Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра музу Данчыка і аднаўленьне музычнай сэрыі


У 60-я гады амэрыканская сьпявачка Джоўн Баез стала музай нашага супрацоўніка Данчыка. Баез была натхненьнем ня толькі да ўласнай творчасьці беларускага сьпевака, але й стала штуршком да музычнай сэрыі «Данчык выбірае», якую мы сёньня аднаўляем у эфіры. Гэта набор улюбёных песьняў Данчыка з розных эпохаў, з розных жанраў, на розных мовах.

Пра першы з такіх твораў і яго аўтара распавядае Данчык:

Распачаць гэты цыкл перадачаў магу толькі адной сьпявачкай, якая больш чым хто іншы натхніў мяне да сьпеваў і да гітары.

Калі мне было ня больш за дзесяць гадоў, мая бабця працавала на Радыё Свабода ў Нью-Ёрку. Аднойчы яна прынесла грамзапіс песьняў Джоўн Баез — і ад гэтага дня я стаў на ўсё жыцьцё верным прыхільнікам прыгожай, доўгавалосай брунэткі мэксыкана-ірляндкі, якую тагачасныя аглядальнікі празвалі «Мадоннай», дзякуючы ейнаму крыштальна чыстаму сапрана і далікатным рысам твару.

Найбольш мяне тады захапіла і дагэтуль захапляе Джоўн Баез сваёй манэрай і падачай: адзін голас, адна гітара — і больш нічога. Ад яе і я гэты стыль пераняў калі некалькі гадоў пазьней пачаў сьпяваць і выступаць.

Сёньня прапаную вам, можна сказаць, «прарочную» песьню, напісаную Джоўн Баез на пачатку 80-х, хутка пасьля шлюбу тады 19-гадовай лэдзі Даяны Спэнсар з брытанскім прынцам Чарльзам (для маладзейшых нашых слухачоў: гэта бацькі цяперашняга прынца-спадкаемцы Ўіляма). Як цяпер ужо ўсім вядома, шлюб гэты быў нешчасьлівы. Баез нібыта гэта адразу адчула, пабачыўшы нейкі смутак у позірку Даяны, калі тая стаяла побач са сваім новым шмат старэйшым мужам-прынцам на бальконе каралеўскага палацу адразу пасьля вянчаньня.

Гаворачы ад імя выдуманай звычайнай 19-гадовай закаханай у звычайнага юнака дзяўчыны, Баез сьпявае: «Сьлёзы на вачох лэдзі Дай. Яна ведае, што апошняя «фантазія» ХХ стагодзьдзя, хутчэй за ўсё — хлусьня. «Шкада мне цябе прынцэса, прыгожая лэдзі Дай, бо як бы не здавалася, з нас абедзьвюх сапраўдная каралева, гэта я».

Як вядома, прынцэса Даяна трагічна загінула ў аўтакатастрофе ў Парыжы ў 1997 годзе. Калі б яна жыла далей, то ў ліпені сёлета ёй бы споўнілася 52 гады.

У адноўленай нашай музычнай перадачы «Данчык выбірае», амэрыканская сьпявачка Джоўн Баез сьпявае песьню «Лэдзі Дай і я».

Сачыце за эфірам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG