Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэклямадаўцаў, якія раз-пораз даюць ролікі на беларускіх каналах па-беларуску, можна пералічыць па пальцах: апэратар мабільнай сувязі Velcom, вытворца пральных парашкоў «Мара», «Белзьнешэканомбанк», бровар «Крыніца», а таксама беларускія прадстаўніцтвы замежных брэндаў — Renault, Bosch, Samsung, Adidas, Indesit, Panasonic, Ceresit, Gallina Blanca ды некаторыя іншыя.

Чаму запатрабаванасьць рэклямаваньня на роднай мове застаецца досыць сьціплай?

Дырэктар рэклямнага агенцтва Starcom MediaVest Group Пётар Папялушка кажа, што ў бальшыні выпадкаў беларускасьць таго ці іншага «лэйблу» залежыць ад прынцыповай пазыцыі гаспадароў ці кіраўнікоў маркетынгавых службаў. І ілюструе гэта на прыкладах ролікаў ад «Мары» ды Velcom:

«Гэта прынцыповыя моманты, бо я добра ведаю, хто там што робіць і чаму. Што да пральнага парашку „Мара“, то гэта адназначна прынцыповы выбар уладальніка кампаніі Сяргея Левіна, які адпачатку жадаў рабіць рэкляму толькі на беларускай мове. Прычым даўно жадаў, калі яшчэ ўкладаў грошы ў піўную марку „Баброў“. А ў Velcom якраз кіраўнік рэклямнай службы вельмі добра ставіцца да беларускай мовы і лічыць: паколькі Velcom — гэта элітарны апэратар, то таму беларуская мова ім найлепш пасуе. Іншымі словамі, чыста іміджавы праект, іміджавы момант, таму што ў справе продажу яны маюць і без таго шырокае кола людзей, і няма патрэбы нешта асабліва прыдумляць. А так, каб штосьці яшчэ на экранах было пастаянна, то цяжка і ўзгадаць. Вядома, штосьці спрабуюць, экспэрымэнтуюць, але іншая справа — атрымліваецца ці не. Ёсьць цэлы фэстываль рэклямы „Adnak!“, што, мабыць, усё ж дае падставы для пэўнага аптымізму».

На пачатку 1990-х моду на іміджавую беларускамоўную рэкляму, якая пазыцыянавала сучасную Беларусь праз гісторыю і культуру, увяла шматпрофільная кампанія «Дайнова» (у тэлевізійных роліках нават ужываўся клясычны правапіс). Прыклад неўзабаве падхапілі і іншыя камэрсанты. Аднак зьмена моўнай палітыкі ў сярэдзіне 1990-х прывяла рэклямаваньне па-беларуску ў заняпад.

Тым ня меней, заўважае дырэктар рэклямнага агенцтва «Francysk Group» Сяргей Сахараў, за апошнія гады цікавасьць да рэклямаваньня па-беларуску ўзрастае. І шмат якія беларускамоўныя ролікі ўжо прэтэндуюць на эўрапейскі ўзровень:

«Калі глядзець глябальна, то зьменаў як такіх нібыта і ня бачна. Іншая справа, што калі назіраеш за зьменамі з гледзішча прафэсійнага, то, відавочна, якасныя
рэклямадаўцы ўжо самі просяць, каб распрацоўвалі праекты ў тым ліку на беларускай мове, альбо толькі на беларускай мове
зьмены ёсьць. Напрыклад, дызайн — больш прыстойны становіцца, больш высокага ўзроўню. То бок беларускае робіцца, як гэта ні патасна гучыць, эўрапейскім, хоць мне і ня вельмі падабаецца такое параўнаньне. Прынамсі, ёсьць на што паглядзець і ўжо ня сорамна, часьцей за ўсё, паказаць. Гэта я грунтуюся на тым, з чым рэальна сутыкаюся. Цешыць, што рэклямадаўцы ўжо самі просяць, каб распрацоўвалі праекты ў тым ліку на беларускай мове, альбо толькі на беларускай мове. Ёсьць і такія варыянты, і такія. Прынамсі, хтосьці ўжо спрабуе рабіць шматмоўныя варыянты — маецца на ўвазе: расейскі і беларускі. Хтосьці засяроджваецца выключна на беларускай. І калі рэкляма на белмове зьяўляецца, людзі бачаць, што прадукт якасны, адрозны, вельмі яскравы. Напрыклад, зьявілася пітная вада „Аквілія“. Выдатны прыклад таго, як можна рабіць якасную рэкляму. Прыгожую па карцінцы, на белмове, вельмі добры інсайт, пасыл унутраны. Усё досыць крута».

Разам з тым ёсьць прыклады крутога развароту ад беларускамоўнай рэклямы да расейскамоўнай. Ня так даўно ад беларускага пірага «адваліўся» значны кавалак у выглядзе карэйскага канцэрну «Samsung». Пры тым, што менавіта прадстаўніцтва Samsung Electronics у Беларусі 10 гадоў таму першым распачало шырокамаштабную рэклямную кампанію па-беларуску. Як лічыць адмыслоўца ў сваёй галіне Пётар Папялушка, чыя фірма забясьпечвае рэклямную падтрымку карэйскаму вытворцу, многія спажыўцы папросту «не даганяюць» глыбіні зьместу, патрабуючы зразумелага пасылу:

Пётар Папялушка

Пётар Папялушка

«Раней там была мэнэджэр, якая вельмі жадала, каб рэкляма была толькі на беларускай мове. Менавіта ад яе гэта ўсё і пайшло. Але зь цягам часу нешта зьмянілася. Можа, палічылі, што ўсе людзі, якія беларускую мову шануюць і разумеюць, ужо ўсё зразумелі і так. Значыць, няма ніякай прычыны далей гэта працягваць, а трэба падцягнуць і тых, хто ўсё ж мову ці не разумее добра, ці дрэнна да яе ставіцца. Таму, маўляў, трэба зараз больш рэклямы разьмяшчаць на расейскай мове. Зразумела, што ў выпадку з тым жа „Самсунгам“ так ці інакш абмяркоўвалася: так, беларуская мова вельмі спрыяе пазытыўнаму іміджу кампаніі, але ж гаворка ідзе не пра нейкую групу адукаваных, „прасунутых“ жыхароў краіны, а яшчэ і пра тых, хто неадукаваны і „непрасунуты“. Для гэтай катэгорыі беларуская мова можа быць цяжкай для разуменьня, і таму бізнэс ад гэтага можа толькі пацярпець. Адпаведна, даводзіцца пралічваць усе нюансы».

Прадстаўнікі тэлеканалаў запэўніваюць, што ім збольшага бяз розьніцы, на якой мове рэклямадаўцы прыносяць свае ролікі. Важней, каб спраўна папаўняўся бюджэт кампаніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG