Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Зьміцер Дашкевіч: «Бог, сям’я, Бацькаўшчына»


Лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч: «Калі ты ня можаш разабрацца ў сваёй сям’і, то як жа ты будзеш будаваць адносіны зь дзесяцімільённым народам?»

«З Настачкай я пазнаёміўся ў той дзень, калі выходзіў з чарговага арышту са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка. Здаецца, было гэта ў 2004-м. Настачка якраз у той час далучылася да арганізацыі, калі я сядзеў, і прыйшла сустракаць тых людзей, якія вызваляліся.

У кожнага, напэўна, гэта па-свойму адбываецца. Нехта кажа, што сустрэў, убачыў, і ўсё — абамлеў. У мяне гэта быў доўгі шлях, і Настачка пакарыла мяне, напэўна, у першую чаргу сваёй дабрынёй. Гэта тая якасьць, якую я перш за ўсё вылучаю і цаню ў людзях. У кожным з нас можа быць шмат заганаў, дзівацтваў у галовах, але калі сэрцам кіруе дабрыня і любоў, то ўсё астатняе рана ці позна можна падагнаць, пачысьціць.

Канчаткова ўсьвядоміў, што не магу жыць безь яе, калі мяне арыштавалі перад выбарамі 2010-га. Хоць пра свае пачуцьці да яе я пачаў задумвацца раней, але, можа, у нейкай ступені імкнуўся іх адштурхнуць. Цяпер я так разважаю, што, можа, тады я гэта ўспрымаў як такое пасяганьне на сваю незалежную тэрыторыю. А таксама так часта бывае ў жыцьці, што калі ты нешта маеш і разумееш, што гэта ёсьць побач і ты заўсёды можаш зьвярнуцца да гэтага чалавека, і ён можа цябе можа падтрымаць, то цэніш менш. А калі гэта забіраюць, ты ўжо, вядома, значна больш сур’ёзна задумваесься пра тое, што гэты чалавек значыць для цябе ў жыцьці.

Калі я зрабіў Настачцы прапанову выйсьці за мяне замуж і калі мы прымалі рашэньне браць шлюб, не было яшчэ суду нада мной. Мы нават ня ведалі, колькі гадоў мне дадуць — гэта будзе два, пяць, дзесяць альбо пятнаццаць. Але для нас гэта ня мела значэньня, таму што мы прынялі рашэньне і я абсалютна разумеў, што мне ў жыцьці больш нічога ня трэба. А пытаньне часу было для нас другасным. Мы былі шчасьлівыя, ужо прыняўшы гэтае рашэньне і ведаючы, што колькі б часу ні прайшло, мы будзем адзін з адным у нейкі цудоўны дзень. Гэта будзе — нашае шчасьце.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
У турме, калі нічога няма, то хочацца й таго, і гэтага зьесьці, бо дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам галодны. А калі выходзіш, то ўжо пра ежу ня думаеш, бо пачуцьцё хранічнага голаду адступае. Як выйшаў, то Настачка падрыхтавала гусь у яблыках, якая мне сапраўды мроілася, але я пакляўся, што гэта першая і апошняя гусь у маім жыцьці, таму што пакуль мы яе разрэзалі, то і мы, і нашы родныя, якія былі за сталом, былі перапэцканыя гэтай гусьсю (сьмяецца).

Што да канфлікту паміж маёй дзейнасьцю і стасункамі з Настаю, тым больш шлюбам, — вядома, пэўны канфлікт ёсьць. Я сабе ў халастым статусе мог дазволіць значна больш рэчаў, чым магу дазволіць як чалавек жанаты. Ужо ёсьць іншая адказнасьць.

Я пра гэта казаў, калі ў нас з Настачкаю было вясельле, што прыйшоў да такой герархіі каштоўнасьцяў: Бог, сям’я, Бацькаўшчына. І сям’я ў гэтай герархіі будзе заўсёды, падабаецца гэта каму альбо не падабаецца, але вышэй за Бацькаўшчыну. Таму што калі ты ня можаш разабрацца ў сваёй сям’і, калі ты ня можаш пабудаваць нармальныя адносіны са сваёй жонкай, са сваімі дзецьмі, то як жа ты будзеш будаваць адносіны зь дзесяцімільённым народам і нешта прапагандаваць? І таму, канечне, я ўжо ў тым рэвалюцыйна-бесшабашным стане, у якім я жыў раней гадоў дзесяць-дванаццаць, не магу жыць. Можа, нехта скажа — гэта кепска, нехта скажа — гэта добра, а я мяркую — гэта правільна. І так павінна быць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG