Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 верасьня Валэнсу спаўняецца 70 гадоў. Пра жыцьцёвы шлях былога прэзыдэнта Польшчы, Нобэлеўскага ляўрэата міру Леха Валэнсы піша аглядальнік Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Лех Валэнса ўваходзіць у лік знакавых дысыдэнтаў, якія дапамаглі паскорыць скон рэжымаў савецкага блёку Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Раніцай 14 жніўня 1980 году Лех Валэнса далучыўся да сваіх калегаў, якія страйкавалі на вэрфі імя Леніна ў Гданьску.

Яны захапілі вэрф, пратэстуючы, сярод іншага, супраць нядаўняга павышэньня цэнаў на харчы.

Праз 17 дзён Валэнса ўрачыста прамаўляў перад працоўнымі: «У нас ёсьць незалежны, самакіраваны прафсаюз! У нас ёсьць права на забастоўку!»

Вусаты, каржакаваты лідэр выгаварыў ад камуністычнага ўраду Польшчы права на свабоду арганізацыяў і права на страйкі — тое, чаго рабочыя ня мелі ў ніводнай краіне Варшаўскай дамовы.

Валэнса прычыніўся і да стварэньня «Салідарнасьці», першага незалежнага прафсаюзу ў краінах савецкага блёку. На працягу некалькіх месяцаў у саюз увайшлі 10 мільёнаў чалавек — больш за чвэрць тагачаснага насельніцтва Польшчы.

Абвешчаны на Захадзе барацьбітом за правы і свабоды, у Польшчы Валэнса застаецца фігурай супярэчлівай
Так электрык без вышэйшай адукацыі распачаў адзін з ключавых працэсаў, якія прывялі пазьней да падзеньня камуністычных рэжымаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Абвешчаны на Захадзе барацьбітом за правы і свабоды, у Польшчы Валэнса застаецца фігурай супярэчлівай. Ягоны стыль кіраваньня тут крытыкавалі, ён мусіў адбівацца ад абвінавачаньняў у супрацоўніцтве з былымі камуністычнымі ўладамі.

Валэнса нарадзіўся ў 1943 годзе ў невялікай вёсцы Папова паміж Варшавай і Гданьскам. На Гданьскую вэрф ён прыйшоў у 1967 годзе. Ужо налета заклікаў калегаў байкатаваць афіцыйныя мітынгі, якія склікаліся, каб асудзіць студэнцкія страйкі.

У 1970 годзе Валэнса стаў адным з арганізатараў незаконага страйку на вэрфі. Той страйк скончыўся паразай і сьмерцю 30 рабочых. Але Валэнсу гэта не спыніла.

На працягу 70-х гадоў ён удзельнічаў у працы падпольных аб’яднаньняў, у розных страйках і кампаніях. Сакрэтная паліцыя няспынна сачыла за Валэнсам.

У 1976 годзе ён страціў працу на вэрфі.

На наступны год пасьля заснаваньня «Салідарнасьці», у 1981-м, у Польшчы абвясьцілі ваеннае становішча. Валэнса на 11 месяцаў апынуўся ў турме, бо «Салідарнасьць» забаранілі.

За Валэнсу заступаліся заходнія ўрады і каталіцкая царква на чале зь Янам Паўлам II.

Пазьней Валэнса стаў «Чалавекам году» паводле часопіса «Time». А ў 1983 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.

У прэзыдэнцкай кампаніі ён удзельнічаў пад лёзунгам: «Не хачу, але мушу». І здабыў пераканаўчую перамогу.
У 1989-м у выніку перамоваў за Круглым сталом Валэнсу ўдалося дамагчыся ад камуністычнага ўраду легалізацыі незалежных прафсаюзаў і падпісаньня 400-старонкавай дамовы пра радыкальныя палітычныя і эканамічныя рэформы.

У 1990-м, расчараваўшыся ў дэпутатах парлямэнту, якія былі ня супраць камуністаў ва ўладзе, Валэнса вырашыў балятавацца на адноўленую ў 1990 годзе пасаду прэзыдэнта.

У кампаніі ён удзельнічаў пад лёзунгам: «Не хачу, але мушу». І здабыў пераканаўчую перамогу.

За гады прэзыдэнцтва Валэнсу ўдалося дамовіцца пра вывад савецкіх войскаў з краіны, дамагчыся істотнага скарачэньня вонкавага доўгу Польшчы і зрабіць першыя крокі да інтэграцыі Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз і НАТО.

Аднак ягонае прэзыдэнцтва мела і горшы бок — няспынныя спрэчкі з былымі хаўрусьнікамі па «Салідарнасьці» вялі да бясконцых перастановак ва ўрадзе.

Валэнса зноў балятаваўся на прэзыдэнта ў 1995 годзе, але прайграў. Паспрабаваўшы яшчэ раз у 2000-м, ён сабраў 1% галасоў выбарцаў.

У 2011 годзе прызнаўся, што размаўляў з таемнай паліцыяй, хоць і дадаў: «Ні на хвіліну я ня быў на іншым баку».
Цяпер былы польскі прэзыдэнт чытае лекцыі ў розных унівэрсытэтах і арганізацыях, пераважна за мяжой, дзе ягоная рэпутацыя барацьбіта за свабоду застаецца непахіснай.

Абвінавачваньні, што ў 1970-х ён быў інфарматарам таемнай паліцыі, перасьледавалі Валэнсу цягам гадоў. Ён заўсёды адмаўляў сваю віну, але ў 2011 годзе прызнаўся газэце «The Guardian», што размаўляў з таемнай паліцыяй, хоць і дадаў: «Ні на хвіліну я ня быў на іншым баку».

«Калі б хто-небудзь сказаў мне тады, што я дажыву да часу, калі ня будзе ніякага камунізму і ніякіх Саветаў у Польшчы, што Польшча будзе сувэрэннай і незалежнай, я б не паверыў, што мы гэтага даб’емся», — заявіў Валэнса ў 2010-м, калі сьвяткавалася 30-годзьдзе ўтварэньня «Салідарнасьці».

У нашыя дні мясьціны, зьвязаныя з Валэнсам і «Салідарнасьцю», сталі турыстычнымі. Госьці прыяжджаюць у Гданьск у тым ліку і праз аэрапорт імя Леха Валэнсы.

Колішні Валэнсаў цэх стаіць, дзе і стаяў. Аднак цяпер вакол яго ўсё больш новых офісных, гандлёвых і жылых будынкаў, якія памалу выцясьняюць памяткі пра гул кранаў і пратэсты працоўных.
XS
SM
MD
LG