Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У часы дыктатуры папа Францішак ратаваў палітвязьняў


Хорхэ Марыё Бэргольё, будучы папа рымскі, архіўнае фота

Хорхэ Марыё Бэргольё, будучы папа рымскі, архіўнае фота

Адкрытыя новыя факты з жыцьця Хорхэ Бэргольё, зьвязаныя зь ягонай дзейнасьцю ў часы аргентынскай вайсковай дыктатуры.

У той пэрыяд нават многія блізкія Бэргольё не разумелі яго пазыцыі: чаму перад абліччам несправядлівасьці й перасьледу кіраўнік аднаго з самых буйных і ўплывовых ордэнаў маўчыць?

Падобныя пытаньні часта ўздымаліся на старонках камуністычных газэт на радасць аргентынскіх прыхільнікаў дыктатуры. 13 сакавіка 2013 году, пасьля абраньня кардынала Бэргольё на пасад сьвятога Пятра, гэтая тэма была ўзьнята наноў.

Адным з дасьледчыкаў, які ўключыўся ў пошук дакумэнтаў супраць новага Папы, быў італьянскі журналіст Нэла Скава. Аднак, да свайго вялікага зьдзіўленьня, ён знайшоў зусім адваротнае таму, што шукаў. Дасьледчык убачыў, што дзякуючы тагачаснаму генэральнаму настаяцелю Ордэну езуітаў Хорхэ Бэргольё ў Аргентыне была створана сапраўдная падпольная сетка, мэта якой было ўратаваньне дысыдэнтаў, перасьледаваных дыктатарскім рэжымам.

Знойдзеныя дакумэнты сталі асновай для кнігі «Сьпіс Бэргольё», якая некалькі дзён таму зьявілася на паліцах кнігарняў Італіі й атрымала назву па аналёгіі зь вядомым «Сьпісам Шындлера».

У ёй сабраныя сьведчанні і гісторыі 192 асоб, выратаваных будучым Папам.

Большасьць апавяданьняў тычыцца аргентынскай сталіцы, дзе жыў Хорхэ Бергольё, а таксама ўнівэрсытэту «Дэль Сальватор», зьвязанага з Ордэнам езуітаў. Менавіта тут саракагадовы езуіт хаваў шматлікіх дэсыдэнтаў, часта цэлыя групы, прадстаўляючы іх студэнтамі, якія праходзяць духоўныя практыкаваньні. Многім зь іх Бэргольё дапамагаў пакінуць краіну зь перакананьнем, што забітымі «яны не маглі б працягваць сваю місію».

Некаторыя сьведкі тых падзеі апавядаюць, што Бэргольё заклікаў да большай асьцярожнасьці, прасіў не казаць па тэлефоне слоў і не пісаць лістоў, якія маглі б прынесьці шкоду, бо гэта «ня быў час гульні ў героеў». Ён дзейнічаў асьцярожна і дзякуючы гэтаму дамагаўся вызваленьня многіх палітычных вязьняў, нават падчас прыватных сустрэч з высокімі прадстаўнікамі рэжыму, паведамляе Радыё Ватыкана.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG