Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маркіяновіч: Нас шукала толькі лібанская паліцыя


Сьвятлана Маркіяновіч
Сьвятлана Маркіяновіч

Сьвятлана Маркіяновіч распавяла Свабодзе пра выкраданьне і ўцёкі з сырыйскага палону.

Сьвятлана Маркіяновіч паведаміла, што скралі іх з Карынай Кольца на вуліцы ў Бэйруце: проста заклеілі скотчам рот і адвезьлі ў Сырыю. Так накрылі коўдрамі, што паліцыя проста іх не заўважыла. Такім чынам яны перасеклі мяжу.

Дзяўчына распавяла, што скралі іх былыя ўдзельнікі сырыйскай паўстанцкай арміі, а цяпер — простыя крымінальнікі. Прасілі за іх выкуп у боса гатэля, дзе працавала Сьвятлана. Па словах боса, прасілі мільён даляраў. Жылі яны ў двухпавярховым катэджы, у пакоі, у якім нічога не было, апроч дыванкоў на падлозе, на якіх яны спалі.

Сьвятлана кажа, што іх не катавалі. Кармілі звычайнай сырыйскай ежай, аднак пагражалі забойствам, калі запісвалі відэа, зь якога стала вядома пра тое, што іх выкралі. Баевікі размаўлялі зь імі па-ангельску.

Калі галоўны з баевікоў аднаго разу не начаваў дома і ўсе паснулі, Сьвятлане і Карыне ўдалося ўцячы. Яны скруцілі канаты і спусьціліся з другога паверху. Прытулак ім даў імам. Яны жылі тыдзень у яго ў доме, а пасьля ўжо зьвярнуліся да беларускіх дыпляматаў. Потым прыехаў іхні бос з гатэля і адвёз на мяжу Сырыі і Лібану.

Сьвятлана кажа, што толькі лібанская паліцыя ўдзельнічала ў пошуках, і тых людзей, якія выкралі дзяўчат, ужо арыштавалі.

Першы раз, кажа Сьвятлана Маркіяновіч, яна трапіла ў Лібан чатыры гады таму па кантракце. На якую працу яна туды паехала і чым займалася ў Бэйруце — на гэтыя пытаньні яна адказваць не захацела.

Па прыезьдзе Сьвятлана Маркіяновіч дала паказаньні ў КДБ, а сёньня была ў жодзінскай міліцыі. Пра што была гаворка ў міліцыі, таксама не адказала. Там яе папрасілі надта пра гэтую справу не распавядаць.

Цяпер дзяўчына пачуваецца добра і зьбіраецца адпачыць.

Карына Кольца таксама вярнулася дадому ў Малдову.

__________________________________________________________

Беларуска Сьвятлана Маркіяновіч і малдаванка Карына Кольца зьявіліся ў відэароліку, які, верагодна, быў зьняты адным з атрадаў паўстанцкай Сырыйскай свабоднай арміі. Ролік разьмясьціў 9 жніўня карыстальнік Shaker Motlak на канале Youtube пад назвай «Расейская сям’я прызнаецца ў працы на „Хізбулу“».

У прысутнасьці мужчын у масках і з аўтаматамі дзяўчаты кажуць, што прыбылі ў Сырыю пад выглядам журналістак і працуюць на ваенізаваную ісламскую групоўку «Хізбула», якая ваюе на баку ўрадавых войскаў.

Міністэрства замежных спраў Беларусі 15 жніўня пацьвердзіла беларускае грамадзянства Сьвятланы Маркіяновіч. А яшчэ празь некалькі дзён беларускія праваахоўныя органы заявілі, што беларуска ня раз выяжджала ў Лібан працаваць танцоўшчыцай у начных клюбах.

«Пра гэтую жанчыну вядома, што яна была пазбаўленая бацькоўскіх правоў за неадпаведны догляд за сынам. Цяпер яе дзіця, 2007 году нараджэньня, усыноўлена прыёмнымі бацькамі. Маральнае аблічча гэтай жанчыны, якое нам вядома, таксама пакідае жадаць лепшага», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі намесьнік начальніка ўправы наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Сяргей Колтун.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG