Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучаніца з Гомеля вярнула знойдзены кашалёк з 500 далярамі


Гомельская пяціклясьніца Ліза Качура знайшла ў маршрутцы кашалёк з 500 далярамі і вярнула яго ўладальніцы, студэнтцы зь Нігерыі.

Як паведамляе «Комсомольская правда», у кашальку, акрамя грошай, было пасьведчаньне аб навучаньні нігерыйкі ў Гомельскім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце і іншыя дакумэнты. Дзяўчына выявіла прапажу кашалька, вярнуўшыся пад вечар з заняткаў у інтэрнат.

«Якое ж было зьдзіўленьне супрацоўнікаў інтэрната і студэнтаў, калі на парозе будынка зьявіліся жанчына са школьніцай-дачкой, і ў прысутнасьці выхавацеля, дзяжурнага вахцёра і іншых студэнтаў-замежнікаў вярнулі ўсё нігерыйскай студэнтцы», — сказаў газэце прэс-сакратар унівэрсытэту Сяргей Дзіндзікаў.

1 кастрычніка ў Гомельскім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце нігерыйскія студэнты, якіх там каля 50, зладзяць вечарыну, прысьвечаную Дню незалежнасьці Рэспублікі Нігерыя. Кульмінацыяй вечарыны мае быць падзяка студэнткі-нігерыйкі беларускай пяціклясьніцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG