Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вы зрабілі б з кашальком з грашыма, калі б знайшлі яго на вуліцы? Забралі б грошы сабе ці пастараліся б знайсьці ўладальніка кашалька і аддаць згубленае яму?

Высьветліць пытаньне, дзе жывуць найбольш сумленныя людзі на сьвеце, паспрабавалі журналісты міжнароднага часопіса Reader's Digest, падкідваючы кашалькі з грашыма на вуліцах у 16 гарадах сьвету і назіраючы, што зь імі адбывалася потым.

Экспэрымэнт заключаўся ў тым, што ў кожным з выбраных гарадоў журналісты падкідвалі 12 кашалькоў у парках, на ходніках і каля гандлёвых цэнтраў. У кашальках былі грошы ў мясцовай валюце на суму эквівалентную 50 амэрыканскім далярам ды пэўная колькасьць прыватных фатаграфій з нумарам тэлефону.

Аказалася, што найбольшую колькасьць сумленных людзей маюць Хэльсынкі – там 11 з 12 падкінутых кашалькоў вярнуліся да «ўладальнікаў». 27-гадовы фінскі бізнэсмэн Ласэ Луамакоскі, які вярнуў знойдзены кашалёк, так патлумачыў журналістам гэты вынік:

«Фіны па сваёй прыродзе сумленныя. Мы – невялікая, спакойная, моцна згуртаваная супольнасьць. У нас няшмат карупцыі, і мы нават не праяжджаем на чырвонае сьвятло».

А вось у Лісабоне вярнулі толькі адзін кашалёк. Да таго ж вярнула яго пара мінакоў, якая прыехала ў партугальскую сталіцу зь Нідэрляндаў.

У сярэднім, у згаданым экспэрымэнце людзі вярнулі назад 47% кашалькоў. Кэтрын Гогні, рэдактарка брытанскай вэрсіі Reader's Digest, лічыць, што гэта вельмі добры вынік:

«Калі цяпер такая цяжкая эканамічная сытуацыя ў шмат якіх краінах, дык мне здаецца, што яна павінна мець уплыў і на этычныя каштоўнасьці людзей. Таму нам гэты факт, што так шмат людзей вярнула кашалькі, бачыцца як выдатны вынік».

Што тычыцца Хэльсынкі і Лісабону, дык эканамічнае тлумачэньне вынікаў экспэрымэнту падаецца даволі адэкватным – у Фінляндыі эканоміка расьце, а беспрацоўе знаходзіцца на ўзроўні 7,3%. Эканоміка ў Партугаліі тры апошнія гады падае, а беспрацоўе там – 17,7%.

У Маскве вярнулі сем згубленых кашалькоў. У Варшаве і Лёндане – па пяць.

Гэтае «выпрабаваньне на сумленнасьць» таксама паказала, што ні ўзрост, ні пол не адыгрываюць ніякай ролі ў тым, хто больш сумленны, а хто менш. Усе маладыя людзі ў Нью-Ёрку, якія знайшлі кашалькі, вярнулі іх, а ўсе маладыя людзі ў Празе – пакінулі сабе. А ў Варшаве, напрыклад, усе сем кашалькоў, якія не вярнуліся, былі знойдзены жанчынамі.

Зьвестак пра Беларусь журналісты не падаюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG