Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уся Горадня была ў напружаньні: на дарогах абмежаваньні руху, у Гожы за кожнай елкай нехта дзяжурыў. На палігоне людзей трымалі пад ружжом з пачатку верасьня. А Пуцін з Лукашэнкам прыляцелі, паглядзелі ў біноклі і адляцелі. На каналах БТ нечакана сьціплыя кароткія рэпартажы: зь вялікай бучы дробны пажытак. А што паказваць? «Тэрарысты» прыехалі «з-за мяжы» на джыпах, каб захапіць тры фанэрныя «дачныя дамкі», а тут на іх рашуча кінулася «непераможная і легендарная».

Адным словам, мэта дасягнутая: «братэрства па зброі» ўмацаванае пад Гожай. Форма ж аднолькавая, зброя тым больш, ня кажучы пра мову расейскую. Але цікава, што расейцы і беларусы прысягаюць крыху па-рознаму. Расеец клянецца «мужна абараняць свабоду, незалежнасьць і канстытуцыйны лад Расеі, народ і Айчыну». А беларус – «абараняць незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць і канстытуцыйны лад». Пра свабоду – ні мур-мур. У Расеі прысягу мянялі, але ельцынская фармулёўка наконт яе, свабоды, захавалася.

Прысягу складаюць, вядома, зусім ня ўладзе, не прэзыдэнту ці гэнсеку. І нават не галоўнакамандуючаму. Яе складаюць, напрыклад, на вернасьць Радзіме, як у Расеі. А ў сучаснай Беларусі, ні многа ні мала, самому народу. Масе людзей у пэўных межах, на тэрыторыі, абгароджанай, скажам, калючым дротам. Якіх можна ахапіць зрокам адно ў думках. Складаюць не ваеначальнікам, не генштабу, скажам, а людзям у пінжаках і працоўных робах – сталяварам, вучоным, чыгуначнікам, пастухам, прадаўцам. Такі моўны выкрут.

Калі трапляеш сёньня ў вайсковыя памяшканьні, у вочы лезуць ранейшыя зоркі, але безь сярпоў-молатаў, і, куды ж безь яе, суцэльная расейская мова. Беларускай, праўда, далі «покуць» – тэкст гімна. Шэсьць строфаў, цэлых 24 радкі. Прысяга побач выглядае абцінкам: разьвярстаныя вузкім слупком два яе сказы займаюць толькі 14 радкоў. Амаль раўназначна: выгукнуць два-тры разы запар «Вялікага-прэвялікага Здравія жалаю вам, таварыш наш генэрал-маёр!» напрыклад. У савецкай сказаў было чатыры.

А савецкая прысяга беларускага «партызана» была нават шматслоўнай.

Пачыналася, канечне, так: «Я, грамадзянін Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, верны сын гераічнага беларускага народу». Прысяга называлася «сьвяшчэннай клятвай», якую ты «замацоўваў уласнаручным подпісам». Кляліся ў той час і жаўнеры БКА, успамінаючы па чарзе «ўсемагутнага Бога», жаўнерскі гонар і беларускі народ.

Па-свойму адметнай была савецкая прысяга. Спачатку малады салдат, той жа беларус у прыватнасьці, кляўся «добрасумленна вывучаць вайсковую справу», затым – «усямерна берагчы вайсковую і народную маёмасьць» і толькі потым «быць адданым свайму Народу, сваёй Савецкай Радзіме і Савецкаму Ўраду», «да апошняга ўздыху», само сабой. Карацей, салдат павінен быў дбаць пра свой «калах», а пра ўсё астатняе – потым. Калі атрымаецца.

Дарэчы, хто з рэзэрвістаў з Горадні або Шчучына не прымаў раней прысягу беларускую, на гэтых манэўрах прынялі. Але прысяга пакуль – ня здача адбіткаў пальцаў. Указу няма «аб пагалоўнасьці», ніхто не прымусіць. Я маю прыклад, як адзін былы танкіст адмовіўся ісьці ў «партызаны». «Я вашай прысягі не прымаў, прыму, калі назад рыцара вернеце. А значыць ніколі. Усё. Да пабачэньня!» І што вы думаеце? Ад яго адчапіліся!

У вайсковых памяшканьнях цяпер цытаты ня зь Леніна («Учиться военному делу – настоящим образом!») і не зь міністра абароны Усьцінава або Язава.
Не! Вялікімі літарамі: «Наша Армия готова выполнить любую боевую задачу, которую поставит перед ней народ», подпіс – Аляксандар Лукашэнка. (Як жа ж – народу прысягае, ці забыліся?)

Сэнтэнцыя? Прыгожая звонку, але няўцямная «цукерка»? Бо якія-такія баявыя задачы ў галаве ў народа? Хто ў курсе дзела? Максымум думка пра газэтную «бітву за ўраджай». Але ж мова не пра камбайны, пра танкі! Хаця ў нас галоўнакамандуючы аднолькава камандуе і танкамі, і камбайнамі. І Белазамі, і асфальтнымі каткамі, уласна кажучы, таксама.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG