Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнта Ірану закідалі яйкамі і ботамі з крыкамі «Сьмерць Амэрыцы!»


У Тэгеране група дэманстрантаў закідала яйкамі і чаравікамі канвой прэзыдэнта Ірану Хасана Рухані, які вярнуўся зь Нью-Ёрку, дзе ўдзельнічаў у сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. Як паведамляе France-Presse, каля 60 чалавек скандавалі «Сьмерць Амэрыцы», «Сьмерць Ізраілю». Каля 300 прыхільнікаў сустракалі прэзыдэнта ў аэрапорце.

Учора Рухані правёў перамовы па тэлефоне з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам.

Гэта быў першы кантакт паміж лідэрамі дзьвюх краінаў з 1979 года, калі былі разарваныя дыпляматычныя адносіны паміж імі.

Паведамляецца, што Абама выказаў надзею на больш хуткае дасягненьне пагадненьня з Іранам па ядзернай праблематыцы, якое магло б прывесьці да зьмякчэньня эканамічных санкцыяў супраць гэтай краіны.

Раней у пятніцу Хасан Рухані заявіў, што Іран імкнецца да дасягненьня пагадненьня па пытаньні яго ядзернай праграмы, і што Тэгеран ня мае намер ствараць атамную бомбу.
XS
SM
MD
LG