Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат Мігальскі: Прэмію Сахарава маюць шанец атрымаць беларускія палітвязьні


Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Марэк Мігальскі сказаў нашаму радыё, што Алесь Бяляцкі, які сёньня атрымаў імя Вацлава Гаўла, мае таксама шанец атрымаць праваабарончую прэмію імя Андрэя Сахарава як адзін з палітвязьняў.

«Я вельмі рады, што Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію імя Вацлава Гаўла. Гэта важная справа ня толькі для яго асабіста, але і для ўсіх беларусаў, якія змагаюцца за свабодную і дэмакратычную Беларусь. Я меў гонар быць адным з тых, якія намінавалі Алеся Бяляцкага на гэтую прэмію. Гэта сапраўды вельмі важны дзень для мяне і, як думаю, для беларусаў. Таму што такім чынам у Эўропе чарговы раз прыгадалі беларускую справу ў кантэксьце парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі» — сказаў Марэк Мігальскі.

Адносна сёлетняй прэміі імя Андрэя Сахарава, польскі эўрадэпутат адзначыў:

«Сёньня, праз тры гадзіны, у Камісіі па замежных справах Эўрапарлямэнту будуць галасаваць пытаньне іншай прэміі, гэтым разам для ўсіх палітвязьняў у Беларусі, якіх прадстаўляюць трое зь іх, Алесь Бяляцкі, Эдуард Лобаў і Мікола Статкевіч. Я маю на ўвазе прэмію імя Андрэя Сахарава. Гэтую тройку, як кандыдатаў на прэмію Сахарава, я прапанаваў разам з польскімі эўрадэпутатамі Яцкам Пратасэвічам і Філіпам Качмарэкам. Я спадзяюся, што сёньня Камісія па замежных справах вырашыць, што гэтая наша намінацыя знойдзецца сярод трох найважнейшых, зь якіх Эўрапарлямэнт вылучыць сёлетняга ляўрэата».

Сярод намінантаў на сёлетнюю прэмію Сахарава, акрамя Бяляцкага, Лобава і Статкевіча, знаходзяцца, у прыватнасьці, Малала Юсафзай (Пакістан), Эдвард Сноўдэн (ЗША), Міхаіл Хадаркоўскі (Расея), двух праваабаронцаў з Этыёпіі. Сёньня будзе вылучаны шорт-ліст, складзены з трох намінантаў, а ляўрэат будзе выбраны 10 кастрычніка старшынямі ўсіх дэпутацкіх групаў, якіх у Эўрапарлямэнце сем.

Прэмія імя Сахарава, заснаваная ў 1998 годзе, мае грашовую вартасьць у 50 тысяч эўра і зьяўляецца галоўнай узнагародай Эўразьвязу ў галіне правоў чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG