Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 30 верасьня: Уручэньне прэміі «ПрайдзіСьвету»


Уручэньне прэміі «ПрайдзіСьвету» ў 2012-м

Уручэньне прэміі «ПрайдзіСьвету» ў 2012-м

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Конкурсная камісія прэміі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы за праваабарончую дзейнасьць імя Вацлава Гаўла абвесьціць у Страсбуры сёлетняга ляўрэата. Адзін з трох прэтэндэнтаў - Алесь Бяляцкі.

На супольным паседжаньні камітэтаў Эўрапарлямэнту будзе абвешчаны шорт-ліст з трох кандыдатаў на прэмію Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Сярод намінантаў - Алесь Бяляцкі.

Уручэньне прэміі часопіса «ПрайдзіСьвет» за найлепшы мастацкі пераклад на беларускую мову пройдзе ў кнігарні «логвінаЎ» (Менск, пр. Незалежнасці 37а). Найлепшыя беларускія перакладчыкі будуць уганараваныя ў трох намінацыях: «Проза», «Паэзія» і «Пераклад у часопісе „ПрайдзіСвет“». З кароткага сьпісу прэтэндэнтаў, абраных рэдакцыяй часопіса, журы вызначыла імёны найлепшых перакладчыкаў, чые творы зьяўляліся асобнымі кнігамі і часопіснымі публікацыямі ў 2013 годзе. Пачатак а 19.00.

У Беларускім Доме ў Варшаве (вул. Вейска 13-3) адбудзецца, з прысутнасьцю аўтара, прэзэнтацыя новай кнігі Станіслава Шушкевіча, якая мае загаловак «Маё жыцьцё, крах і ўваскрашэньне СССР». Пачатак а 16.00.

30 верасьня — Міжнародны дзень перакладчыка, устаноўлены ў 1991 годзе Міжнароднай фэдэрацыяй перакладчыкаў у дзень сьмерці сьвятога Ераніма, які лічыцца патронам перакладчыкаў. Еранім быў хрысьціянскім сьвятаром і пісьменьнікам, народжаным у Далмацыі. Ягоным найбольшым дасягненьнем лічыцца пераклад Бібліі на лацінскую мову, вядомы як Вульгата.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1938 — падпісана Мюнхэнская дамова, у якой Італія, Вялікабрытанія і Францыя пагадзіліся з анэксіяй Судэцкай вобласьці Чэхаславаччыны Нямеччынай.

У гэты дзень нарадзіліся:

1892 — беларуская пісьменьніца і грамадзкая дзяячка Зоська Верас.

1931 — народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

У гэты дзень памерлі:

1934 — беларускі гісторык і этнограф Мітрафан Доўнар-Запольскі.

1939 — Уладыслаў Сівы-Сівіцкі (псэўданім: Стары Ўлас), паэт, празаік, зьбіральнік беларускага фальклёру.

1992 — беларускі мовазнаўца Мікалай Бірыла.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Магчыма, i гэты мой клiч
Далёка не дойдзе: заглохне
У нетрах муроў-камянiц,
У зарасьлях чортапалоху.

Магчыма... I ўсё-ткi, i ўсё ж:
— Пачуйце! Пачуйце! — гукаю. —
Iмпэрцы прыставiлi нож
Да горла няшчаснага краю!

Пачуйце ж, о дзецi зямлi,
Што ваша павек, i ня дайце,
Ня дайце, каб род наш зьвялi
Антыхрысты i запраданцы!»


Ніл Гілевіч, «Пачуйце»
XS
SM
MD
LG