Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залескі: Па абменьніках бегаюць падначаленныя Лукашэнкі


Міхаіл Залескі

Міхаіл Залескі

Падчас наведваньня «Дажынак» у Жлобіне, якія сьвяткуюцца ў гэтыя выходныя, кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў магчымасьць увядзеньня стодаляравай «выязной» пошліны, а таксама спрагназаваў магчымасьць дэвальвацыі беларускага рубля. Паводле кіраўніка краіны, «выязная» пошліна мае на мэце абмежаваць вываз валюты за межы кріаны, а дэвальвацыя беларускага рубля залежыць ад паводзінаў грамадзян і прадпрыемстваў. Паводле Лукашэнкі, калі людзі будуць «ад раньня да вечара бегаць па абменных пунктах, купляць валюту, калі суб’екты гаспадараньня і банкі будуць спаць і бачыць, што дэвальвацыя пройдзе і хтосьці на гэтым выйграе, а нашыя нягоднікі „сьвядомыя“ народ будуць падаграваць, і вы будзеце іх слухаць і бегчы ў абменьнікі, вы самі прыведзяце да таго, што аслабіце нацыянальную валюту». Гэтыя выказваньні камэнтуе эканаміст Міхал Залескі:

«Я мушу зазначыць, што і стодаляравае мыта, і дэвальвацыя, і шмат што іншае — яны закранаюць вельмі невялікую частку насельніцтва. Бо грошай у людзей мала, і асноўная частка людзей жыве бедна. Гэта толькі лукашэнкаўскія чыноўнікі маюць сярэдні заробак 9 мільёнаў рублёў, а ў астатніх людзей такіх грошай і блізка не бывае.

Таму па абменьніках бегаюць ня тыя, да каго зьвяртаецца наш кіраўнік, а ягоныя падначаленыя. Калі мы паглядзім структуру пакупнікоў валюты, то мы пабачым, што гэта людзі, якія жывуць добра, а не жывуць кепска. І наракаць на гэтых няшчасных, што яны нешта раскуплялі і нешта разбурылі, ня варта. Трэба на сябе наракаць, бо чалавек кіруе краінай, дзе амаль дзесяць мільёнаў насельніцтва, — і значная частка зь іх працуе за мяжой і афіцыйна перасылае сюды мільярд даляраў на год.

Ёсьць людзі, якія спрабуюць неяк арганізаваць таваразварот, гандляваць — людзі працуюць. А вінаватыя — усе, і выязное мыта — для ўсіх, а таксама яшчэ і пагрозы, што іхныя дзеці будуць мець платныя паліклінікі, а яны самі не атрымаюць пэнсіі.

Дык трэба ўрэшце вызначыцца, чаго мы хочам? Аднак няма палітыкі ў дзяржаве: прамысловай, аграрнай, эканамічнай. Так, нейкія заявы — з хворай галавы на здаровую перакласьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG