Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дажынкі» ў Жлобіне: беларускі агракарнавал


27 верасьня ў Жлобіне распачаўся двухдзённы рэспубліканскі фэст-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2013».

А 14-й гадзіне адбылося тэатралізаванае шэсьце пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю. У першых шэрагах заўважны былі аграрны віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы й міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц.

Наперадзе іх крочылі артысты з бутафорскімі граблямі й косамі. А замыкалі калёну перадавікоў актывісты БРСМ з чырвона-зялёнымі сьцягамі.

На галоўную сцэнічную пляцоўку «Дажынак» перад адрамантаваным Палацам мэталюргаў перадавікі сельскай гаспадаркі і госьці праходзілі праз мэталашукальнікі й кардон атраду міліцыі спэцыяльнага прызначэньня. Тут перадавікоў уганаравалі прэміямі за посьпехі на ўборцы сёлетняга ўраджаю.

На сьвяце было багата бутафорыі: бутафорскі мёд ў бутафорскіх кадках, бутафорскія падворкі, бутафорскае збожжа ў мяшках і такія ж запрэжаныя ў аглоблі конікі.

У аднаго з навучэнцаў сельгаспрафтэхвучэньні, які малоў збожжа ў старадаўніх жорнах, менакі пыталіся: «А якога памолу мука?» Ён зацята глядзеў на цікаўных, як на дзівакаў, і ня здолеў вымавіць і слова, хаця мука была яўна грубага памолу.


Пакуль у Жлобіне грымяць «Дажынкі», дзесяткі жыхароў вёскі Стараград Кармянскага раёну паставілі подпісы пад лістом да кіраўніка дзяржавы, у якім патрабуюць рабіць фэсты-кірмашы не ў гарадах, а ў вёсках. І менавіта вёскі парадкаваць да «Дажынак», а не гарады.
XS
SM
MD
LG