Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Studio Total падпісала сабе нэкралёг


Тумас Мазэці Ганна Фрэй

Тумас Мазэці Ганна Фрэй

Тумас Мазэці, прадстаўнік швэдзкай рэклямнай кампаніі Studio Total, паведаміў у адмысловым прэс-рэлізе, што ягоная кампанія самаліквідуецца.

Вось пераклад гэтага прэс-рэлізу:

«Што могуць два неадукаваныя, бедныя бадзягі зрабіць у сьвеце рэклямы? Мы вырашылі знайсьці адказ на гэтае пытаньне. Мы прысьвяцілі пяць гадоў гэтаму нашаму малому экспэрымэнту.

Гэта былі безумоўна найлепшыя пяць гадоў нашага жыцьця. Мы зараблялі грошы, мы атрымоўвалі ўзнагароды. Мы сустракаліся з рок-зоркамі, прэм’ер-міністрамі і тымі, што стануць прэм’ер-міністрамі. Мы разьбівалі маторныя лодкі аб сапраўды цьвёрдыя скалы і лёталі самалётамі на ніжэйшых вышынях, чым гэта робіць большасьць людзей. На нас палявала КДБ. Мы здабылі сапраўдных паклоньніц. Мы выстаўлялі сябе на пасьмешышча так, як да Studio Total ніхто ня мог і марыць. Прыклад: наш жывы выступ на канале CNN перад аўдыторыяй 80 мільёнаў чалавек.

Ну, так. Мы палілі грошы, але нам заўсёды ўдавалася зарабіць крыху больш (некаторыя інвэстыцыі акупіліся.) Мы раздражнялі шмат каго і дамагліся любові ад вельмі, вельмі нямногіх. (Што ж, з гледзішча статыстыкі хтосьці павінен быў нас і палюбіць, праўда?) Мы шмат чаму навучыліся, а яшчэ болей забыліся.

Наш час скончыўся. Ці мы чагосьці дасягнулі? Гэта складанае пытаньне, як мог бы сказаць Бог. Але ніхто, НІХТО ня можа сказаць нам, што мы не спрабавалі чагосьці дасягнуць.

Калі хочаце напісаць нешта на нашай магіле, зрабіце гэта тут.

Hasta Siempre/Studio Total

П.С. Як мінімум, наш экспэрымэнт паказаў, што і без адукацыі можна здабываць маркетынгавыя ўзнагароды.»

Studio Total стала вядомым сваімі неардынарнымі піяр-акцыямі ў Швэцыі прыблізна восем гадоў таму. Сусьветную вядомасьць ім прынесла палітычная акцыя ў Беларусі 4 ліпеня 2012 году, калі згаданы Тумас Мазэці разам са сваёй будучай жонкай Ганнай Лінай Фрэй высадзілі ў Беларусі «мядзьведжы дэсант» — з аднаматорнага драўлянага самалёта скінулі над Івянцом і над ўскраінай Менску больш за 800 плюшавых мядзьведзікаў з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Згаданы самалёт быў нядаўна прададзены на віртуальным аўкцыёне за 11700 амэрыканскіх даляраў.
XS
SM
MD
LG