Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Поруч з галадоўкай ды ўскрыцьцём венаў успорваньне жывата лічыцца сярод вязьняў адным з найбольш папулярных «крайніх» спосабаў пратэсту. Як тыя японскія самураі, вязьні...

Ускрываючы сабе жываты, вязьні як тыя японскія самураі імкнуцца прадэманстраваць сваю мужнасьць перад тварам болю і сьмерці ды вернасьць сваім ідэям і прынцыпам. У беларускіх ды іншых вязьніцах на былой савецкай прасторы так званае харакіры або сэпуку, аднак, звычайна не заканчваецца сьмерцю. Падобны крок для зэкаў — хутчэй як праход па мінным полі.

Адміністрацыю папярэджваюць: сёньня можа быць такі вынік, а заўтра зусім іншы. Спадзяваньні на Бога або на хуткую рэакцыю міліцыянтаў у зьняволенага, аднак, нягледзячы на ўсю рызыкоўнасьць учынку, заўсёды застаюцца. У кожным выпадку так званае харакіры ў беларускіх турмах лічыцца надзвычайным здарэньнем і прадметам вялікага галаўнога болю для адміністрацыі.

Асуджаны Гарадзенскай «крыткі» Мікалай Аўтуховіч — адзіны сярод беларускіх палітвязьняў, які пайшоў на гэты крок. У расейскіх «палітычных» такая форма выкліку турэмным уладам часам здараецца, аднак і там гэта рэдкасьць.





«Парэзы траўмавалі брушную сценку...»


Аднак спачатку да допісаў нашых чытачоў і слухачоў, якія неабыякавыя да лёсу гэтага чалавека. Як наш актыўны карэспандэнт, у мінулым асуджаны Зьміцер Вольны, шмат хто дае сваю ацэнку гэтаму ўчынку і цікавіцца цяперашнім станам здароўя Аўтуховіча.

Зьміцер Вольны піша:

«Мiкалая Аўтуховіча ведаю асабіста, таму таксама хвалююся за яго. Ці вядома, як ён жывот ускрыў? Калі кішкі вонкі, то гэта сур’ёзна і небясьпечна ўдвайне. Спадзяюся, што цяпер зь ім больш-менш добра i мэдычная дапамога аказаная своечасова, бо мянтам самім не патрэбны такі кіпеш, які выйдзе на міжнародны ўзровень...»

Іншы актыўны ўдзельнік форуму нашай праграмы Powala дадае:

«Што там адбылося — пакуль дакладна невядома. Будзем спадзявацца, што гэта без сур’ёзных наступстваў для здароўя. Ёсьць усё ж магчымасьць прабіць сьценку (жывата) так, каб не закрануць унутраных органаў, але справа гэтая рызыкоўная нават для дасьведчанага чалавека».

Паводле апошняй інфармацыі, якую мы атрымалі ад праваабаронцаў «Плятформы», «Мікалай Аўтуховіч, пры спробе ўскрыць лязом жывот пасьпеў нанесьці сабе тры парэзы. Гэта адбылося на пачатку верасьня у адказ на прыдзіркі адміністрацыі. Парэзы траўмавалі брушную сьценку, аднак, на шчасьце, не дайшлі да брушной поласьці. Іншыя парэзы нанесьці сабе ён не пасьпеў, бо яго сусед па камэры адразу падняў паніку, і на крыкі вельмі хутка адрэагавалі супрацоўнікі турмы. Дапамога была своечасовая і ў поўным аб’ёме. Цяпер Аўтуховіч у сваёй камэры, скаргаў на самаадчуваньне ў гэтай сувязі ня мае».



Пераверзін: «Мой плян быў расьпісаны па кроках ...»


Інтэрвію У. Пераверзіна напярэдадні выхаду кнігі

Як робяцца харакіры па-турэмнаму, апісаў у сваёй кнізе «Закладнік: Гісторыя мэнэджэра ЮКОСа» расейскі палітвязень Уладзімер Пераверзін. У мінулай праграме мы зачыталі ўрывак з гэтай кнігі. У гісторыі гэтага расейца, які адмовіўся даць сьледзтву патрэбныя паказаньні і быў «закрыты» на 7 гадоў, нашы слухачы ды чытачы ўбачылі шмат беларускіх паралеляў. Сёньня яшчэ адзін урывак з «Закладніка». Пра адчайны крок вязьня, выкліканы невыноснымі зьдзекамі адміністрацыі калёніі. Як прызнаецца аўтар, ідучы на яго, ён усё ж «хацеў жыць».

Уладзімер Пераверзін

Уладзімер Пераверзін

«Ад асуджаных я чуў шмат гісторыяў пра разрэзаныя вены, прабітыя жываты і г.д. Я доўга ламаў галаву, на чым спыніцца, і пасьля глыбокіх роздумаў зрабіў свой нялёгкі выбар. Адзінае, што хвалявала: а што падумае мой сын, калі мая спроба акажацца няўдалай, а дакладней, занадта ўдалай? Я не хацеў, каб мяне лічылі самагубцам. Мой плян быў расьпісаны па кроках ...

...Вячэрняя праверка. Змрочны зімовы дзень, ідзе невялікі мокры сьнег. У чаканьні званка асуджаныя спакойна шпацыруюць па невялікім дворыку. Я прагульваюся сярод зэкаў і раблю выгляд, што ўдзельнічаю ў размове. На самой справе я ня чую, што яны кажуць, я ўвесь у сваіх думках. Пад зашпіленай ватоўкай — голае цела. Роба расшпілена і падгорнута так, каб не перашкаджаць задуманаму. Халодны вецер пакусвае скуру. У руцэ, паміж пальцамі, я сьціскаю лязо. У нагруднай кішэні ў мяне схавана яшчэ адно, запасное, на ўсялякі выпадак. Чуваць званок. У кожнага зэка сваё месца ў шэрагу. Мы шыхтуемся і чакаем...

Адзінае, што хвалявала: а што падумае мой сын, калі мая спроба акажацца няўдалай, а дакладней, занадта ўдалай? Я не хацеў, каб мяне лічылі самагубцам. Мой плян быў расьпісаны па кроках ...

— Іваноў! — крычыць дзяжурны.

— Пётар Мікалаевіч, — паўтарае яму асуджаны і выходзіць з шэрагу.

Я чую прозьвішчы: Лізачкін, Нікалаеў, Панін.

Цяпер мая чарга.

— Пераверзін, — даносіцца да мяне.

— Уладзімір Іванавіч, — крычу я і выходжу з шэрагу, лічачы крокі.

Раз, два — павярнуўшыся сьпінаю да дзяжурнага, на хаду расшпільваю ватоўку.

Тры, чатыры — я са зьдзіўленьнем гляджу на свой аголены жывот і лязо ў правай руцэ.

Пяць, шэсьць — лязо ўваходзіць у жывот, нібы ў масла.

Мы тут ні пры чым! Нам тэлефанавалі і прасілі цябе прэсануць...
Першы ўдар быў самы цяжкі, недастаткова глыбокі, але самы важны. Пасьля яго цябе накрывае хваля адрэналіну, і ты, не адчуваючы болю, уваходзіш у раж...

Далей я бачу ўсё нібыта звонку, аднекуль збоку і зьверху. Бачу зьдзіўленыя твары днявальных з застылымі ў крыку ратамі. Яны з усіх ног нясуцца да мяне, атачаюць, накідваюцца і абляпляюць з усіх бакоў. Сілаў і, напэўна, жаданьня супраціўляцца ў мяне няма. Я магу толькі слабым голасам, перасохлым ротам хрыпець: «Свабоду палітвязьням!»

...Раны аказаліся недастаткова сур’ёзнымі, і ўсё засталося на сваіх месцах. Вантробы — на сваім, а я — на сваім, у калёніі. Праўда, ужо ў іншым, 11-м атрадзе — «атрадзе з палепшанымі ўмовамі ўтрыманьня асуджаных». На памяць пра тыя падзеі ў мяне на жываце засталіся шрамы...

Цешыцца палепшанымі ўмовамі адзінаццатага атрада давялося нядоўга. Мяне пераводзяць у іншую калёнію. І я зноў зьбіраюся на этап.

На разьвітаньне капітан Рыбакоў кажа мне: «Ну што ты нам, кепскі ты чалавек, паскудзіў, скардзіўся на нас?! Мы тут ні пры чым! Нам асабіста на цябе напляваць, нам з Масквы тэлефанавалі і прасілі цябе прэсануць»...

Я доўга ня мог паверыць, што ў кагосьці ў Маскве ёсьць такая нездаровая цікавасьць да маёй пэрсоны
».



«Для Мікалая гэта ўсё як баявыя дзеяньні...»


Алег Алкаеў

Алег Алкаеў

І ў выпадку з расейцам Уладзімерам Пераверзіным, і ў выпадку зь беларусам Мікалаем Аўтуховічам прэсаваньне «палітычных» абумоўленае так званым тэлефонным правам, якое для адміністрацыі турмаў сёньня нашмат важнейшае за Закон. Як адзначыў у інтэрвію сайту «Палітвязьні» колішні начальнік «Валадаркі», палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, «паколькі зьверху існуе „заказ“ на палітвязьня, жаданьне, каб ён цярпеў болей, чым іншыя, то яны (адміністрацыя — Р.С. ) і выконваюць яго тупа, старанна. Пішуць ліпавыя паперкі, што маўляў, не прачнуўся да пад’ёму...»
Чамусьці яны злодзеяў у законе ня вельмі ахвотныя ламаць.
«Але хіба не відавочна, што Мікалая Аўтуховіча зламаць немагчыма? — працягвае ён. — Гэта ж і дурню зразумела, што ён не адступіцца ад сваіх поглядаў і прынцыпаў. Але, відаць, там кіраўніцтва яшчэ больш бязглуздае. Каб ламаць чалавека, трэба сапраўды гэтым займацца прафэсійна. Але сёньня ў гэтых структурах няма адмыслоўцаў. Чамусьці яны злодзеяў у законе, якія сапраўды ўплываюць на крымінальную палітыку, ня вельмі ахвотныя ламаць. Іхнія камэры абмінаюць. Ці там нейкіх крымінальных аўтарытэтаў. Ну не выходзіць у іх гэта. А затое знайшлі для сябе ахвяраў: Аўтуховіча зламаць».

Паводле Алега Алкаева, «барацьба з Аўтуховічам — гэта проста пустое», ..., Былы начальнік менскага СІЗА называе ўчынак палітвязьня «крайняй мерай пратэсту ў турмах». Гэта адбываецца, «калі чалавек вельмі востра адчувае праяву несправядлівасьці ў адносінах да сябе», калі зь яго «наўмысна робяць парушальніка рэжыму».

Іншы былы міліцыянт, маёр у адстаўцы, колішні палітвязень Сяргей Парсюкевіч, знаёмы з Аўтуховічам асабіста, ацэньвае Мікалая як вельмі моцнага чалавека, аднаго з наймацнейшых з тых, хто сёньня сядзіць у турмах. На яго погляд, зьдзяйсьняючы гэты ўчынак, Мікалай быў гатовы ісьці да канца.

Сяргей Парсюкевіч

Сяргей Парсюкевіч

Парсюкевіч: «Думаю, што гэта такі спосаб барацьбы, бо зрабіць нічога іншага, каб элемэнтарна паставіць на месца адміністрацыю, немагчыма.

Самае цяжкае там — усьведамленьне сваёй амаль поўнай бездапаможнасьці, нават з камэры ня выйдзеш, нічога асабліва ня скажаш, ніякай сволачы ў рыла не дасі.

Пры гэтым ідуць пастаянныя спробы цябе прынізіць. Гэта моцна сьціскае спружыну і рве нэрвы. Увесь гэты час я дзіўлюся вытрымцы гэтага чалавека. Я ведаю, што як вайсковец Мікалай успрымае сваё зьняволеньне як палон. І для яго гэта ўсё баявыя дзеяньні. Ну, ён жа вайну прайшоў... Мужык змагаецца за ўсё, чаго яго пазбавілі — за сям’ю, уласную справу, нарэшце, здароўе і жыцьцё...Да канца».
Самае цяжкае там — усьведамленьне сваёй амаль поўнай бездапаможнасьці, нават з камэры ня выйдзеш, нічога асабліва ня скажаш, ніякай сволачы ў рыла не дасі.

Паводле Парсюкевіча, «ускрыцьцё Аўтуховіча ў любым выпадку — надзвычайнае здарэньне. А таму прычыны хаця б фармальна, але ўсё ж будуць расьсьледавацца, будзе агалоска.

Зноў жа, ён дае зразумець, што калі яго і далей будуць прэсаваць, то ён можа і на больш радыкальныя крокі пайсьці».




Наколькі небясьпечна «ўскрывацца»?


«Здароўе Аўтуховіча падарванае, але, думаю, яшчэ далёка не да канца. Спадзяюся , што ён адновіцца. Ён вельмі моцны чалавек, вайсковец», — кажа вэтэран Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Сяргей Парсюкевіч.

З гледзішча мэдычнага аспэкту такіх учынкаў, як турэмныя харакіры, то тут ад экспэртаў можна пачуць самыя розныя меркаваньні. Так, былы адвакат Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка ў інтэрвію інтэрнэт-выданьню «Ежедневник» сказаў: «Спробы перарэзаць сабе вены ці жывот — найбольш ашчадныя пашкоджаньні, якія не прычыняюць здароўю чалавека істотнай шкоды. Гэта адносна „мірны“ пратэст супраць дзеяньняў турэмнай адміністрацыі».

У колішняга палітвязьня, доктара мэдыцыны, аўтара кнігі «Турма і здароўе» Юрыя Бандажэўскага іншы погляд:

Юры Бандажэўскі

Юры Бандажэўскі

«Гэта небясьпечна для жыцьця заўсёды, а ў турэмных умовах — вельмі небясьпечна. Дадам, што пранікальныя раненьні брушной поласьці —самыя балючыя ў параўнаньні з падобнымі ж раненьнямі іншых частак цела.

Жаданьне Мікалая Аўтуховіча пайсьці на такі крайні крок сьведчыць пра тое, што яму вельмі цяжка супрацьстаяць сытуацыі, у якой ён знаходзіцца. Патрэбная дапамога звонку — маральная, матэрыяльная, любая. Нельга зьмірыцца з усім гэтым. Мікалай — вельмі мужны чалавек, але сілы чалавечыя не бязьмежныя. Трэба дапамагчы яму вытрымаць гэтае выпрабаваньне».

Былая супрацоўніца галоўнага турэмнага шпіталя, мэдык паводле адукацыі, а цяпер праваабаронца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч згодная з меркаваньнем Бандажэўскага.

Алена Красоўская-Касьпяровіч

Алена Красоўская-Касьпяровіч

Красоўская-Касьпяровіч: «З досьведу маёй уласнай працы ў турэмным шпіталі ведаю, што сапраўды існуе практыка, калі зьняволеныя самі сабе наносяць парэзы, найчасьцей на перадплеччы, каб было шмат крыві і каб на гэта была зьвернутая адпаведная ўвага. Але такія асуджаныя ня робяць стаўкі на рэальную пагрозу жыцьцю ці на нейкія цяжкія наступствы для ўласнага здароўя. У выпадку зь Мікалаем Аўтуховічам, калі траўмы нанесеныя ў раёне брушной поласьці, я цалкам згодная з ацэнкай прафэсара Бандажэўскага: гэта вельмі балюча і вельмі небясьпечна. Гэта была ня проста дэманстрацыя парэзаў, ранаў, а крык чалавека, што ў яго ёсьць праблемы, якія не вырашаюцца, і што яму патрэбная дапамога. Упэўненая, што калі б дапамога прыйшла пазьней, то Мікалай давёў бы сваю спробу да лягічнага завяршэньня і мы б проста яго страцілі...»
Гэта была ня проста дэманстрацыя парэзаў, ранаў, а крык чалавека, што ў яго ёсьць праблемы, якія не вырашаюцца, і што яму патрэбная дапамога.

Тое, што сам ён ня схільны да блефу, Аўтуховіч пацьвярджаў ня раз, у тым ліку і ў камэры ШЫЗА Івацэвіцкай ПК-5 у сьнежні 2011 году. Празь нейкі час пасьля ўскрыцьця асуджаным венаў іншы сядзелец калёніі дазваніўся да нас у рэдакцыю і на просьбу Аўтуховіча прачытаў нам ягоную запіску. У ёй размова ішла пра прычыны ўчынку, зьвязаныя з шматлікімі парушэньнямі правоў чалавека ў папраўчай установе. Палітвязень пісаў пра сваю папярэднюю пратэстную галадоўку, на якую адміністрацыя не зьвярнула ўвагі, пра свае папярэджаньні кіраўніцтва адносна больш сур’ёзных захадаў, напрыклад, «ускрыцьця».




«Аднак там лічылі, што я блефую, — гаварылася ў запісцы. — Я ж ня нейкі хлопчык, каб гаварыць і не рабіць... Калі я рэзаў вену, чакаў, што зьявіцца струмень крыві. Але яго ўсё не было. Таму зрабіў ажно 9 парэзаў. Некаторыя дык вельмі глыбокія. Закрануў нават сухажыльлі — бачыў, калі зашывалі. Усяго атрымалася больш за 40 швоў. Хай вырадкі ведаюць, што нельга „бязьмежнічаць“. На вайне як на вайне».


«Парасуіцыд — гэта крык аб дапамозе»


Псыхолягі даюць сваё тлумачэньне арыштанцкім учынкам кшталту тых, што зрабіў Мікалай Аўтуховіч. Яны клясыфікуюць іх як парасуіцыдальныя і бачаць у іх крык аб дапамозе.

Вось як пракамэнтаваў спробы самагубства палітвязьня дацэнт катэдры экспэрымэнтальнай і прыкладной псыхалёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту Аляксандар Прудзіла:

Аляксандар Прудзіла

Аляксандар Прудзіла

«Тое, што ён зрабіў, — гэта „парасуіцыд“. Чалавек застаўся жыць, суіцыд жа заканчваецца сьмерцю. Парасуіцыдальныя выпадкі даволі распаўсюджаныя. Аднак у любым выпадку прынята лічыць, што парасуіцыд, як і суіцыд, гэта крык аб дапамозе.

Псыхалягічна, незалежна ад таго, што гэта за чалавек — ці ён самагубства зьдзяйсьняе, парэзаў вены, спробу павесіцца зрабіў. А ў турэмных умовах — тым больш, бо гэта абмежаваная прастора, навокал чужыя людзі, з адмысловай устаноўкай. Рэжым там жорсткі, турма ёсьць турма.

Адбываецца там усякае рознае, што вядома і па жыцьці, і па літаратуры, і па кіно. І чалавек калі робіць такое, ён імкнецца, каб на яго зьвярнулі ўвагу. Ён дайшоў ужо — усё, да сьценкі, і яму нічога не застаецца іншага, як сабе нейкую шкоду нанесьці.
Любога чалавека, які адседзеў за кратамі, у ідэале павінен суправаджаць псыхоляг
А ў турме — зьдзіўляцца тут няма чаму: там ня ходзяць босыя-голыя, там ёсьць лыжкі, хоць відэльцаў і нажоў няма. Каб сабе вены парэзаць ці жывот, можна любы сук востры выкарыстаць, звычайным плястыкам гэта можна зрабіць. Чалавек, калі ён прымае рашэньне, што ён хоча зьдзейсьніць самагубства, то ён знойдзе нейкі спосаб ускрыць вены, знойдзе чым».

«Свабода ў турмах»: «Пасьля выхаду на волю гэтым людзям патрабуецца псыхалягічная дапамога. Ці зможа яе атрымаць Мікалай Аўтуховіч у сваім родным Ваўкавыску?»

Прудзіла: «Псыхалягічная дапамога тым, хто выходзіць з турмы — на Захадзе, у амэрыканцаў, яны ўсе на ўліку ў псыхолягаў, у псыхатэрапэўтаў, — гэта называецца адаптацыяй. Чым больш ён сядзіць, тым цяжэй яму потым адаптавацца да новых умоваў. Канкрэтна адказ такі: у любым раённым цэнтры, у любой паліклініцы ці бальніцы ёсьць псыхатэрапэўт. Калі ў яго будзе такая патрэба, ён зможа пайсьці і запісацца на прыём, і яму акажуць дапамогу.

Ёсьць таксама тэлефоны даверу. Любога чалавека, які адседзеў за кратамі, у ідэале павінен суправаджаць псыхоляг ці нейкая такая служба. Бо ім вельмі цяжка. Ня кажучы пра сацыяльна-псыхалягічныя абставіны. Адна справа — сказаць, што ты быў некалькі гадоў у Польшчы ці ў Расеі на заробках. І зусім іншая — сусед вярнуўся, але не з заробкаў, а з турмы. Гэта як кляймо».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG