Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагадненьне пра хімічную зброю ў Сырыі: Што далей?


Мёртвыя галубы ў прымесьці Дамаска, у якім, паводле апазыцыі, урад ужыў хімічную зброю
Мёртвыя галубы ў прымесьці Дамаска, у якім, паводле апазыцыі, урад ужыў хімічную зброю

Пасьля некалькіх тыдняў дыскусіяў чальцы Рады бясьпекі ААН узгаднілі праект рэзалюцыі, які абавязвае Сырыю зьнішчыць сваю хімічную зброю. Але ператварыць гэтае пагадненьне ў жыцьцё можа быць складаней, чым дамовіцца аб ім. Застаецца прынамсі пяць важных пытаньняў:

Наколькі можна гарантаваць выкананьне дамовы?

Праект рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН вызначае некалькі ясных задачаў, якія павінны быць выкананыя ў канкрэтныя тэрміны. Дамаск павінен паведаміць, якую ён мае хімічную зброю, у якой колькасьці і дзе яна месьціцца. Потым павінна быць зьнішчанае абсталяваньне для вырабу хімічнай зброі. А потым павінна быць цалкам ліквідаваная ўся сырыйская хімічная зброя, хутчэй за ўсё цягам першай паловы 2014 году.

Але ў гэтай дамове няма пагрозы пакараньня, калі Дамаск ня будзе цалкам яе выконваць. Замест гэтага, паводле агенцтваў навінаў, дамова прадугледжвае, што Радзе бясьпекі ААН трэба будзе прыняць новую рэзалюцыю, перш чым прымаць нейкія санкцыі ці рабіць ваенны ціск на Дамаск. Па сутнасьці атрымоўваецца, што супрацоўніцтва Сырыі будзе цалкам добраахвотным. Але застаецца няясным, ці сапраўды Сырыя гатовая адмовіцца ад хімічнай зброі ў той час, як там ідзе грамадзянская вайна.

Хайка Вімін, экспэрт па Сырыі ў нямецкім Інстытуце міжнародных справаў і бясьпекі, кажа, што калі Дамаск ня будзе супрацоўнічаць, Рада бясьпекі можа апынуцца ў такой самай сытуацыі, як перад пагадненьнем пра цяперашнюю рэзалюцыю:

«Калі ня будзе супрацоўніцтва, дык празь некалькі месяцаў мы вельмі нават можам апынуцца ў сытуацыі, калі з аднаго боку амэрыканцы будуць гаварыць «мы абсалютна перакананыя, што рэжым актыўна намагаецца сабатаваць гэты працэс», а расейцы будуць казаць «гэта поўная няпраўда, яны зрабілі ўсё магчымае, але сытуацыя не дазваляе дасягнуць посьпеху».

Калі гэта так, дык паўстае пытаньне, ці будзе магчымасьць прыняць другую рэзалюцыю.

Калі дамову нельга гарантаваць, ці выканае яе Асад?

Вашынгтон ня раз выказваў такую засьцярогу, але потым пайшоў на саступкі, каб здабыць падтрымку для цяперашняй рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН.

Масква заяўляе, што Сырыя будзе супрацоўнічаць, бо 14 верасьня Дамаск далучыўся да Канвэнцыі аб хімічных узбраеньнях, якая абавязвае падпісантаў ліквідаваць свае запасы хімічнай зброі.

Сырыя далучылася да Канвэнцыі пасьля таго, як ЗША выступілі з пагрозай ваеннага ўдару за выкарыстаньне хімічнай зброі 21 жніўня ў некаторых гарадах у раёне Гхута каля Дамаску, калі загінулі сотні мірных жыхароў.

Але некаторыя аналітыкі адзначаюць, што калі рэжым скарыстаў такую зброю, ён можа цалкам не адмовіцца ад яе – асабліва пабачыўшы, наколькі эфэктыўнай яна можа быць.

Пол Шультэ, экспэрт фонду Карнэгі, кажа:

«Калі Асад будзе цалкам супрацоўнічаць, гэта будзе значыць, што ён згубіць ваенныя матэрыялы і абсталяваньне на некалькі мільярдаў даляраў. Але заўсёды ёсьць магчымасьць захаваць невялікую колькасьць, бо мы цяпер гаворым не пра ваенна значныя колькасьці, што вымяраюцца тонамі. Відавочна, што адносна невялікія колькасьці, скарыстаныя для удараў у Гхуце могуць мець непрапарцыйны эфэкт.

Як Дамаск адрэагаваў на дамову?

Калі Масква і Вашынгтон дасягнулі агульнага пагадненьня абавязаць Сырыю адмовіцца ад хімічнай зброі, каб пазьбегнуць амэрыканскіх удараў, Дамаск адрэагаваў з энтузіязмам. Міністар нацыянальнага прымірэньня Алі Гайдар назваў гэтае пагадненьне «перамогай Сырыі, дасягнутай дзякуючы нашым расейскім сябрам».

Сам Асад пазьней заявіў, што ня бачыць перашкодаў гэтаму пляну. Але ён дадаў, «заўсёды ёсьць імавернасьць, што тэрарысты будуць перашкаджаць працы экспэртаў, замінаючы і патрапіць у нейкія месцы».

Рэжым пакуль ніяк афіцыйна не пракамэнтаваў праект рэзалюцыю, падрыхтаваны цяпер для Рады бясьпекі ААН.

Як адрэагавала сырыйская апазыцыя?

Сырыйская апазыцыя вельмі разьяднаная, але выглядае, што яна амаль аднагалосна непрыхілна ставіцца да ініцыятывы з хімічнай зброяй.

У адказ на папярэдняе пагадненьне паміж Вашынгтонам і Масквой, базаваная ў Турэччыне Сырыйская нацыянальная кааліцыя папярэдзіла, што рэжым Асада ў мінулым неаднаразова парушаў пагадненьні. Свабоднае сырыйскае войска таксама скрытыкавала пагадненьне.

Абедзьве групы спадзяваліся, што ўдар з боку ЗША аслабіць рэжым Асада. Таму каштавала немалых дыпляматычных высілкаў пераканаць паўстанцкія групы, што не ў іх інтарэсах сабатаваць пагадненьне. Але праца дыпляматаў ускладняецца тым, што ў Сырыі цяпер найхутчэй набіраюць уплыў ісламісцкія групоўкі, у якіх практычна няма сувязяў з заходнімі краінамі.

Наколькі непрадказальную ролю могуць адыграць ісламісцкія паўстанцкія групоўкі ў Сырыі?

У гэтым месяцы 13 паўстанцкіх груповак падпісалі заяву, у якой выказаліся супраць заходняй стратэгіі ў Сырыі, супраць апазыцыі ў эміграцыі, а таксама заклікалі аб'яднаць усе вайсковыя і цывільныя сілы паўстанцаў на «ісламскім апірышчы».

Экспэрт па Сырыі Чарлз Лістэр з брытанскага цэнтру дасьледаваньняў тэрарызму і паўстанцаў, назваў гэтае аб'яднаньне 13 груповак «найбуйнейшай і наймагутнейшай паўстанцкай арганізацыяй Сырыі». Сярод яе ўдзельнікаў групоўка Фронт аль-Нусра, якая мае сувязі з Аль-Каідай.

Мяркуецца, што разам гэтыя 13 груповак кантралююць дзясяткі тысяч ваяўнікоў. Калі гэтая кааліцыя захаваецца, заходнія краіны ня будуць мець уплыву на тое, што адбываецца на значнай частцы поўначы Сырыі, а таксама ў шэрагу раёнаў Хомса і Дамаска.

Калі ісламісцкія групоўкі палічаць, што ў іх стратэгічных інтарэсах здабыць сабе хімічную зброю альбо сабатаваць пагадненьне ў Радзе бясьпекі ААН, вядучыя краіны сьвету могуць усё ж аказацца ўцягнутымі ў сырыйскі канфлікт, каб забясьпечыць ліквідацыю хімічнай зброі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG