразьмеркаваньне акцыянэрных капіталаў. У рамках удзелу ў гэтай гульні Лукашэнка як раз і спрабуе стаць адным з чальцоў пуцінскага «палітбюро», стаць фактарам ўнутрырасійскай палітыкі і эканомікі.

Дракахруст: Яўген, дык вы лічыце, што гэты фактар ніяк ні на што не паўплывае, напрыклад, на расейскі электарат?

Мінчанка: Кожны раз, калі я маю зносіны з экспэртамі з нашай любімай постсавецкай прасторы, то ўсе яны — ў Армэніі, Азэрбайджане, Кіргізстане, кажуць адно і тое ж: «Вы ж разумееце, наколькі для расейскага электарату важна тое, у якіх зараз адносінах нашы краіны, гэта можа зрабіць сур’ёзны ўплыў на настрой расейскага электарату». Запэўніваю вас, што электаральны ўплыў настолькі мізэрны, што на яго можна не зважаць.

Дракахруст: Аляксандр, ці ёсьць тут псыхалягічныя бонусы, псыхалягічныя выйгрышы і, калі ёсьць, то ў чыіх вачах? Магчыма, Яўген мае рацыю, што расейскі электарат сапраўды не ў курсе, ды і няважна яму, хто там каго «кідае» , але, што тычыцца беларускага электарату, то дзяржаўныя мэдыі тлумачаць яму кожны дзень вельмі дакладна, хто каго кінуў і хто паказаў сябе круцейшым, калі нехта не зразумеў.

Старыкевіч: Спадар Мінчанка, безумоўна мае рацыю ў той частцы, што уплыў расейскага электарату цяпер досыць мала цікавіць Крэмль. У дадзенай сытуацыі расейскі электарат адыгрывае малую ролю. Але адначасова ён выказаў досыць экзатычную вэрсію, што Лукашэнка імкнецца стаць чальцом пуцінскага палітбюро. На маю думку, у кіраўніка Беларусі амбіцыі іншыя і трошкі большыя за гэтыя. Але, што тычыцца гэтай сытуацыі, то пра псыхалягічныя моманты шмат распавядаў спадар Карбалевіч. Я адзначыў бы іншае. Апэрацыя з арыштам Баўмгертнэра была добра падрыхтаваная і пралічаная, як засьведчылі далейшыя падзеі. І тое, што былі знойдзены папярэднія хаўрусьнікі ў пуцінскім асяродку — гэта фактычна выглядае безумоўным. Мы можам доўга спрачацца, ці ёсьць у Расеі няпуцінскія кланы ці няма, але відавочна, што пазыцыі Сечына і Шувалава ў дачыненьні да гэтай сытуацыі адрозьніваюцца вельмі істотна. Нават у Крамлі Ушакоў кажа пра тое, што Баўмгертнэр мусіць быць вызвалены неадкладна, а іншыя людзі трымаюцца іншых пазыцый. Псыхалёгія можа і мае значэньне, але не вызначальнае. Калі я кажу пра тое, што на коне стаяць мільярды, я не маю на ўвазе, што у вагонах у Беларусь паедуць мільярды, а насустрач Баўмгертнэр. Гаворка ідзе пра больш значныя і сур’ёзныя рэчы, такія як магчымасьць аднаўленьня таго самага калійнага картэлю. А гэта пытаньне сапраўды на мільярды. Для мяне застаецца адкрытым пытаньне, ці патрабаваў Пуцін вызваленьня Баўмгертнэра. Таму, магчыма, і самога факту прыніжэньня не было, бо згодны з тым, што не тая фігура, за якую мусіць расейскі прэзыдэнт заступацца.

Куды глядзяць галовы расейскага арла?

Дракахруст: На мінулым тыдні Менск наведаў «дэсант» кіраўнікоў буйных расейскіх кампаній: кіраўнік Ашчаднага банку Герман Грэф, старшыня рады дырэктараў Газпрому Аляксей Мілер і кіраўнік Роснафты Ігар Сечын. Размова з апошнім вызначалася асобнай цеплынёй. Сечын запэўніваў, што як гандляваў, гэтак і будзе гандляваць з Беларусьсю, маўляў, нягледзячы ні на якіх баўмгертнэраў. Падчас перамоваў прагучала прапанова, каб Сечын стаў своеасаблівым каардынатарам стасункаў расейскага буйнога бізнэса з Беларусьсю. Гэта такі рытуальны рэвэранс ці рэальны плян? І калі плян, то ці такой ужо добрай будзе новая схема супрацоўніцтва для Беларусі? І што азначае публічнае пярэчаньне супраць прызначэньня Сечына галоўным па Беларусі, выказанае кіраўніком Лукойла Вагітам Алекперавым?

Мінчанка: Ну і наконт Амэрыкі быў разнабой, і наконт пазыцыі па Лібіі быў вельмі вялікі разнабой, калі памятаеце. Былі вельмі розныя публічныя выступленьні расейскіх афіцыйных асобаў былі наконт дапушчальнасьці або недапушчальнасьці ўзброенага ўмяшаньня ў Лібіі.

Дракахруст: Гэта ўсё ж тады, калі прэзыдэнтам быў Мядзьведзеў.

Мінчанка: Так, абсалютна так. Цяпер, што тычыцца цяперашняга разнабою, то Керымаў быў блізкі да той групы пуцінскага палітбюро, якая была побач з Мядзьведзевым. Ёсьць іншая група — сечынская, якая прэтэндуе на тое, каб дамінаваць у паліўна-энэргетычным комплексе. Адпаведна Алекпераў, якому Керымаў не сябар і не таварыш, падае сыгналы, што яго не задавальняе пэрспэктыва ўзмацненьня Сечына, ўплыў якога цэлы шэраг гульцоў на расійскім рынку і цяпер лічыць празьмерным. Але Беларусь толькі падстава ў высьвятленьні гэтых ўнутраных узаемаадносінаў. І барацьба кланаў нікуды не дзелася, тым больш цяпер, ва ўмовах скарачэньня рэсурсаў, якія разьмяркоўваюцца, гэтая барацьба будзе толькі абвастрацца.

Дракахруст: Валер, вось гэты візыт Сечына і размова пра тое, што ён будзе галоўным, што празь яго пойдуць усе патокі — калі гэта здарыцца, ці не будзе гэта самым галоўным вынікам кагфлікту, прычым не надта спрыяльным для Беларусі? Ня будзе ніякіх іншых варыянтаў акрамя адухоўленага твару спадара Сечына, і Лукашэнка не зможа гуляць на супярэчнасьцях, на канкурэнцыі паміж Лукойлам, Роснафтай, Сургутнафтагазам. Ці не будзе ў гэтай сытуацыі стратаў больш, чым ад Уралкалія?

Карбалевіч: Сечын хоча стаць манапалістам у пастаўцы расейскай нафты ў Беларусь, а таксама курыраваць ўсе расейскія бізнэс-праекты ў Беларусі. Па-першае, думаю, гэта ня вельмі рэалістычна. Бо ў Расеі шмат розных алігархічных груп, якія маюць інтарэс да Беларусі. Цяжка ўявіць, што адзін Сечын можа іх усе аб’яднаць, кіраваць, курыраваць. Нават Пуціну гэтае даецца зь цяжкасьцю.
Па-другое, манаполія з расейскага боку нявыгадная Беларусі, бо будзе немагчыма гуляць на супярэчнасьцях паміж рознымі расейскімі нафтавымі кампаніямі. Прадстаўнікі МАЗу і беларускага ўраду доўгі час вядуць перамовы аб альянсе з дзьвюма расейскім кампаніямі. Хіба гэта атрымалася б, калі б партнэр з расейскага боку быў толькі адзін?

Чым сэрца супакоіцца?

Дракахруст: Праграма-максымум афіцыйнага Менску — аднаўленьне картэльнага пагадненьня паміж Беларуськаліем і Ўралкаліем. Так здаецца, па меншай меры. Аднак на гэтым тыдні Лукашэнка заявіў, што ААТ «Уралкалій» з’яўляецца банкрутам, і даручыў адпаведным органам праінфармаваць пра гэта лонданскую і маскоўскую біржы, на якіх каціруюцца акцыі расійскай кампаніі.
Вы, Валер, напісалі ў сваім блогу ў нас на сайце, што сытуацыя робіцца абсурднай: калі Ўралкалій банкрут, то навошта так імкнуцца стварыць бізнэс-аб’яднаньне з банкрутам?
А ці зьменіць сытуацыю зьмена ўласьніка «Ўралкалія»? Ніадкуль не вынікае, што Коган захоча стварыць картэль з Беларуськаліем, зь якога выйшаў Кэрымаў. Ці захоча? Ці за яго захочуць?

Старыкевіч: Гэта неабавязкова, але магчыма. І паколькі мы не ведаем, як там ідзе працэс продажу, хто напрыканцы ўсёй гэтай справы апынецца гаспадаром, то сёньня гэта проста здагадкі, лятарэя. Верагоднасьць аднаўленьне картэлю існуе. Усё астатняе — пакуль што невядомая рэч.

Карбалевіч: Паводле апошняй інфармацыі, зьявіліся праблемы з продажам Керымавым сваіх акцый ва «Уралкаліі». Нібыта ён выставіў новыя ўмовы. Таму тут шмат невядомага. Незразумела, хто стане насамрэч новым гаспадаром расейскай калійнай кампаніі? Ці не захоча ён праз нейкі час яе перапрадаць (а менавіта такія паводзіны Уладзімера Когана прагназуюцца)? Калі гаспадар часовы, то ці патрэбен яму гэты новы альянс зь Беларуськаліем?
Думаю, Баўмгертнэра перададуць Расеі тады, калі завершыцца юрыдычная працэдура продажу Керымавым сваіх акцый, і ва Уралкалія зьявіцца новы гаспадар. Пасьля гэтага знаходжаньне Баўмгертнэра пад арыштам у Менску будзе цяжка патлумачыць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG