Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень турызму аднаўляюцца чартэры ў Эгіпет


Мінулым летам праз забурэньні ў Эгіпце аматары адпачынку на Чырвоным моры былі вымушаныя ці адмовіцца ад туру, што прывяло да падзеньня продажаў у турфірмах, ці накіравацца ў Турэччыну альбо Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

А тым часам над тымі турыстамі, хто прызвычаіўся сам плянаваць паездкі, павісла пагроза выязной пошліны ў 100 даляраў. Сёньня, у Міжнародны дзень турызму, мы высьвятлялі, якая цяпер сытуацыя ў турыстычнай сфэры ў Беларусі.

У Беларусі прамых забаронаў езьдзіць у Эгіпет няма. Аднак Міністэрства замежных спраў і Міністэрства спорту і турызму Беларусі ў сувязі з падзеямі ў паўночнай Афрыцы не рэкамэндавалі турфірмам арганізоўваць паездкі ў гэты рэгіён.

Мэнэджэр турыстычнай фірмы «Тэз тур» Валерыя Жукава кажа, што некалькі месяцаў, на працягу якіх былі адмененыя палёты зь Менску ў Эгіпет, ахвотныя, якіх, дарэчы, было няшмат, маглі выехаць туды толькі праз Кіеў і Маскву. Цяпер, у сувязі з усталяваньнем спакойнай сытуацыі на курортах Хургады і Шарм-эль-Шэйху, беларускі бок узнаўляе пералёты.

«Зь сёньняшняга дня „Тэз тур“ узнаўляе палётную праграму зь Менску ў Эгіпет. Мы з 18 кастрычніка ўжо пачынаем лётаць у Эгіпет. Якраз сёньня туры зьявіліся ў продажы. Людзі запытваюцца пра гэты кірунак, ён традыцыйна вельмі папулярны сярод беларусаў. Цяпер на курортах абстаноўка спакойная, таму можна ляцець. Тым больш, што ўжо ўвогуле сытуацыя ў краіне стала цішэйшая, калі параўнаць зь сярэдзінай лета».

Кошты на адпачынак у Эгіпце традыцыйна невысокія. Два чалавекі за тыдзень адпачынку ў 4-зоркавым гатэлі па сыстэме «ўсё ўключана» заплоцяць 1400 даляраў.

Тыя, хто не паехаў у Эгіпет, у большасьці падаліся па загар у Турэччыну. Як кажа Валерыя Жукава, гэта таксама адзін з тых папулярных і недарагіх варыянтаў, дзе не патрабуецца загадзя рабіць візу:

«У Эгіпце ставяць візу ў аэрапорце за 15 даляраў, у Турэччыне — за 20. Вядома, гэта больш зручны варыянт, чым шэнгенская віза, якая і каштуе нашмат больш, і мае складаную працэдуру атрыманьня».

У турагенцтве «Горящие туры» кажуць, што калі будуць ахвотныя, то тур у Эгіпет яны могуць замовіць з вылетам праз Маскву ці Кіеў. Аднак мэнэджэр Вераніка Куляшова наракае, што колькасьць ахвотных адпачыць у Эгіпце ўпала з прычыны нестабільнай сытуацыі ў рэгіёне:

«Едуць у Турэччыну. Таксама прапаноўваем Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Шры-Ланку, экзатычныя выспы. Аднак там ужо іншая цэнавая катэгорыя. Таму ня ўсе могуць сабе дазволіць. Увогуле сытуацыя ў Эгіпце паўплывала на колькасьць продажаў пуцёвак нашага турагенцтва. І, думаю, ня толькі нашага. Спадзяюся, што ўсё вернецца на ранейшы ўзровень».

Супрацоўнікі турыстычных агенцтваў лічаць, што турыстаў, якія набываюць у іх пуцёўкі, выязная пошліна ў 100 даляраў не закране. Відавочна, кажуць яны, што такія людзі едуць адпачываць, а не па тавары.

Аднак дырэктар турыстычнага прадпрыемства «Зялёная каманда» Васіль Грынь не перакананы, што ўсе, хто выяжджае за мяжу з мэтай турызму, ня трапяць у лік тых, з каго запатрабуюць выязную пошліну:
Я не ўяўляю, як можна аддзяліць турыстаў-адзіночак ад людзей, якія выяжджаюць зь іншымі мэтамі

«Я не ўяўляю, як можна аддзяліць турыстаў-адзіночак ад людзей, якія выяжджаюць зь іншымі мэтамі. Таму трэба альбо на ўсіх накладаць пошліну, альбо не накладаць на нікога. Таму што жаданьне людзей увозіць рэчы з-за мяжы рэанімуе такія фірмы-паразіты, якія за 20–30 даляраў будуць выпісваць якія-небудзь фальшывыя ваўчары-пасьведчаньні пра тое, што чалавек едзе як турыст».

Старшыня Беларускага рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмэйстар кажа, што заявы пра выязную пошліну абгрунтаваныя, але заканадаўчы акт, які замацуе рашэньне пра выязную пошліну, павінен быць памяркоўны:

«Зьяўленьне ідэі пра такія пошліны зьвязанае з тым, што ёсьць грамадзяне, якія аж 700 разоў на год перасякаюць мяжу. Гэта выходзіць амаль 2 разы на дзень. Цяпер гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца, і дагэтуль невядома, ці атрымаў нехта даручэньне распрацоўваць рашэньне. Мы, з аднаго боку, чакаем гэтага рашэньня, каб даведацца, як яно будзе распрацавана. Бо трэба разумець, што гэта павінна быць узгоднена зь іншымі чальцамі Мытнага зьвязу, а таксама не павінна супярэчыць праву чалавека на падарожжы. Але калі гаварыць пра турфірмы, то гэта не павінна тычыцца турыстаў. У асноўным гэта будзе тычыцца шопінгу, нелегалаў. Даводзіць, што я турыст і ў мяне з сабой традыцыйныя тры літры віна, ніхто не павінен».
XS
SM
MD
LG