Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэлап: Беларусы на траціну менш пазытыўныя, чым вэнэсуэльцы


Беларусы апынуліся ў ніжняй частцы ўсясьветнага рэйтынгу пазытыўных эмоцый, ніжэй за ўсіх суседзяў. Паводле сусьветнай сацыялягічнай службы Гэлап, з усіх народаў сьвету найбольш пазытыўных эмоцый адчуваюць парагвайцы і вэнэсуэльцы, а найменш — сырыйцы і іракійцы.

Гэты рэйтынг «пазытыўнай эмацыйнасьці» ў 143 краінах служба Гэлап вызначыла, задаючы пытаньні пра тое, ці рэспандэнты адчувалі якую-небудзь з названых пяці станоўчых эмоцый папярэдняга дня. Да станоўчых эмоцый былі залічаныя: адчуваньне, што вы добра адпачылі; адчуваньне, што іншыя да вас ставіліся з пашанай; адчуваньне задавальненьня; рэагаваньне на сьвет усьмешкай і сьмехам; адчуваньне што вы нечаму цікаваму навучыліся або зрабілі нешта цікавае.

Сацыёлягі Гэлапа вызначылі «індэкс пазытыўных адчуваньняў» для кожнага народу як адсотак адказаў «так» ад агульнай сумы адказаў.

Вось гэты індэкс для некаторых выбраных краінаў:

Парагвай — 86
Вэнэсуэла — 86
Панама — 84
Коста Рыка — 84
Калюмбія — 83
Кувэйт — 83
Польшча — 72
Латвія — 63
Літва — 55
Расея — 59
Украіна — 55
Азэрбайджан — 53
Армэнія — 53
Беларусь — 53
Грузія — 53
Сэрбія — 52
Чарнагорыя — 52
Ірак — 47
Сырыя — 46

Радыё Свабода запыталася ў вядомых беларусаў, што апошнім часам выклікала ў іх пачуцьцё радасьці.

Акадэмік Радзім Гарэцкі:

«Я ўвесь час радуюся. Але не канкрэтнай сытуацыі, а прыродзе, таму, што я жывы і здаровы. А іншых станоўчых эмоцый, скажам так — грамадзка-палітычнага кшталту, у мяне даўно няма. Няма і ілюзій. А па жыцьці аптыміст, таму радуюся кожнаму пражытаму дню, прыродзе, людзям».

Рэжысэр Валер Мазынскі:

«Радасьці ў жыцьці, відаць, ёсьць. Але мне ж не 23 гады, калі сьмяяліся нават зь мятліка, які ляціць побач. А цяпер сьмяяцца наўзрыд ужо не выпадае. Я поўны пэсыміст па жыцьці, у мяне ўсё зь мінусам. Я рэдка бываю аптымістам. А тут яшчэ холадна ў хаце. Вы хочаце, каб я нешта „змарозіў“, а ў мяне не атрымліваецца…» (Сьмяецца.)

Народны артыст Беларусі, сёлетні ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктар Манаеў:

«Я радуюся кожны дзень кожнаму ранку, бо я ведаю шмат людзей, якія не прачынаюцца зранку, паміраюць, хварэюць. Вось мой сябра ногі паламаў… А я прачынаюся жывы і здаровы. Як ня радавацца? У мяне стрэчнае пытаньне: а якой шкалой мераюць радасьць? Беларусы — самая пазытыўная нацыя. Я граў у „Тутэйшых“, п’есе Янкі Купалы. Дык Мікіта Зносак — гэта суцэльная прага да жыцьця. Мы на першым месцы па радасьці! Паслухайце нашы песьні — гэта ж цудоўны пазытыў і настрой на жыцьцё!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG