Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумесныя з Расеяй стратэгічныя манэўры «Захад-2013» прадэманстравалі новыя тэндэнцыі ў вайсковай палітыцы, мяркуюць незалежныя назіральнікі і вайсковыя адмыслоўцы.

«Манэўры прайшлі пасьпяхова і прадэманстравалі, што Беларусь рыхтуецца да ўдзелу ў магчымых вайсковых канфліктах, у тым ліку за межамі Беларусі». Пра гэта заявіў Свабодзе генэрал-маёр у адстаўцы, былы парлямэнтарый Валер Фралоў, ацэньваючы стратэгічныя манэўры «Захад-2013», якія праходзілі ў Беларусі і Расеі з 20 па 26 верасьня:

«Мяркую, супрацьстаяньне Ўсход — Захад паціху пераносіцца, калі хопіць узаемаразуменьня ў эўрапейцаў і расейцаў, на лінію Поўнач — Поўдзень. Прыйдзецца ім шукаць пункты паразуменьня, бо сапраўдная небясьпека можа ўзьнікнуць на Поўдні ад гэтак званых тэрарыстаў».

Валер Фралоў

Валер Фралоў

Валер Фралоў мяркуе, што апошнім часам беларускія вайскоўцы недастаткова часу праводзяць на вучэньнях, і з гэтай прычыны іх вайсковая падрыхтоўка магла істотна зьнізіцца.

Сцэнар манэўраў «Захад-2013» складаўся з вайсковых апэрацыяў супроць груп тэрарыстаў, якія нібыта праніклі на тэрыторыю саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Паколькі кульмінацыя манэўраў праходзіла на межах з краінамі НАТО, іх прадстаўнікі ўжо выказалі занепакоенасьць тым, што Беларусь і Расея рыхтуюцца да агрэсіі. У прыватнасьці, ад кіраўніцтва Эстоніі прагучалі заявы пра адпрацоўку ўдару па Прыбалтыцы. Беларускі аглядальнік Дзяніс Мельянцоў у магчымасьць вайсковага канфлікту Расеі і яе саюзьніцы Беларусі з Захадам ня верыць:

Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

«Кажуць пра малую імавернасьць канфлікту Расеі з Захадам, але я б яе ўвогуле адкінуў. На сёньняшні дзень і Расея, і Захад знаходзяцца ў такім стане, што непасрэднае сутыкненьне паміж імі можна цалкам выключыць. Пра Расею сёньня нельга казаць як пра нейкі іншы полюс у зьнешняй палітыцы, які супярэчыць заходняму полюсу, як гэта было падчас халоднай вайны. На сёньня Расея хутчэй зьдзяйсьняе тое, што адзін расейскі аналітык назваў квазі-стратэгіяй, квазі-зьнешняй палітыкай, з чым я згодны».

Аглядальнік Дзяніс Мельянцоў адзначыў нашмат большую, чым на мінулых падобных манэўрах, колькасьць беларускіх войскаў, якія бралі ўдзел у манэўрах «Захад-2013», а таксама тое, што ў іх была выкарыстана разнастайная вайсковая тэхніка і сучасныя вайсковыя сродкі кшталту бесьпілётнікаў. На думку Дзяніса Мельянцова, Беларусь імкнецца прадэманстраваць сваім партнэрам высокі ўзровень боегатоўнасьці і надзейнасьці, каб не застацца ўбаку ад актуальных тэндэнцыяў.

Аляксандр Алесін

Аляксандр Алесін

Якія гэта тэндэнцыі? Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін мяркуе, што манэўры «Захад-2013» насамрэч сталі адпрацоўкай магчымай кропкавай апэрацыі на поўдні. Гэта можа быць альбо Сярэдняя Азія, дзе пасьля сыходу амэрыканскіх войскаў з Аўганістану можна чакаць абвастрэньня сытуацыі, альбо іншыя гарачыя кропкі, мяркуе Аляксандар Алесін пасьля назіраньня за манэўрамі «Захад-2013»:

«І ня толькі. Вось гэтая высадка з мора, якая адбывалася пад Калінінградам, падобна, сьведчыць пра тое, што беларускі спэцназ трэніруецца для ўдзелу ў апэрацыях і на іншых вайсковых тэатрах. То бок магчымы ўдзел разам з расейцамі ды іншымі краінамі-сябрамі АДКБ у апэрацыях у рэгіёнах, дзе ёсьць выхад да мора. Магчыма, тая ж Сырыя. Расея абяцала, што калі спатрэбіцца абараніць адмыслоўцаў, якія будуць дэзактываваць хімічную зброю, то яна пашле туды частку спэцназу. Але з палітычнага пункту гледжаньня Расеі было б вельмі зручна, каб гэта быў ня толькі яе спэцназ, але і нейкі кантынгент зь іншых краін АДКБ, дзе Беларусь — другая па значнасьці вайсковая сіла».

А як быць з тым, што беларусы, калі яны трапяць у Сырыю, могуць быць уцягнутыя ў ваенны канфлікт у гэтай краіне?

«Зьяўленьне там нейкіх войскаў магчымае толькі з санкцыі ААН. І калі санкцыя будзе, то вайскоўцы сапраўды там будуць і будуць рызыкаваць. Сем’ям загінулых міратворцаў ААН выплачвае кампэнсацыі. Але рызыкі ніхто не пазбаўлены, тут нічога ня зьменіш», — кажа аглядальнік Аляксандар Алесін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG