Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка: моўная сытуацыя ў Беларусі лёгка абарачальная

абноўлена

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Сёньня адзначаецца Эўрапейскі дзень моваў. Ён быў абвешчаны Радай Эўропы і падтрыманы Эўрапейскім Зьвязам у 2001 годзе ў часе Эўрапейскага году моваў.

Асноўная мэта дня – заахвочаньне вывучэньня і засваеньне розных моваў як у школах, так і па-за іх межамі на працягу ўсяго жыцьця чалавека. Пра стан і пэрспэктывы роднай мовы беларусаў і пра моўную сытуацыю ў краіне – гутарка зь вядомым мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам.

Наўпроставы лінк


— Вось прыйшла навіна, што ўсе абвесткі ў мэтро, у тым ліку і сацыяльная рэкляма, пераведзеныя на беларускую мову. Пра гэта дбалі людзі. Яны зьвярталіся да кіраўніцтва менскага мэтрапалітэну. А я вось на мінулым тыдні бачыў, як прыгожа на мапах у менскім мэтро выглядаюць надпісы на лацінцы. Разам з тым у Магілёве так і не знайшлося ахвочых вучыцца па-беларуску. І Ялінка Салаўёва застаецца там адзінаю беларускамоўнаю вучаніцаю. Таму пачну з такога пытаньня да вас: вы ў моўным пытаньні аптыміст ці пэсыміст?

— Калі мець на ўвазе вяртаньне беларускай мове функцыянальнасьці, вяртаньня пэрспэктывы гістарычнай, вяртаньне дзяржаўнага статусу, то, вядома, аптыміст. Іншыя мовы бывалі ў цяжэйшых варунках, але знаходзілі патэнцыял, знаходзілі сілы, спосабы і сродкі вярнуцца ў вусны свайго народу. Вернецца і беларуская.

— У міжнароднай клясыфікацыі ЮНЭСКА беларуская знаходзіцца ў групе моваў, над якімі існуе патэнцыйная пагроза зьнікненьня. Побач з гэтай групай — «пад пагрозай зьнікненьня» і «нармалёвы стан мовы». Дык, на вашую думку, гэтая клясыфікацыя дакладная? Беларуская мова сапраўды знаходзіцца пад патэнцыйнай пагрозай зьнікненьня сёньня?

— Яна знаходзіцца ў небясьпечным стане толькі і выключна праз палітыку цяперашняй улады. Вось у мяне перад вачыма выніку двух перапісаў — 1999 і 2009 гадоў. У 99-м 73,3% называлі роднай беларускую мову. А ў 99-м, праз 10 гадоў, толькі 53%. Гэта значыць на 20% стала меней людзей, якія лічаць беларускую мову роднай. Я вам скажу, што так не бывае ў рэальнасьці! За 10 гадоў моўныя паводзіны вялікіх масаў людзей могуць мяняцца ў межах 2–5%. Скажам, колькасьць носьбітаў валійскай мовы ва Ўэльсе вырасла за такі самы час на 3%.

А нашыя лічбы сьведчаць, што людзі проста адаптаваліся да ўладнай моўнай палітыкі ў агрэсіўным антыбеларускім кірунку. Таму прычыны тут выключна палітычныя, а не функцыянальныя. Ня ўяўная слабасьць ці беднасьць беларускай мовы, ці яе няздольнасьць абслугоўваць новыя сфэры бытаваньня — інтэрнэт, электронную камунікацыю і г.д.

— Такім чынам можна сказаць, што тыя праблемы, якія існуюць сёньня зь беларускай мовай, — яны маюць не культурныя альбо сацыяльныя прычыны, а палітычныя?

— Так, бясспрэчна, палітычныя прычыны. Ну, зрэшты, гэта не беларускі фэномэн. Гэта бяда і праблема многіх моваў, носьбіты якіх мелі няшчасьце быць уціснутыя вялікім суседам, альбо жыхароў таталітарных шматнацыянальных краінаў. Унікальнасьць нашая хіба толькі ў тым, што ёсьць дзяржава, якая называецца Рэспубліка Беларусь, і гэта, здаецца, адзіная на ўсёй пасьлякамуністычнай прасторы дзяржава, дзе маргіналізуецца і перасьледуецца родная мова і нацыянальная культура, гістарычная памяць. Іншых такіх прыкладаў я проста не магу прывесьці.

Якія б ні былі аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы Цэнтральнай Азіі ці іншых пасьлясавецкіх краінаў, усе яны ня толькі не ўціскаюць, але, як скажам, Казахстан, паціху, спакваля вяртаюць пазыцыі сваіх нацыянальных моваў.

— Расейскія нацыяналісты з сайтаў «Імпэрыя», «Западная Русь» альбо «Рэгнум» увесь час б’юць трывогу з нагоды нібыта мяккай беларусізацыі Беларусі. Як прыклады яны прыводзяць такі факт, як нядаўняе рашэньне ў справе чыноўніка, які не захацеў адказаць кліенту па-беларуску, ці то праграму адбудовы беларускіх замкаў. На вашую думку, ці сапраўды нешта такое адбываецца? Ці ёсьць у імпэрцаў сапраўды падстава біць у званы?

— Я думаю, што ў гэтых колах, якія і зьяўляюцца той самай пятай калёнай пуцінскай палітыкі аднаўленьня імпэрскага ўплыву Расеі, была надзея, што дзе-дзе, а ў Беларусі ня будзе праблемаў зь яе рэінтэграцыяй у расейскае моўнае, а тым самым мэнтальна-цывілізацыйнае поле. Аказваецца, што гэта не атрымліваецца. Гэта ня дзякуючы таму, што ўлада праводзіць мяккую ці супэрмяккую беларусізацыю. А таму, што, аказваецца, ёсьць супраціў матэрыялу, супраціў беларускай нацыі. І ўлада змушаная на гэта нейкім чынам зважаць. Але, папраўдзе кажучы, пра што мы гаворым?
Беларускамоўныя адсякаюцца ад магчымасьці перайсьці са сваёй беларускай мовай на вышэйшы, чым звычайная сярэдняя школа, узровень

Так, у нас ёсьць паўтузіна сярэдніх школаў, дзе выкладаньне адбываецца па-беларуску. Але паспрабуйце (я праз гэта праходжу зараз) уладкаваць дзіцё на падрыхтоўчыя курсы да цэнтралізаванага тэставаньня, альбо на курсы пры факультэтах таго ж БДУ, на якіх адбываецца падрыхтоўка да вышэйшай адукацыі. Беларускамоўным там ня месца. Беларускамоўныя адсякаюцца ад магчымасьці перайсьці са сваёй беларускай мовай на вышэйшы, чым звычайная сярэдняя школа, узровень. Нас такім чынам сацыяльна маргіналізуюць. Гэта ёсьць дзяржаўная палітыка.

— У гэтай сувязі ў мяне да вас пытаньне: наколькі лёгкаабарачальная моўная сытуацыя ў Беларусі? Ці лёгка, на вашую думку пры іншай уладзе, будзе вярнуць беларускую мову ў грамадзкі ўжытак? Ці ня пройдзены ўжо нейкі рубікон? Вы чалавек, які жыве ў Беларусі і які вандруе па Беларусі. Як людзі ставяцца да гэтай моўнай тэмы?

— У Беларусі я камунікую — гэта значыць пішу, размаўляю, зьвяртаюся і адказваю — толькі па-беларуску. Без выняткаў.

Скажу, што ў бальшыні выпадкаў рэакцыя цалкам станоўчая, сарамліва станоўчая, энэргічна-аптымістычная. Пару разоў у мяне грошай ня бралі ў маршрутцы за беларускую мову. Аднойчы добрую зьніжку далі на пральную машыну, якую я купляў праз інтэрнэт. Так што гэта прыносіць нават матэрыяльныя даброты.

Агрэсіўная антыпатыя бывае. Праўда, часам гэта зьвязанае з тым, што гэта прыежджыя людзі з па-за нашых межаў, і яны лічаць, што не абавязаныя прынамсі разумець беларускую мову.

Але як толькі пачынаюцца ўзаемадачыненьні зь дзяржаўнымі ўстановамі, скажам, натарыяльнымі канторамі, вось тут і выяўляецца ўся антыбеларускамоўная палітыка дзяржавы. Гэта значыць, што людзі ставяцца станоўча, а дзяржава — адмоўна і нават варожа.

Наконт абарачальнасьці. Абсалютна ўсё магчыма, пагатоў у нашым інфарматызаваным сьвеце зь сецівам, якое пакрывае фактычна ўсю прастору. Цяпер Беларусь — моцна інтэрнэтызаваная краіна.

Ня буду прыводзіць хрэстаматыйны прыклад іўрыту, адроджанага праз пару тысячаў гадоў з ініцыятывы аднаго энтузіяста і ягонай сям’і, нашага земляка. Скажу пра менш знаны ў нас прыклад валійскай мовы. Уэльс — гэта краіна, якая калісьці першая была захопленая Англіяй, першая стала складовай часткай Вялікай Брытаніі.

У 20–30-я гады думалі, што мова ня выжыве. Там вугальная індустрыя, капальні, наплыў народу, як той казаў — «панаехалі». Здавалася, што неўзабаве распусьціцца гэты народ у ангельскім моры. А ангельская мова — гэта вам не расейская. Гэта глябальная міжнародная, вельмі моцная мова, падмацаваная тагачасным імпэрскім імпульсам.

Тым ня менш у 91-м годзе 18,7% валійцаў гаварылі па-валійску. А ў 2001-м — 20,8%. Павольны, але рост.

Праўда, ім давялося прайсьці і праз моўныя страйкі, і праз галадоўкі, і праз пасадку ў турму за запаўненьне падатковых дэклярацыяў па-валійску.
Ім давялося прайсьці і праз моўныя страйкі, і праз галадоўкі, і праз пасадку ў турму за запаўненьне падатковых дэклярацыяў па-валійску

Але, пачаўшы зь дзіцячых садкоў, з стварэньня моды, разьвярнулі няўмольную хаду моўнай гісторыі.

— Нядаўна на нашым сайце быў матэрыял, дзе вядомы выдавец Анатоль Тарас казаў, што беларускую мову, каб ён быў кіраўніком дзяржавы, ён увёў бы загадам у адзін дзень. Напрыклад, з 1 студзеня чарговага году. Я разумею, што гэта радыкалізм, але, на вашую думку, колькі гадоў мог бы заняць працэс вяртаньня беларускай мовы ў грамадзкі ўжытак?

— Думаю, што сацыялінгвістычныя пазнаньні спадара Тараса невялікія. Інакш бы ён не заяўляў, што 98% беларусаў гавораць і думаюць па-расейску. Значыць, нібыта 2% па-беларуску. Але нават паводле афіцыйнага перапісу 2009-га гэта 30%. Але нават паводле афіцыйнага перапісу 2009-га гэта 30%. А мы ж яшчэ ня мераем, так, як, дарэчы, мераюць у краінах з моўнымі праблемамі, ступені пасіўнага валоданьня — гэта значыць здольнасьць чытаць, цытаваць, гаварыць зьмяшанай мовай.

Я мяркую, вельмі правільна ўсё рабілася на пачатку 90-х — тады, калі рэальна дзейнічаў Закон аб мовах, калі рэальна будавалася беларуская дзяржава: спакваля, у розных сфэрах розныя адрэзкі часу адводзіліся на ўкараненьне беларускай мовы як практычнага сродку кантактаваньня, вядзеньня дакумэнтацыі і гэтай далей. А ў сфэры адукацыі ўсё пачыналася зь дзіцячага садку і зь першых клясаў. І абсалютна масавым настроем бацькоў тады быў такі: «Ну, я сам/сама ня ведаю, альбо кепска ведаю, дык няхай жа малыя пачынаюць вучыць, і паступова ўсё адновіцца».

На жаль, пасьля прыйшла брутальная русыфікацыя, ужытая выключна дзеля палітыканскіх мэтаў.

Але ўсё гэта магчыма паўтарыць.

— Эўрапейскі дзень моваў уводзіўся для напаміну, што чалавек за час свайго жыцьця павінен авалодаць некалькімі мовамі. Вы — аўтар «Граматыкі літоўскай мовы», якая нядаўна выйшла ў Менску. Што вы можаце сказаць пра ўзровень вывучэньня замежных моваў у Беларусі, найперш суседзкіх?

— Сёньняшні Эўрапейскі дзень моваў — гэта дзень разнастайнасьці. І мне здаецца, што ягоны пасыл адрасуецца носьбітам гэтай званых вялікіх моваў (вялікіх у сэнсе колькасьці носьбітаў, міжнароднага статусу). Бо вельмі часта так аказваецца, што носьбіт расейскай мовы чамусьці перакананы, што яго па ўсёй пасьлясавецкай прасторы ад Душанбэ і Тбілісі да Вільні павінныя разумець.

Зрэшты, гэта ня чыста расейская бяда. Ангельскамоўны калі бачыць, што яго не разумеюць, пачынае гаварыць гучней і нават крычаць. Пэўна, лічачы, што суразмоўца глухаваты.

Што да жыхароў краінаў з праблемнай моўнай сытуацыяй — то ў Беларусі заўсёды была моўная разнастайнасьць і чалавек быў гатовы ўшанаваць і зразумець носьбіта іншай мовы: украінскай, польскай, літоўскай, расейскай, ідышу, цыганскай. Вось такая наладжанасьць вуха на ўсясьветную паліфанію — гэта вялікі наш капітал. Нам, беларусам, вельмі частка не патрэбны перакладнік, нават калі мы адмыслова не вывучалі тыя мовы, з польскай, украінскай, славацкай і нават чэскай. У расейцаў зусім ня так.

Што да вывучэньня моваў у дзяржаўных адукацыйных установах, тут ёсьць вялізарная праблема і бяда.
З расейскай мовай няма чаго рабіць на захад і поўнач ад нашых межаў

Рэальны ключык у сьвет сёньня дае мова ангельская, а ні ў якім разе не расейская. Давайце ня слухаць байкі нашых усходніх суседзяў… Гэтая мова займае далёка ня першае месца ў сьвеце, і зь ёю няма чаго рабіць на захад і поўнач ад нашых межаў.

Таму вучыць трэба ангельскую. Але, паводле таго ж самага апошняга перапісу, толькі 450 тысячаў беларусаў валодае ангельскай. І тое — гэта яшчэ трэба спраўдзіць, у якой ступені. Гэта значыць 5–7% насельніцтва.

А, скажам, у Грузіі некалькі гадоў таму было прынятае рашэньне, што ва ўсіх школах на вельмі высокім роўні вывучаецца ангельская. Былі запрошаныя 10 тысячаў валянтэраў з краінаў-носьбітаў з пэдагагічнай адукацыяй. Яны за сьціплы заробак, але кіруючыся пэўнай місіяй, гэтых грузінскіх школьнікаў вучылі.

Я летась быў у Грузіі і пераканаўся, што старэйшыя школьнікі практычна ўсе валодаюць ангельскай мовай.

Вось такога прарыву ў нас няма. Замест гэтага некалькі сотняў школьнікаў — і гэтым выхваляюцца — вывучаюць кітайскую, якая ў нашым цывілізацыйным полі абсалютна нічога не дае. А тыя кітайцы, што хочуць рабіць бізнэс у Эўропе, вывучаюць мясцовыя мовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG