Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўнік, які спыніў ядзерную вайну


Падпалкоўнік ў адстаўцы Станіслаў Пятроў
Падпалкоўнік ў адстаўцы Станіслаў Пятроў

26 верасьня 1983 году падпалкоўнік Станіслаў Пятроў быў на дзяжурстве ў бункеры каля Масквы, адкуль кантралявалася савецкая спадарожнікавая сыстэма раньняга апавяшчэньня «Око». У хуткім часе пасьля поўначы сыстэма спрацавала.

Спадарожнік паказваў, што Злучаныя Штаты запусьцілі у кірунку Савецкага Саюзу пяць балістычных ракетаў. Як пазьней Пятроў расказваў Бі-бі-сі, «раптам экран перада мной зрабіўся ярка-чырвоны. Гук быў пранізьлівы, настолькі гучны, што і мёртвы б падняўся з магілы».

Некалькі тыдняў раней, 1 верасьня, савецкія войскі памылкова зьбілі паўднёвакарэйскі пасажырскі самалёт, які яны прынялі за ваенны. Загінулі 269 цывільных жыхароў, у тым ліку амэрыканскі кангрэсмэн. Напружаньне ў амэрыканска-савецкіх адносінах было вялікім, і таму Пятрову было проста паверыць сыстэме апавяшчэньня.

Падпалкоўнік Пятроў меў загад перадаць апавяшчэньне начальству, якое мела б прыняць рашэньне аб удары ў адказ, што імаверна прывяло б да поўнамаштабнай ядзернай вайны.

Але ён гэтага не зрабіў. Пазьней ён патлумачыў, што яму падалося дзіўным, што ЗША быццам бы нанесьлі ядзерны ўдар толькі пяцьцю ракетамі. Акрамя таго, ён не давяраў толькі нядаўна ўсталяванай сыстэме вызначэньня запуску, а наземныя радары нават празь некалькі хвілінаў не пацьвярджалі запуску.

Пазьней высьветлілася, што праблема была ў спадарожніку, які прыняў за запуск ракетаў адлюстраваньне сонца на паверхні аблакоў. Кампутарная праграма, якая мела б адфільтроўваць такую інфармацыю, не спрацавала.

Пасьля праверкі Пятрова спачатку пахвалілі за ягонае рашэньне. Ён кажа, што яму нават абяцалі ўзнагароду, але не ўзнагародзілі. Пазьней яму зрабілі вымову за кепскую справаздачнасьць і перавялі ў іншае месца. Сам ён кажа, што несапраўдная трывога і памылкі, знойдзеныя ў сыстэме раньняга апавяшчэньня, падарвалі рэпутацыю некаторых генэралаў і навукоўцаў.

У 2006 годзе Пятроў прыехаў у Нью-Ёрк, каб атрымаць у ААН узнагароду ад Асацыяцыі грамадзян сьвету за «ролю, адыграную ў прадухіленьні катастрофы». У адмысловай заяве прадстаўнікі Расеі ў ААН падкрэсьлілі, што адна асоба не магла пачаць ці прадухіліць ядзерную вайну.

Але чуваць было і галасы тых, хто казаў, што пад кіраўніцтвам Юрыя Андропава Крэмль быў апантаны боязьзю нечаканага ядзернага ўдару ЗША. «Небясьпека была ў мысьленьні саввецкага кіраўніцтва, "Амэрыканцы могуць напасьці, таму лепей напасьці першымі,» — патлумачыў газэце The Baltimore Sun у 2003 годзе былы высокапастаўлены супрацоўнік КГБ Алег Калугін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG